— Вы там панапісвалі, панагарадзілі, параскапалі, а так і не дайшлі да ісціны, — сказаў Баян. — Ну, сам падумай, дзе яшчэ мог стаяць горад Няміга, як не на гэтым месцы, дзе рака Няміга ўпадае ў Свіслач? Спрадвеку так было, што гарады называліся па малых рэках, а не па вялікіх. Полацк на Палаце. Віцебск на Віцьбе. Орша на Ршы...
Лазар Богша чамусьці не здзівіўся, што Баян ведае, з якога стагоддзя ён апынуўся ў адзінаццатым стагоддзі. "Здаецца, Баяна, як і князя Алега, звалі вешчым", — падумаў ён.
— У нас ужо даўно даказалі, што вось гэтая крэпасць, якую ты назваў Нямігай, і ёсць старажытны Менск. I што ён быў спалены і разбураны Яраславічамі. Што ты на гэта скажаш? — падміргнуў Баяну Богша.
Па шчырасці, дык было троху смешнавата спрачацца з Баянам; Богша сам бачыў, як гарэў той Менск, што на Менцы. Ды і стаялі яны перад горадам, які Баян назваў Нямігай.
— Вы там папрывыкалі ні ў што не верыць, — з буркатлівай незадаволенасцю папракнуў Богшу Баян. — Усё вам падавай доказы, і не абы-якія — рэчавыя. А рэчы хоць і ўмеюць гаварыць, ды памяць у іх недасканалая. Толькі напісанае — сапраўдна. Чаму ж вы не верыце летапісцам? Яны не ўмелі хлусіць...
— Кінь, — махнуў рукой Богша. — Яны, можа, і не ўмелі хлусіць. Затое ні адзін раз за іх тыя летапісы перапісвалі. Нікана дапісваў Нестар. Думаеш, мала нарабіў ён правак па загадзе свайго князя Святаполка Ізяславіча?., А калі на княжы стол у Кіеве сеў Уладзімір Манамах, дык хіба не ён забраў летапіс у Выдубіцкі манастыр, дзе над ім добра папацеў ігумен Сільвестар? Але і Сільвестравы пераробкі не задаволілі Уладзіміра, і ён даручыў гэтую далікатную справу свайму старэйшаму сыночку Мсціславу. Той і адрэдагаваў канчаткова Ніканаўскі летапіс. Так што памаўчы, Баяне...
— То было пасля, — троху разгублена сказаў Баян, але тут жа рушыў у наступление: — Ну, і што калі правілі летапісы? Нічога дзіўнага. Karo i калі не правілі? Усіх правяць. Гісторыю і тую правяць. Так, бывае, палепшаць або пагоршаць, што дзіву даешся. То з ног на галаву паставяць, то за вушы паддягнуць. Тут важна, што правяць? Як правяць?.. Канечне, князю Святаполку хацелася ўзвысіць свайго бацьку Ізяслава Яраславіча і, наадварот, прынізіць Полацкага Усяслава. Але нашто яму выдумваць, што Яраславічы, разграміўшы Менск, рушылі з палонам на Нямігу? Усё было так, як напісана, і няма чаго сумнявацца, вышукваць нейкія доказы, абы адстаяць свой пункт гледжання. Не, не нашы летапісцы памыліліся, а вашы. Вашым і ў голаў не прыходзіць, што магло быць два Менскі.
— Два? — здзівіўся Лазар Богша.
— А чаму і не так? — спытаўся Баян.
Ён прайшоўся па снезе да старога, вялізнага па акружыне пня. Пасярод яго чарнела выгнілае дупло, і толькі абалонка была яшчэ моцнай. Яны селі: Баян на пень, Богша — проста ў гурбу снегу.
Сонца ўжо напалову схавалася за лес, што рос недзе, як вызначыў дзеля сябе Лазар Богша, на Кальварыйскіх могілках. Над ім у апошніх промнях сонца кружыла процьма галак. Богшу здалося, што ён чуе іх надакучлівы грай.
— Тады прасвяці мяне, неразумнага, — насмешліва папрасіў Богша Баяна, але той, мабыць, не зразумеў іроніі.
— I прасвячу, — паабяцаў ён з упэўненасцю настаўніка, які прыйшоў на першы ўрок у першы клас. — Менск на Менцы дужа старое селішча, — пачаў ён распеўным голасам. — Праз яго ляжаў шлях з драўлян і дрыгавічоў у крывічы і далей да аўкштайтаў, жэмайтаў, земгалаў, ліваў і паморскіх славян, што рассяліліся па ўзбярэжжы і астравах Варажскага мора. На яго яшчэ полацкі князь Рагвалодаў дзед, таксама Рагвалод, вока паклаў...
— Пачакай з Рагвалодам, — перапыніў Баяна Богша. — Ты мне растлумач, як гэта купцы з драўлян і дрыгавічоў дабіраліся да паморскіх славян? Можа, на самалётах...
— На якіх самалётах?.. На лодках па Пцічы, а далей па Іслачы...
— Ну, і рассмяшыў, — зарагатаў Богша. — Ды яе курыца ў разводдзе пяройдзе...
Баян пакрыўдзіўся. Ён быў наогул дужа крыўдлівы, гэты пясняр, зрэшты, як і ўсе паэты.
— А ты не смейся. Курыца Іслач пяройдзе!.. — перадражніў ён Богшу. — Ты лепей бы пра іншае спытаўся: чаму драўляне і дрыгвічы не вялі гандаль па Дняпры, Бярэзіне і Свіслачы? 3 Бярэзіны прасцей было дабрацца да Полацка.
"Лагічна разважае, як філосаф, — падумаў Богша і сам сябе тут жа абвергнуў: — Хоць чаго там! У паэтаў жалезная логіка, а ў філосафаў — адна яе фікцыя. Часы мяняюцца, а разам з імі — паэты, філосафы і нават крытыкі, якія спрадвеку некага за нешта крытыкавалі, а цяпер толькі хваляць. Можа, іх трэба цяпер называць неяк інакш. Славаслоўцы... Пахвалёнцы... Не, нешта ўсё не тое..."
— А і праўда, чаму? — думаючы пра паэтаў, філосафаў і крытыкаў, спытаўся ён.