Читаем Святыя грэшнікі полностью

— Тады гэта не лічылася плагіятам, — як мог абараняў сваю радню ў трыццатым ці трыццаць пятым калене Баравік-Залеўскі. Што-што, а ён не здраджваў шляхетнасці, як навучыліся здраджваць мужыцкасці ягоныя калегі. — Паўтараць чужыя, але разумныя думкі не злачынства, а дабро. Бяда, што хто-кольвечы навучыўся красці без разбору ўсё, у тым ліку і выказванні дурняў, на якіх нехта паставіў штэмпель: "геніяльна".

— 3 табой немагчыма спрачацца, — прызнаўся Бог­ша і раптам прыклаў палец да вуснаў: у размове княгіні і князёўны загучалі нейкія новыя ноткі, нячутыя да­сюль. Яны здзівілі і насцярожылі. Спачатку.

Потым дужа разважлівая думка працяла Богшу. На­вошта яму хвалявацца, навошта наогул усё гэтае ўдакладненне дэталяў, якія, напэўна, не маюць рашаючага значэння ў гісторыі.

А што? Хіба абавязкова трэба абцяжарваць сябе пакутамі ўсяго чалавецтва? Трэба жыць весела і прыгожа. Эпікурыйцы былі не дурні. Яны ўмелі адасобіцца ад заган іхняга часу, не бачыць беднасці і гвалту, што царавалі тады на іх зямлі. Ды і сучасныя скнары-эпікурыйцы навыварат, — гэткія мужычкі-хітрункі, што паназапасілі ў сваіх камунальных кватэрах рознага барах­ла, якое не ведаюць нават для чаго прыстасаваць, маг­чыма, таксама не дурні. Яны таксама адгарадзілі сябе ад людзей і іхніх клопатаў. Праўда, яны, бадай, не ўмеюць жыць весела, гэтыя сучасныя эпікурыйцы, якія на адзіноце жаруць прадуктовы дэфіцыт...

Пісаць трэба весела, не чапаючы таго, што можа зашкодзіць твайму спакою. I фільмы ставіць такія, каб нават самаму маленькаму чыноўніку незнарок не замуляла вочы. Вядома, ружовыя героі — гэтыя херувімчыкі з пульхнымі шчочкамі і попкамі — нагналі добрую аскому, але на чорта лысага цягнуць у творы ўсялякую поскудзь? Раптам нехта можа ўгледзець у ёй сябе, а ўгледзеўшы, залямантуе, што абразілі не аднаго яго, а ўвесь клас, ну, калі не клас, дык нейкую праслойку, хай не праслойку — толькі прафесію, зрэшты, можна дапусціць, што і не прафесію, а вузкую спецыяльнасць...

I тут ужо не адгаворышся прыкладамі з сусветнай літаратуры. Прызнавайся, што нарабіў глупства. Да чортавай бабулі гэтыя абвостраныя канфлікты, пра якія балабоняць крытыкі. Ім што! Яны сто торбаў нагавораць. А як толькі ты абвострыш гэты самы канфлікт, дык і трахнуць па галаве, аж пасыплюцца чорныя іскры.

Шчаслівы той, хто абачлівы. Таму ніякай поскудзі ў творах. Але і ружовых чалавечкаў таксама. Залатая сярэдзіна. Займальнасць плюс смеласць у межах станоўчага ўспрыняцця рэчаіснасці. Герой павінен падабацца. Усім, усім! Як лялька з белымі валасамі і блакітнымі вачамі, якіх расхоплівалі нават тыя, хто сам даўно перастаў гуляць у лялькі і даўно пагадаваў дзя­цей.

Прыгадаўшы некалі бачаную ім ляльку вытворчасці ГДР, Богша зрабіў адкрыццё, што прыйшоў да згоды з Кірылам Лыкавязавым. Во хто дасканала ведае, што і каму патрэбна. Усё жыццё яны з Кірылам не маглі сысціся ў поглядах, і вось фінал: ён, Лазар Богша, прыйшоў да таго, чаго Кірыла Лыкавязаў прытрымліваўся ўсё жыццё.

"Не заплямім наш стэрыльна-белы кінаэкран пачварамі з жыцця".

"Дайце дарогу светламу, а чорнае выкіньце на сметнік".

"Канфлікты патрэбны тым, хто прывык лавіць рыб­ку ў мутнай вадзе".

"Хай наш самы перадавы ў свеце кінаэкран выпраменьвае дабрыню".

"Няма чаго герою фільма наклейваць бародаўкі — ён прыгажэй выглядае без іх".

Божа, колькі Кірыла насачыняў афарызмаў, каб апраўдаць свае бяздарныя фільмы!

Ад вечнай палемікі з Кірылам Лыкавязавым у Бог­шы пачынала разрывацца на кавалкі збалелае сэрца. Яму раптам здалося, што ён даўно памёр і Кірыла Лыкавязаў напісаў ужо аб ім успаміны, выстаўляючы і яго ружовенькім херувімчыкам — само ўвасабленне гармо­ни і хараства, праўда, усё ж меншае за Кірылу Лыкавязава. Богша ўбачыў і назву гэтага эсэ: "Мы былі вернымі сябрамі".

Яго аж скаланула. Чорт з табой, рабі свае ружовыя фільмы. Юруй і настаўляй маладых, як мастацкі кіраўнік. Але навошта ж пісаць успаміны, калі ты праз усё жыццё катаваў маё сэрца, падстаўляў падножкі, біў з-за вугла ўсім, што трапляла пад руку. I ўсё гэта рабіў ад дабрыні?.. Хлус! Ты ніколі не ведаў, што такое дабрыня. Ты толькі крычаў пра яе з усіх афіцыйных амбонаў ды заклікаў іншых быць добрымі. Сам жа рабіў зло...

У Богшавых грудзях балюча і цяжка білася сэрца. Трэба было ўзяць сябе ў рукі, пастарацца забыць Кірылу Лыкавязава, пераключыць сябе на нейкі іншы занятак.

Сэрца памалу супакойвалася. Як бы здаля да Бог­шы сталі далятаць галасы. Гаварыла жанчына:

— Што ты хочаш, Прадслава? Я ўзяла цябе ў манастыр, зрабіла сваёй памочніцай. Падумай толькі, якога гонару ўдастоілася ты! А калі я памру, ты станеш ігуменняй. Тады і рабі, што табе ўздумаецца. Цяпер жа, Прадслава, дай мне спакойна замольваць свае грахі. Маліся і ты. Чаму ты больш сядзіш за кнігамі, чым стаіш на каленях за малітвамі? Чаму больш разважаеш над мірскімі справамі, чым над словам божым?..

Перейти на страницу:

Похожие книги