Канечне, самае лепшае было б расказаць каму-небудзь, падзяліцца. Але Іван быў вельмі адзінокі. Сяброў не меў. Сёстры цураліся старэйшага брата, ім хапала адна адной. А маці – яна змянілася з таго часу, нібыта і па ёй прайшлася краем тая чорная маланка і абвугліла частку душы. І без таго маўклівая, цяпер яна зусім замкнулася ў сабе. Лагуну было нават крыўдна, што маці стала такой і не заўважае, не хоча бачыць, які гэты Отчык хітры, хлуслівы, небяспечны. Да ўсяго ў ім самім прысутнічаў страх. Калі Отчык сапраўды датычны да бацькавай гібелі, дык і яму, Івану, пагражае небяспека як адзінаму сведку. Таму ён вырашыў пакуль маўчаць і самому ва ўсім разабрацца.
На той час ён ужо вучыўся ў іншай школе, звычайнай, не ў цэнтры, а на другім канцы горада. Пра элітную гімназію, як і пра машыну, якой падвозіў яго бацька, давялося забыць. Отчык ні разу не падвёз яго, шкадаваў бензін і час, не кажучы пра кішэнныя грошы, якіх Іван меў роўна на два талончыкі. Машыну замяніў веласіпед. Іван даязджаў да ўскраіны горада, ставіў яго ў двары, перасядаў на аўтобус да школы, гэтаксама вяртаўся назад. Дарога дамоў, на якой ён адпачываў, стала нібы ўдвая даўжэйшай. Яна няспешна вяла ўздоўж берага возера, таго самага, некалі іхняга, а цяпер чужога. Высокі цупкі бераг. Палянка, парослая мяккай травой, на якой, калі суха, адпачываў, прывыкаў да адзіноты. Глядзеў на водную роўнядзь, такую падманна-ласкавую, ціхамірную. А то, лежачы на спіне ці на жываце, з травінкай у роце – марыў.
Ён і раней любіў гэты занятак. Але тады мары былі беспрадметныя – так, нічога цікавага, хутчэй фантазіі, а не мары: пра вялікі горад, новы айфон, моднае адзенне, дарагую машыну. Ён так і ўяўляў гэта – прыезд на дарагой машыне ў сям’ю, з падарункамі. Каля школы спыніцца. Ранейшыя мары нікуды не зніклі, жаданне разбагацець так і было асноўным, але з’явілася ў іх больш практычнага рэалізму, і яны прынялі накірунак, звязаны з Отчыкам, з жаданнем разблытаць яго цёмныя справы, і тады – помста яму, знішчэнне яго; напрыклад, выкупіць назад зямлю, а Отчыка давесці да галечы, а то і да турмы.
Яшчэ Іван зразумеў, што, каб мары збыліся, яму трэба вывучыцца. Не залежаць ад сям’і. Стаць славутым. Весці лёгкае, паспяховае жыццё. Пажадана нічога не рабіць, а ўсё атрымліваць, – каб грошы капалі самі сабой кожны дзень рэгулярна.
І ўсё гэта ў думках-марах давала яму – кіно. Толькі з ім ён звязваў свой лёс і будучы поспех. Кажуць жа людзі, аднакласнікі, настаўнікі, што ён падобны да нейкага кінаакцёра. І ўвогуле ён часта ўспамінаў тое лета, калі прыязджала кінабрыгада. Хаця насамрэч нічога рамантычнага там не было. Для здымкаў іх, хлопцаў-падлеткаў, пастрыглі «пад нуль», прычым гэта была абавязковая ўмова. Яны гралі навабранцаў, радавых. Рэжысёр з’яўляўся на здымках вельмі рэдка, памяты і злы выкульваўся бліжэй да абеду са свайго студыйнага буса, лаяўся на памочніка, які, па-сутнасці, і быў сапраўдным рэжысёрам, і некуды знікаў. Адну і тую ж сцэну – капанне акопа – пераздымалі разоў дваццаць, пастраенне і кароткі дыялог паміж галоўным героем і яго таварышам – разоў пятнаццаць. Калі Іван пасля глядзеў серыял (цалкам так і не адолеў), то адзначыў, што сцэны з іх удзелам занялі ў васьмісерыйным фільме ўсяго хвілін мо восем. За адзін дзень плацілі 10 даляраў. Хлопец-кіношнік, што займаўся рэквізітам, на пытанне, колькі плацяць за масоўку ў Расіі, па сакрэце распавёў, што расіянам вельмі выгадна здымаць ваенныя фільмы ў Беларусі, бо, напрыклад, масоўку тут можна наймаць ці не ў 5 разоў танней. Увогуле, было спякотна, лысую галаву напякло сонцам, у Івана на другі дзень здарылася нешта накшталт цеплавога ўдару.
Але дзіўная рэч! Усё забылася пасля, адфільтравалася. Простае азіранне ў мінулае ахутвала ўсё мілай, светлай журбой і жаданнем апынуцца там зноў. Іван успамінаў тыя дні з настальгіяй. Кіношнае жыццё здавалася яму прыгожым, цікавым, лёгкім, бязбедным; кіношныя людзі – людзьмі з іншага свету. Для таго, каб жыць такім жыццём, трэба было дабіцца поспеху і разбагацець. Зрабіць гэта можна толькі вывучыўшыся. А на вучобу трэба грошы. Хаця б першапачатковы капітал – мінімум тысяча даляраў. Узяць іх можна толькі ў сквапнага Отчыка. А ён добраахвотна, па сваёй волі ніколі іх не дасць.
Замкнутае кола, якое і спадзяваўся разарваць Іван. План яго будзе просты: калі спраўдзіцца гісторыя з трагічным, злачынным званком, ён прапануе Отчыку сваё маўчанне ў абмен на грошы.
А тым часам Отчык, счакаўшы роўна год, зрабіў удаве афіцыйную прапанову, атрымаў згоду і ажаніўся з ёю. У высакародным парыве ён нават змяніў прозвішча – з Отчыка на Лагуна, як ён растлумачыў, каб не прападаў раскручаны брэнд. Так чалавек, не заплаціўшы ні капейкі, за год прыбраў да рук жаданы ўчастак зямлі разам з возерам, лесам, з усімі пабудовамі, прысвоіў бізнес нябожчыка, а таксама атрымаў у дадатак яго жонку, трох бясплатных парабкаў і новае прозвішча – словам, цалкам замяніў сябра, як бы пачаў жыць замест яго.