Усё пакацілася пад адхон пасля няшчаснага выпадку. Была сярэдзіна лета. У парніках, на гародах усё расло, спела, налівалася. Ніхто не ведаў, што з гэтым рабіць. Стаяла спёка. Някормленыя куры шчыпалі мурог каля плота. Маці паняцця не мела, як весці гаспадарку, бо ніколі гэтым не займалася. Адна, без радні, зусім не падрыхтаваная да суровага жыцця, яна была ў адчаі. Іван, адзіны мужчына ў сям’і, павінен быў браць усё на сябе, станавіцца гаспадаром, рабіцца сястрычкам за бацьку. Але яму самому ледзь стукнула пятнаццаць. Усё было б зусім кепска, каб не той самы спагадлівы пакупнік, Отчык. А яшчэ кажуць, часы добрых людзей мінулі. Спачатку ён прапанаваў купіць участак за невялікую, сімвалічную цану. Калі ж высветлілася, што гэта немагчыма – юрыдычныя рагаткі выключалі, паперы былі складзеныя так, што толькі гаспадар мог распараджацца маёмасцю, – тады ён, гэты Отчык, выключна ад спачування няшчаснай удаве і сіроткам узваліў на сябе важкую ношу: бясплатна ўзяўся весці справы нябожчыка-сябра, а неўзабаве і ўсю гаспадарку аформіў сабе ў арэнду на год. Хоць гэта, як ён прызнаваўся, прынесла яму нямала клопатаў, расходаў і нязручнасцяў. Ён нават вымушаны быў перабрацца з горада, дзе пасяліўся на перыяд куплі-продажу ў гатэлі, у іхні маленькі гасцявы флігель, які трымалі для знаёмых паляўнічых і рыбаловаў.
Для сям’і пачалося новае жыццё. Прыйшла восень. Працы хапала. Отчык, які сам працаваць не мог з-за нейкай хваробы, пільна сачыў, каб у іншых пастаянна былі занятыя рукі. Амаль кожны дзень у любое надвор’е можна было бачыць кранальную сцэну: Іван, маленькія сёстры, маці гарбацяцца на агародзе. Людзі з замілаваннем адзываліся аб працавітай сямейцы, Іван жа адчуваў сябе катаржнікам. Пры бацьку яны не ведалі ні ў чым адмовы. Раслі, гадаваліся на волі, сярод прыроды, здаровымі дзецьмі. Для іх увогуле не існавала такога паняцця, як голад, толькі апетыт. Скупаваты Отчык хутка прывучыў іх да, як ён казаў, “эканомікі”, так, што калі-небудзь і чорны хлеб з цыбуляю быў за шчасце. Отчык, здавалася, вёў падлік кожнай цыбуліне на градах і кожнаму гурку ў цяпліцах. Любімая прымаўка ў яго была: “хто рубель не шануе, той капейкі не варты”, а любімае слова – эканоміка. “Трэба ва ўсім трымацца экономікі”. Хутка, праўда, высветлілася, што пад эканомікай ён мае на ўвазе эканомію, інакш – звычайную ашчаднасць.
Флігель, у якім жыў Отчык, быў у кутку двара каля студні. Раніцамі Іван мог назіраць, як Отчык абліваецца сцюдзёнай вадой. Ён вельмі глядзеў сябе, пільна сачыў за сваім нібыта слабым здароўем. Хударлявы, пародзісты, з рыжай шавялюрай і бакенбардамі, нечым ён нагадваў паджарага мускулістага льва. Калі-небудзь Іван лавіў на сабе яго позірк, хуткі, з-пад ілба, і, халадзеючы, думаў, што леў, прыходзячы ў чужы прайд, першай справаю перадушвае ільвянят мужчынкага полу. І праўда, калі да сястрычак Отчык ставіўся абыякава, да маці – нязменна з павагай, мо нават больш, чым з павагаю, дык з Іванам у іх агульнай мовы не было. Часам Отчык, калі ніхто не бачыў, клаў цяжкую руку яму на плячо і абмацваў худзенькую ключыцу.
– Ну што, Іван Лагун, удовін сын, – казаў, заўсёды ставячы прозвішча разам з іменем. У голасе чулася насмешка. – Як табе без бацькі?
Лішне казаць, што Іван не любіў, а яшчэ больш баяўся яго. Таму можна ўявіць, чаго каштавала яму аднойчы набрацца смеласці і спытаць, ці сапраўды яны, Отчык і бацька, так ужо сябравалі.
– Не скажу, што моцна, – адказаў Отчык. – Але ў душы мы былі як Хмяльніцкі з Чапліцкім.
Сэнс гэтага дзіўнага параўнання Іван зразумее пазней. А пакуль, прыблізна ў той жа час, у яго з’явілася тайна. Праз некалькі месяцаў пасля гібелі бацькі, калі боль страты аціх, Іван залез на гарышча, каб патрымаць у руках, перабраць бацькавы рэчы, складзеныя ў кардоннай скрынцы, і раптам звярнуў увагу на яго смартфон. Пакруціў у руках, заўважыў, што на ім з’явіліся чорныя плямы і ўвогуле ён нейкі як бы абпалены, а з аднаго боку нават аплаўлены.
Іван глядзеў на гэты пакалечаны тэлефон, і яму здавалася, што ён працягвае здымацца ў кіно. Здагадка была наколькі простая, настолькі ж неверагодная – бацькава гібель магла быць не няшчасным выпадкам, а спланаваным забойствам. Ён толькі падзівіўся, чаму нікому з дарослых гэта не прыйшло ў галаву. У кампутары запэўнівалі, што немагчыма такое, не рэагуе маланка на ўключаны тэлефон. І адразу ж: “нядаўна было паведамленне пра гібель дарадчыка Мінаховы здароўя РФ у Крыме – яго ўдарыла маланка, калі зазваніў мабільнік”.