— Так, вядома ж, ганаруся. Я проста не грамадзянін Беларусі, але я ганаруся за вас. І яе стаўленьне да Ўладзіміра Ўладзіміравіча Пуціна мне таксама вельмі падабаецца.
— Я вельмі ганаруся ёй. Ва ўсім сьвеце яе ведаюць, цэняць, і мне вельмі шкада, што ў маёй роднай краіне пра яе ніхто нават ня ведае. І што на самым высокім узроўні наш прэзыдэнт нават не павіншаваў яе, гэта абы-што».
Ціхановіч
: Калегі, як вы мяркуеце, ці спраўдзіцца спадзеў Стэфана Эрыксана, што прэмія Алексіевіч аб’яднае беларусаў?Максімюк
: Я скажу так: хацелася б, каб ён спраўдзіўся, каб яна аб’яднала, хоць, што тычыцца такога палітычнага падзелу беларусаў, у мяне ёсьць сумневы, што яна можа да гэтага прычыніцца. Калі наступіць нейкае паразуменьне ці збліжэньне, то, хутчэй за ўсё, я б сказаў, у сфэры культуры, бо Сьвятлана Алексіевіч даказвае сваёй творчасьцю, сваёй асобай і тым, пра што яна гаварыла ў Стакгольме на гэтым тыдні, што магчыма быць выхаваным у расейскай культуры, магчыма ў Беларусі пісаць па-расейску, і ўсё ж быць беларускай пісьменьніцай і сказаць у сваёй творчасьці пра свой народ, а ня толькі пра расейцаў ці пра савецкі народ агульна.Ціхановіч
: Сяргей, а як вы пракамэнтуеце той погляд, што некаторыя беларусы лічаць Алексіевіч апазыцыйнай пісьменьніцай? Памятаеце, які страх быў і разгубленасьць беларускага тэлебачаньня, якое адмовілася трансьляваць Нобэлеўскую лекцыю? Але па сутнасьці ў лекцыі не было нічога, чаго нельга было б паказаць па беларускім тэлебачаньні. Там не было ні Пуціна, ні Лукашэнкі. Вы сказалі, ну і добра — лекцыя павінна быць апалітычнай. Якія важныя акцэнты дадала тая разьвітальная прамова?Навумчык
: Я не лічу, што лекцыя павінна быць апалітычнай, я проста бачу, што могуць быць розныя лекцыі, і з палітычным ухілам, і зь нейкім тлумачэньнем творчага мэтаду. Алексіевіч выбрала апошні варыянт, гэта яе права. Нічога дзіўнага ў такім падыходзе некаторых людзей, апытаных на вуліцы, няма, таму што ўжо больш як дваццаць гадоў існуе ў Беларусі такая тэндэнцыя, якая навязваецца ўладамі праз дзяржаўныя СМІ. На гэтым вырасла пакаленьне, нават можа ўжо другое расьце пакаленьне, што тыя, хто не з Лукашэнкам, — тыя супраць усяго. Вось не пайшла яна на паклон да Лукашэнкі — значыць, яна апазыцыянэрка, хаця якраз-такі я б сказаў, калі прааналізаваць інтэрвію Сьвятланы Алексіевіч, пачынаючы з 90-х гадоў, яна далёка не ва ўсім падтрымлівала, напрыклад, Беларускі Народны Фронт. Я б сказаў, што яна ўвогуле БНФ не падтрымлівала. Крытыкавала пэўных лідэраў Народнага Фронту, пры тым, што яна, безумоўна, чалавек дэмакратычных перакананьняў.Наш калега Юры Дракахруст трапна заўважыў: калі б там у адміністрацыі сядзелі больш разумныя людзі, яны б «Час second-hand» друкавалі двух-трохмільённым накладам і зрабілі б абавязковым чытаньнем у школах, бо яна паказвае 90-я гады як сапраўды гады абсалютнай трагедыі. А мы ведаем, што 90-я гады былі і іншыя...
Ціхановіч
: Мы ведаем, што ў тых спадзяваньнях, якія выказваліся сучаснымі беларусамі, якраз рабіўся націск на тое, што не хапае сучасных рэалій, не хапае іх ацэнкі. Яна гэта зрабіла ў сваёй разьвітальнай прамове.Навумчык
: Калі вы маеце на ўвазе творчасьць, то як пісьменьніца яна мае права выбіраць любую тэму, паказваць як ёй хочацца. Мы ня можам прад’яўляць прэтэнзіі, прабачце, да Дастаеўскага, што ён паказаў нейкія цёмныя бакі Пецярбургу ці таго часу. Я думаю, што цяпер мы павінны ўспрымаць і Нобэлеўскую лекцыю, і яе банкетную прамову ў комплексе. Нобэлеўская лекцыя была больш пра творчы мэтад і гуманістычныя ідэалы, а вось прамова ўжо мела больш актуальны, больш палітызаваны і, як мы бачым у завяршэньні, ужо нацыянальны ўхіл. Адзінае, што я скажу, я пагадзіўся б з тымі яе крытыкамі, якія сказалі, што ўсё ж у Нобэлеўскую лекцыю, паколькі яна застаецца назаўсёды, усё ж можна было сказаць пра праблемы беларускай мовы, пра праблемы нацыі.Ціхановіч
: Тое, што мая краіна — Беларусь.Навумчык
: Так, яна казала пра гэта, што Беларусь яе краіна, а вось банкетная прамова — я таксама вельмі эмацыйна яе ўспрыняў, асабліва калі пачуў, што яна прыгадала — у Нобэлеўскай лекцыі яна прыгадала Адамовіча, а тут яшчэ Васіля Быкава.Ціхановіч
: Аляксандра, у мяне пытаньне да вас, таму што, як я ўжо згадала, Алексіевіч выбрала вас як мэдыятара, які б адказаў за яе на крытыку. Як вы думаеце, мы ведаем Алексіевіч, што яна чалавек поглядаў, чалавек цьвёрды, верная сабе. Кароль хацеў, каб яна прыйшла ў вечаровай сукенцы да падлогі. Гэтага патрабуе і рэглямэнт Нобэлеўскага камітэту. Алексіевіч зручней ў штанах — яна прыйшла ў штанах. Беларусы хацелі, каб больш сказала пра Беларусь, каб сказала па-беларуску, і яна праявіла гнуткасьць. Як вы думаеце, чаму?