— Нарэшце пытанне, вартае адказу, — лішне ўзнёсла сказаў Баян. — Бачыш, дарагі Богша, на той час радзімічы, пэўна, чуў пра такое племя, асядлалі Дняпро ад вусця Бярэзіны амаль да вусця Прыпяці. Таму і заняпаў быў гандаль па Дняпры. Не, ён не спыніўся. Наўгародцы з варагамі прабіваліся да Кіева і далей да Царграда. I з Царграда хадзілі ў варагі. Але крывічам, палачанам быў не па сіле ды і не па кішэні такі гандаль. Во і шукалі іншых шляхоў у абход радзімічаў. Таму Рагвалодаў дзед і абнёс тынам Менск. Умацаваў яго. Ваяводу паставіў. А і тут на Нямізе існавала селішча, якое было далёка вядома: ад Дзвіны да Прыпяці, ад Дняпра да Нёмана. Вунь там, на гары (дзе цяпер оперны тэатр, падумаў Богша), некалі стаяла капішча Купале, падобнае на вялізнае кола. Дык вось раз у год, калі наставаў самы вялікі дзень, з’язджаліся сюды крывічы і палачане, драўляне і дрыгвічы, радзімічы і паляне. Раз у год тут ладзіўся кірмаш. На гары палілі кола. Тапілі ў Свіслачы вялізную ляльку "мару", купаліся ў рацэ, качаліся па расе. Тры дні маладыя па свайму выбару займаліся каханнем, і ніхто не мог забараніць ім гэтага. А ўсход сонца адзначаўся карагодамі і песнямі. Раз’язджаліся ж адсюль не толькі з удачна купленымі таварамі, але найперш з жонкамі, бо лічылася, хто на Купалу знайшоў сабе жонку, з той будзе ў яго доўгі і шчаслівы век... Ну, а потым радзімічы былі прагнаны за Дняпро, а неўзабаве і зусім разгромлены. Той, па Пцічы, шлях стаў занепадаць. А па Дняпры і Бярэзіне ажыўляцца. Тады і паявілася каля селішча Няміга другое, якое спачатку называлі Менскім дваром, бо яно належала менскім гандлёвым людзям. Але Менск прадаўжаў заставацца галоўнай крэпасцю на поўдні Полацкага княства. А Няміга і крэпасцю тады не была. Так, перавалачная база. Няміга пры Усяславе стала крэпасцю...
Шчыра табе прызнаюся, падабаюцца мне полацкія князі. Усе яны: і Рагвалод, і дачка яго Рагнеда, якая па сутнасці была полацкай княгіняй, хоць князем і лічыўся Ізяслаў, яе сын, і Брачыслаў, і цяперашні Усяслаў не сядзелі склаўшы рукі. Непрыкметна рассоўвалі свае землі. Ставілі на іх крэпасці. Пракладалі дарогі і волакі. Вось і гэтую крэпасціцу Нямігу заклаў Усяслаў. I сына свайго Глеба паставіў тут княжыць пад сваім нядрэмным вокам. А як жа?.. Ці мала чаго можа здарыцца. Бывае, і сын на бацьку ідзе. Бачыш, якія ўмацаванні на Нямізе? Не тое што ў Менску? Яраславічы таму і захапілі Менск без вялікіх баёў. Як гнілы арэх раскусілі, ды такі ж бедны здабытак і ўзялі. Затое сваю помсту задаволілі. А для Усяслава Менск гэты не вялікая страта. Няміга ж і Заслаўе адкупіліся. Нямізская крэпасць для іхніх зубоў цвердаватая. Пастаяць Яраславічы, папіруюць, балазе ёсць за што піраваць, а там і Усяслаў падаспее. Во і сыдуцца на ратным полі. А як жа!.. Не дзеля таго пёрліся Яраславічы ў гэты паход, каб не паспрабаваць моцы Усяслававага мяча...
А палон свой — жанчын гэтых з дзецьмі — Яраславічы тут пакінуць. Паселяцца яны на Менскім двары. I пойдзе крапасціцы гэтай дзве назвы — і Менск, і Няміга. Доўга яны будуць спаборнічаць. Ды назва Менск пераможа, калі Глеб канчаткова зацвердзіцца на зямлі гэтай. Па старой памяці, як быў край гэты Менскім удзелам, так і застанецца ім...
Яны замаўчалі, кожны думаючы пра сваё запаветнае. Толькі цяпер Богша ўспомніў, што не дзеля гэтага выклікаў Баяна на размову.
— Паслухай, Баяне, — сказаў ён. — Як ты ўяўляеш свой грамадзянскі абавязак паэта і гусляра?..
— Славіць князёў, асілкаў, ваявод, само сабой... Яшчэ я люблю апяваць жанчын... Самае прыгожае, што ёсць на свеце, — жанчына...
У Баяна загарэліся вочы, а твар яго засвяціўся, заззяў, як вясновае сонейка...
— Пра жанчын пасля... Гэта паэзія інтымная, і да грамадзянскай ніякіх адносін, — сказаў Богша словамі аднаго вельмі патрабавальнага крытыка, які некалі разграміў Богшаў зборнік. — Мяне турбуе другое. Як ты, пясняр, паэт, славіш князёў, усе заслугі якіх у тым, што яны захапілі амаль безабаронны горад, перабілі, разрабавалі багацці, захапілі ў палон жанчын і дзяцей, пагналі сюды, на Нямігу?.. Ганьба!.. Злачынства ўслаўляць забойцаў і рабаўнікоў.
Богша быў шчыры ў сваім гневе. Але Баян, здаецца, не разумеў, чаго гневаецца Богша. Так яно і было.