— Яна сама вінаватая. Яна магла б яшчэ большым аўтарытэтам карыстацца. Калі б яна жыла ў Беларусіі. Пісала б аб беларусах. Яна абрала сабе такі шлях. Канечне, радасна. Што Нобэлеўскую прэмію далі ёй. Але ў яе нямнога кніг. Ёсьць пісьменьнікі, у якіх творы мацнейшыя. Нобэлеўскую прэмію яна атрымала з-за таго, што многа ў яе выказваньняў было пра Лукашэнку. Але, як бы там ні было, я задаволеная. Хай будзе ў нас, у Беларусіі, Нобэлеўская прэмія.
А былая настаўніца гісторыі Галіна Кісель бачыць прычыну Нобэлю Алексіевіч у жыда-масонскай змове...
— Я з гэтай сям’ёй вельмі сябравала. Бацька вельмі харошы. Але высьветлілася аднойчы, што яны ўсё-ткі яўрэі! А я яўрэяў не ўважаю. Што яны робяць у сьвеце? Царскія ўлады не падпускалі яўрэяў блізка да Масквы і Піцеру. Вось чаму іх так многа на ускраінах. Асабліва ў Беларусіі. Чаму зараз усе расійскія алігархі яўрэі? Як і ў Штатах!
Дык як жа «адкрылася таямніца яўрэйства» Сьвятланы Алексіевіч? Аказваецца, прыехаў з Мазыра школьны інспэктар. І пачуў, як Алексіевіч старэйшая выкладала асавецкім дзеткам замест нямецкай мовы ідыш! А я ж, наіўны, думаў, што антысэміцкае трызьненьне засталося ў далёкім мінулым.
— Быў Зяленін, інспэктар. Ён сам з Навасібірску. Ён не стрымаўся пасьля яе ўроку. Ішоў і крычаў: «Як вы сьмееце на яўрэйскай мове выкладаць!»
Алексіевіч называе героя сваёй апошняй кнігі «чырвоным чалавекам». Гэтаму асавецкаму чалавеку мне цяжка падабраць колер.
— Са Сьветай я паддружвала. У нас розьніца невялікая ва ўзросьце. Але мне асабіста яе кнігі не падабаюцца. Не маё. Ня наша! Цяпер Нобэлеўскую прэмію выдаюць Штаты. Сваім сябрам. За што Гарбачову далі? За тое, што Саюз разваліў. За што Абаму далі? За тое і Алексіевіч далі. Каб брахала на нас. Як можна не любіць Радзіму? Яна ганьбіць нас сваёй прэміяй.
Таемная яўрэйка, якая, пасябраваўшы зь Зянонам Пазьняком, зьвязалася з Васілём Быкавым, каб уступіць у Народны Фронт, каб пасьля атрымаць Нобэлеўскую прэмію ад Барака Абамы за тое, што «плявузгае» на Лукашэнку. Пасьля ўсяго пачутага на радзіме гераіні, мне вельмі хацелася адсюль як мага хутчэй зьбегчы. Бо сам ужо стаў непакоіцца за сваё псыхічнае здароўе. Каб спытацца карацейшага шляху я зайшоў у машынна-трактарны парк мясцовага СВК. Дзе курылі трактарысты і мэханікі. Неінтэлігентныя, грубыя мужыкі з мазолістымі мазутнымі рукамі. Тут і адбыўся дыялёг, які лягчэй уявіць на менскай кухні.
— Вы ня ведаеце Сьвятлану Алексіевіч?
— Вядома, ведаем.
— У мяне нават дзьве кнігі яе ёсьць. «Цынкавыя хлопчыкі», «У вайны не жаночае аблічча».
—Цяпер беларусы практычна нічога не паказваюць пра яе. А па спадарожніку, па канале «Белсат» я глядзеў, як яе ўзнагароджвалі. Нобэлеўская прэмія! Гэта ж першы раз такое ў Беларусі!
— Маці нямецкую мову выкладала, а бацька рабіў ваенруком.
— І пра яе нічога нашы навіны не паказваюць. Нічога! А на «Белсаце» будзе ўсё.
— Вы радыя?
— Радыя, вядома. Зямлячка.
— Хай бы ў родны калгас з таго мільёну купіла трактар. А мы б напісалі «Сьвятлана Алексіевіч».
— Гэта як раней на танках пісалі?
— Так, на трактары б напісалі.
Сапраўды, калі на фронце былі танкі «ад Любові Арловай», чаму б ня быць трактару «ад Сьвятланы Алексіевіч»? Ёсьць людзі, якія гэта заслугоўваюць.
Вайна і мір Сьвятланы Алексіевіч
12 сьнежня 2015
«Бяру на сябе сьмеласьць сказаць, што мы змарнавалі свой шанец, які ў нас быў у 90-ыя гады. На пытаньне: якой павінна быць краіна — моцнай або годнай, дзе людзям добра жыць, выбралі першы — моцнай. Цяпер зноў час сілы. Расейцы ваююць з украінцамі. З братамі. У мяне бацька — беларус, маці — украінка. І так у многіх. Расейскія самалёты бамбуюць Сырыю... Час надзеі зьмяніўся часам страху. Час павярнуў назад... Час сэканд-хэнд...»
Ціхановіч
: Гэта фрагмэнт Нобэлеўскай лекцыі — вайна і мір, і чалавек Сьвятланы Алексіевіч...Першая ў гісторыі незалежнай Беларусі Нобэлеўская прэмія стала заслугай пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч. Можа быць, таму, што яна першая так шмат увагі і патрабавальнасьці надала гераіні ў грамадзтве, а зь іншага боку, у сыстэме першага прэзыдэнта так шмат разгубленасьці і дэманстратыўнай няўвагі. Дык з чым нас, беларусаў, можна павіншаваць? Ці можна казаць, што нацыя набыла свой новы маральны аўтарытэт? Першае пытаньне да Аляксандры Дынько, якая суправаджае пісьменьніцу на працягу ўсяго Нобэлеўскага тыдня. Якія ў вас уражаньні ад атмасфэры ўрачыстасьці, у якой была Алексіевіч, і увогуле, як вы яе ўспрынялі ў новай якасьці?