Няма маральных правілаў, няма маральных законаў, ёсьць законы паняцьцяў, законы мафіі, законы выпадкова прыхопленых бізантыйскіх або нейкіх яшчэ ідэй. Няма магутнага ядра эліты, якое б генэравала новыя ідэі. Усё гэта прыхоплена, усё гэта досыць прымітыўна. Хай грошы з кішэняў сыплюцца, але ўсё роўна людзі з такімі паняцьцямі — чужыя для сьвету, сьмешныя ў вонкавым сьвеце, усё роўна яны выклікаюць страх, а не павагу. Не далей як учора ў Бэрліне я ўдзельнічала ў сустрэчы, дзе гаварылася аб гэтых тэмах, выступалі пісьменьнікі і палітыкі, у тым ліку нямецкі міністар замежных справаў Вальтэр Штайнмаер. Гэта зусім іншы ўзровень размовы: гаварылася аб гуманітарных каштоўнасьцях, аб тым, што дзяленьне сьвету на катаў і ахвяр — вельмі спрошчаны погляд. Я сядзела якраз побач зь міністрам і думала: Бог мой, калі я пачую ў сваёй краіне або ў Расеі ад міністра такія вось інтэлектуальныя словы, тады Расея і Беларусь стануць іншымі дзяржавамі! Але сёньня гэтага няма і новай дзяржавы няма — таму што па ўзроўні разуменьня сьвету мы засталіся на ўзроўні Аляксандра III, які лічыў, што адзіныя сябры Расеі — гэта яе армія і флёт.
Шары
: Вы згадалі, што нядаўна вярнуліся з Украіны. У гэтай краіне цяпер па-іншаму адзначаюць даты, зьвязаныя з заканчэньнем Другой сусьветнай вайны ў Эўропе. Як Вы ставіцеся да гэтых спробаў?Алексіевіч
: Ведаеце, я прыехала з Украіны зь вельмі добрым пачуцьцём. Я выступала там у Кіева-Магілянскай акадэміі, ва ўнівэрсытэце, на кніжным кірмашы «Кніжны арсэнал». Нягледзячы на ўсе складанасьці, у маладых людзей гараць вочы, яны хочуць новага жыцьця, яны гатовыя нават (хоць гэта барбарства, вядома) на ахвяры. У прынцыпе, любое рашэньне праблемы спосабам гвалту, калі гінуць людзі — гэта, вядома, барбарства, гераічнае барбарства або проста барбарства, садысцкае, бандыцкае. Трэба забіваць ідэі, а не людзей. Ужо прайшоў час набіраць абароты тэхнікі і без канца дэманстраваць сьвету танкі і гарматы. У інтэрнэце я кожны дзень бачу якую-небудзь навінку расейскага ўзбраеньня і акрамя як барбарствам гэта назваць не магу.Украінцы сапраўды хочуць пачаць новае жыцьцё, і сапраўды ёсьць небясьпека, што чыноўнік зноў зжарэ ўкраінскую рэвалюцыю. Але цяпер народ настроены рашуча, можа быць, таму, што з часу аранжавай рэвалюцыі вырасла новае пакаленьне — іх бацькі вынесьлі б Януковіча, а маладыя адмовіліся ўдзельнічаць у гэтай змове супраць сваёй будучыні. Ва Ўкраіне адчуваецца дух часу, адчуваецца дух абноўленай нацыі, якая ня хоча, каб яе зацягвала ў расейскую яміну. Я хацела б верыць, што ў іх гэта атрымаецца, што не атрымаецца расейскага сярэднявечча, якое сёньня пачалося — зацягнуць украінцаў у стары час. Вельмі б хацелася спадзявацца. У гэтыя дні ва Ўкраіне замест георгіеўскіх стужачак носяць выявы макаў. Яны хочуць сьвяткаваць дзень вызваленьня з усёй Эўропай, а ня ладзіць сталінскія сьвяты асобна ад усяго сьвету.
Шары
: Як Вы лічыце, пакаленьням, якія жывуць цяпер у Расеі, ва Ўкраіне і Беларусі, удасца неяк прымірыць розныя праўды аб Другой сусьветнай вайне?Алексіевіч
: Я думаю, што гэта будзе вельмі доўгая барацьба. Гістарычная праўда — складаная рэч. Я 30 гадоў займаюся дакумэнтамі і магу сьцьвярджаць: дакумэнту не бывае ў чыстым выглядзе, усё роўна гэта чыясьці жарсьць, чыясьці вера, імгненная або доўгатэрміновая, але ўсё роўна — у руках і волі чалавека. Але ўрэшце ўступае ў дзеяньне час. Ёсьць блізкі час, калі мы як бы спавіты ідэямі сёньняшняга дня, воляй тых, хто сёньня ва ўладзе, іх разуменьнем падзей і зьяваў, іх дыяпазонам. Што да Расеі і Беларусі — вядома, гэта стары сьвет. На вуліцах новыя машыны, каля будынкаў трошкі новай архітэктуры, людзі носяць новыя касьцюмы, але гэта стары сьвет, сьвет старых паняцьцяў, і ён сёньня пайшоў у апошні савецкі бой. Не за тую вышэйшую справядлівасьць, якую можна было б атрымаць з савецкага досьведу — там было шмат сталінскіх здрадаў, але ўсё ж у пачатку было і шмат рамантычных спадзяваньняў, якія пацярпелі поўную катастрофу. Скончылася ўсё крывёю, як кажа адзін з маіх герояў: «Бочкі мяса засталіся і мора крыві, так канчаецца ў нас уся гісторыя...»Гэта будзе яшчэ вельмі доўгая барацьба, я думаю, яна зацягнецца на некалькі дзесяцігодзьдзяў. Але як бы ні стараліся нашысты і лукашысты — сёньняшняе акасьцяненьне скончыцца, таму што сьвет усё ж рухаецца, і мы ня можам сядзець на ўзбочыне, гэта нерэальна хоць бы з прычыны новых тэхналёгій. На нейкі час можна стварыць рэзэрвацыю, ну, можа быць, нават на працяглы час (у рэшце рэшт, ёсьць досьвед Паўночнай Карэі), але, тым ня менш, чалавецтва рухаецца ў бок больш нармальнага сэнсу жыцьця, калі чалавечы дух не прыніжаны, калі чалавечыя паняцьці не зьняважаныя. Гэта тычыцца ўсяго мінулага — ня толькі вайны, але і ГУЛАГу, які таксама аказаўся спрэчным паняцьцем, як высьвятляецца. Напрыклад, музэй «Перм-36» — ужо не музэй ахвяраў ГУЛАГу, а музэй работнікаў ГУЛАГу. Будзем цяпер кланяцца катам, чытаць, як яны пакутавалі, зьдзекуючыся над ахвярамі...