Читаем Святыя грэшнікі полностью

Ён ляжаў тварам дагары, закінуўшы галаву на падушцы. Ягоныя закочаныя пад лоб вочы ніяк не маглі асэнсаваць, дзе ён, што з ім? Над ім нізка вісела белая покрыўка — столь, а па баках, як у трохкутнай прызме, разыходзіліся дзве салатавыя сцяны. Здавалася, што ён усё яшчэ знаходзіцца ў трынаццатым стагоддзі, пакараны смерцю Чынгісханам.

Гэта было жахліва — прачнуцца і зноў апынуцца там, дзе цябе абезгаловілі. На амярцвелай шыі галава чулася так, як, напэўна, чуе сябе футбольны мяч, якога білі нагамі два таймы. А можа, ён і не прачынаўся наяве, а толькі ў сне, як было ўжо не раз, калі ён падарожнічаў па тым свеце.

Спачатку безуважліва, а пасля ўсё больш асэнсавана ён павёў вачамі па сцяне, па дэдэронавай гардзіне ўніз да падаконніка, застаўленага гаршчзчкамі з какту­самі, потым яшчэ ніжэй, па падлозе з дываном, нарэшце спыніў позірк на стале з пішучай машынкай, у карэтцы якой быў закладзены чысты аркуш паперы.

"Дык гэта ж мой кабінет! — узрадаваўся Лазар Бог­ша. — Цяпер я пэўна не сплю!.. Але ж і прысніцца чортведама што. Прачнешся і сам сабе не верыш, што ляжыш дома, а не вандруеш па замагільным свеце".

Унутры ўсё гарэла і смылела, а левая палавіна грудзей набракла тупым болем. Боль чуўся ў плячы і ў пацяжалелай, асвінцованай за ноч руцэ. "Гэта ж у мяне сардэчны прыступ", — падумаў Лазар Богша і пачуў, як ад ног да амярцвелай патыліцы пракаціўся брыдзенькі страх.

— Люба, Люба! — закрычаў ён, гукаючы жонку, і раптам успомніў, што яе няма, што яна паляцела ў Адэсу.

Ён працягнуў руку і адразу ж намацаў ручку шуфлядкі ў століку, дастаў цюбік з нітрагліцэрынам. Паклаўшы таблетку пад язык, Лазар Богша заплюшчыў вочы, пачаў чакаць, калі паслабне боль. Але, як толькі ён заплюшчыў вочы, адразу перад ім узнік вазок-саркафаг, тройка белых коней, якая ляцела ў чорнай бездані Сусвету, і жудасны пралом у нябеснай сферы — вароты ў пазазямное існаванне. Богша адразу ж расплюшчыў вочы.

"Цікава, хто мяне прывёз дамоў? — падумалася яму. — Хоць у лоб трэсні, не помню. Першы ў жыцці правал памяці. Мусіць, старэю, і час падумаць пра ўласнае здароўе. Хутчэй бы нітрагліцэрын зняў спазму, та­ды прыму душ, вып’ю кавы... Не, лепей чаю з бальза­мам. I абавязкова трэба пазваніць Любе. Усё — дурасць і глупства".

Папраўдзе, дык Лазар Богша зусім не быў упэўнены, што Люба даруе ўчарашнюю сварку, але яму вельмі ха­целася, каб яна даравала, а таму ўгаворваў, запэўніваў сябе, што яна павінна дараваць.

Тым часам нітрагліцэрын паволі сцішаў боль, аж пасвятлела ўваччу. Лазар Богша скінуў ногі з канапы на дыван, пакруціў галавою, нібы хацеў вытрасці з яе тупы надакучлівы клін. "Хопіць", — сказаў ён сам сабе і рашуча стаў на ногі.

Ванны пакой размяшчаўся побач са спальняй. Лазар Богша адкруціў кран гарачай вады на ўсю магутнасць — вострыя струменьчыкі балюча сцебанулі па жываце, па грудзях, па твары, пацяклі, ужо крыху ахалоджаныя, па нагах. Яны станавіліся ўсё гарачэйшыя. Богша адкруціў кран халоднай вады — струмень пахаладзеў, стаў вастрэйшы.

Павярнуўшыся тварам да сцяны, выкладзенай блакітнаватай кафляй, Лазар Богша прайшоўся душам па спіне, выганяючы з яе зябкі халадок. Ён чуў, як знікае боль у грудзях, а цела становіцца свежым і дужым. Ды і галава прасвятляецца ад кашмараў, што прыкінуліся да яго ноччу.

Выключыўшы гарачую ваду, Богша павялічыў напор халоднай. 3 хвіліну ён хвастаў сябе халодным душам, потым зноў уключыў гарачую ваду. Начныя кашмары сплывалі разам з вадою ў круглую адтуліну сцёку. Ла­зар Богша выключыў ваду, дастаў з кручка махровую прасціну, акрыў ёю плечы. У цішыні, што раптам наста­ла, пачуўся пранізлівы тэлефонны званок.

"Люба!" — радасна падумаў Богша і, забыўшыся, што на ім толькі махровая прасціна, выскачыў з ваннага пакоя.

Тэлефонных апаратаў было два: адзін у кабінеце, другі — у холе, перад залай.

— Алё, алё! — крыкнуў Богша ў трубку, ніяк не хаваючы сваёй радасці.

— Лазар Васільевіч, дзе ты прападаеш? Я ўсе тэлефоны паабламаў...

Богша адразу пазнаў: Карней Карнеевіч Кладачка, дырэктар карціны, тры "К", як яго клічуць на кінастудыі.

— Што здарылася, Карней, Карнеевіч? — спытаў Ла­зар Богша, адчуваючы нейкую бяду.

Толькі цяпер ён убачыў сябе ў трумо, што стаяла тут жа ў холе, і вельмі здзівіўся. Такім недарэкам Ла­зар Богша ніколі сябе не ўяўляў. Свой адбітак ён прывык бачыць на экране, дзе заўсёды выглядаў аж занадта прыгожа. А тут чортведама хто глядзіць на яго з люстэрка, нейкая пачвара з крывымі нагамі, тлустым чэравам і валасатай грудзінай. Выходзіць, існуюць два Лазары Богшы: адзін — экранны, другі — бытавы, адзін — увасабленне мужчынскай прыгажосці, другі — агідны двайнік.

"А здорава мяне здэфармаваў час, — незадаволены сабою, побытавым, падумаў Лазар Богша. — Хутка змагу іграць толькі Квазімоду".

Папраўдзе, дык Богша грашыў, калі так думаў. Ён умеў, быў здольны ўсяго сябе падпарадкоўваць ролі. Пе­рад кінакамерай у яго мяняліся і паходка, і манера трымаць сябе. Кожны жэст, кожны рух — усё аддавалася ролі, усё свяцілася натхненнем і талентам.

Перейти на страницу:

Похожие книги