Неўзабаве надарыўся выпадак праверыць гэта – ці сапраўды людзі ўсе акцёры – на практыцы. Пасля таго, як Лагун памяняў школу, у яго з’явілася сяброўка-аднакласніца. Яна жыла ў трохпавярхоўцы на ўскраіне горада. Кожную раніцу яна чакала яго. Лагун ставіў у іх двары веласіпед. А потым разам яны ехалі аўтобусам у школу. Аднакласніца нічым асаблівым не вылучалася. Была такая ж ціхая, як і ён. Сціплая, маўклівая. Добрая. Знешнасць – дзве коскі, чысты, без падлеткавых прышчоў твар з фіялетавымі ценямі пад неверагодна прыгожымі вачамі. Белы фартушок, поўныя белыя ногі. Увогуле яна была рослая, з развітымі жаночымі формамі. Не красуня, але калі ўсміхалася, яе як аблівала ўсю сонцам і ўнутраным святлом. Раней Іван асабліва не зважаў на яе. Толькі пасля гісторыі з дэталізацыяй ды пасля званка па незнаёмым нумары ён інакш пачаў глядзець на жанчын увогуле і на сяброўку ў прыватнасці. Яна таксама адчула змену ў ім. Прынамсі, у яго знешнасці. І ў адзін красавіцкі вечар сама напрасілася правесці яго пасля школы далей за двор, да самага возера. І там, на палянцы, упершыню пацалавала – у шчочку. З таго часу яна пачала кожны дзень праводзіць яго пасля школы да палянкі. Яму і прыемна было, і разам з тым страшнавата, бо яна чамусьці адразу ўзяла нейкі меланхалічны, журботны тон, прыняла ролю вопытнай жанчыны, якая ўсяго паспрабавала ў жыцці, і нічым яе не здзівіш. Гэткі Пячорын у спаднічцы.
“Хутка мы расстанемся. Мяне, як Лермантава, ссылаюць на Каўказ”, – сумным голасам паведаміла яна. Ён прапусціў гэта міма вушэй, лічачы чарговай яе выдумкай. Неўзабаве высветлілася, што ўся яна – сумесь інфантыльнасці і нейкай надрыўнай рамантыкі, пяшчоты і какецтва, кіношнай экзальтацыі і капрызаў; акрамя таго ўмела яна і злавацца, – тады бровы ў яе складваліся стрэшкай, як у П’еро, а голас рабіўся высокі і пранізлівы. То яна была жарснай і вешалася яму на шыю, то раптоўна як загаралася, так халадзела, то пачынала гуляць у маленькую дзяўчынку: надзімаць губкі, казаць “я так хоцу”, і яму даводзілася рабіць выгляд, што яго не бянтэжыць гэта. Яна любіла яго цалаваць – толькі ў шчаку, і ўвесь час брала з яго слова:
“Паабяцай, што будзеш мяне ўспамінаць. Што будзеш сумаваць па мне”.
Яна ўсё пытала:
“Як ты будзеш жыць без мяне? – і сама ж упэўнена адказвала: – Ты не выжывеш без мяне. Ты такі безаабаронны. Ты мяне ніколі не забудзеш. Бедны. Я ведаю, што параніла цябе назаўсёды, але гэта жыццё”.
Тым не менш, і нават хутчэй за ўсё, у іх неўзабаве адбылося б нешта больш сур’ёзнае за пацалункі, усё ішло да таго, яна ўжо снілася яму ў снах, пра якія так соладка і сорамна ўспамінаць, як раптам яна сапраўды з’ехала, і сапраўды на Каўказ. На развітанне ў апошні вечар урачыста ўзяла з яго слова не траціць сувязі ніколі. Калі ўсё скончылася, ён уздыхнуў з палёгкай. Хоць яна падабалася яму, у душы ён быў рад, што пазбавіўся ад гэтай сімпатычнай зануды.
Гісторыя, аднак, тым не скончылася, а мела працяг, прычым яшчэ больш кіношны (лёс упарта прывязваў яго да кіно). Здарылася гэта праз год, калі Лагун ужо вучыўся ў апошнім класе. І зноў гэта было звязана з дворыкам, дзе ён па-ранейшаму ставіў веласіпед. Да таго часу дворык стаў яму ледзь не сваім. Ён усіх ведаў, і яго ведалі. Неяк раніцай – было гэта ў канцы мая, цёплага, душнага – ён заўважыў у кутку двара пад каштанам матацыкл. З нумарамі РФ. Гаспадара нідзе не было. Толькі нейкая надта загарэлая для траўня месяца дзяўчына ў шортах, в’етнамках, педыкюр на пальчыках ног, сядзела каля дзіцячай пляцоўкі на арэлях. Пагойдвалася. Пасля школы карціна ў дворыку амаль не змянілася. Матацыкл стаяў, дзе і стаяў, толькі пад чахлом, дзяўчына па-ранейшаму сядзела на арэлях, як і не ўставала. Пабачыўшы Лагуна, махнула яму рукой. Яна яўна чакала яго. Ён падышоў. Яна паднялася. Кірпатая, з круглым тварыкам, падбародак з ямачкай. Школьнае мілае рабацінне, рассыпанае каля носа і па шчоках. У вачах цікавасць і нейкі дзіўны бляск. Яна загаварыла з ім.
“А я цябе завочна ведаю. Мне пра цябе многа расказвалі”.
Пазнаёміліся. Высветлілася, што гэта стрыечная сястра аднакласніцы-сяброўкі, той самай. Студэнтка-першакурсніца медвучылішча, старэйшая за Лагуна. З братам прыехала з поўдня на канікулы і заадно ў госці.
“Звычайна наадварот едуць”, – сказаў Лагун.
“У мяне ўсё не як у людзей”.
Лагун з ветлівасці спытаў, як там яго былая аднакласніца.
“Толькі цябе і ўспамінае. А ты сапраўды такі, як у яе расказах. Харошы хлопчык. І зусім бяскрыўдны”.
Яна яму таксама спадабалася. Не такая, як мясцовыя. Раскаваная, вясёлая. Калі б яшчэ не гэты бляск у вачах. Нешта небяспечнае зыходзіла ад яе.
“У вас прыгожа тут, сястра расказвала. Пакажы мне, пабудзь экскурсаводам. У нас іншая прырода, – пабачыўшы, што ён завагаўся, яна патлумачыла проста: – З кім іншым пабаялася б. Але ў цябе добры твар. Безаабаронны. Мне здаецца, я даўно цябе ведаю”.
На любімай палянцы цвіў сіні лубін і рассыпаліся белымі плямамі кветкі сунічніку.
“Які мілы. Чырванець умее – гэта ж трэба. Харошы які…”