Читаем Святыя грэшнікі полностью

"Але, чорт пабяры, адкуль і калі паявілася тая жан­чына? — задумаўся Богша. — Учора яе не было. Магу прысягнуць, што не было. Не залезла ж яна праз акно? Хіба Люба дала ключы? Нават і вельмі верагодна... А што, калі я прывёз яе ў кватэру ноччу? Таксама вера­годна... Можа, яна якая зладзейка, а я пакідаю яе ў кватэры. Трэба падняцца наверх і спытаць, адкуль яна паявілася?.."

Лазар Богша хацеў ужо ісці ў пад’езд, як з-за вугла выруліла машына. Шафёр затармазіў, спрытна адчыніў дзверцы, перагнуўшыся на бок.

— Сядайце, Лазар Васільевіч. Загадана з вецярком, бо познімся...

"Ліха з ёю, той жанчынай, — падумаў Лазар Бог­ша. — Як зайшла, так хай і выходзіць..."

— Паехалі, — сказаў ён.

Кожны раз, прыходзячы на кінастудыю, Лазар Бог­ша трапляў у непаўторна знаёмую, мілую, дарагую і бясконца ненавісную атмасферу. Ён не мог, не ўмеў дакладна вызначыць, што і чаму на студыі было да слёз, да трапяткога хвалявання яму адначасова дорага і ненавісна, але ён мог прысягнуць, што абодва гэтыя пачуцці ўжываліся ў ім арганічна і мірна. Мабыць, несумяшчальныя ў іншых людзях, яны ўжываліся не толькі ў Лазару Богшу, але ў кожным, хто, аднойчы трапіўшы на кінастудыю, глытнуўшы кіношнага паветра, заставаўся назаўсёды яе палоннікам, як электрод у кальцы сінхратрона.

Лазар Богша неаднойчы задумваўся, а чым адметная кіношная атмасфера? Адказаць на такое пытанне было зусім нялёгка. Знешне кінастудыя была падобна на дзесяткі іншых устаноў. I ўсё ж непадобна. Тут, як нідзе, уладарыў дух неадольных супярэчнасцей: апантаных, бурных захапленняў і горкіх, ледзь не трагічных расчараванняў; фантастычных узлётаў на грэбёні славы і катастрафічных падзенняў у нябыт; хвалюючых пакут ад самаадданай творчасці і салодкай уцехі ад лёгка заробленых грошай. Кінастудыя акумуліравала ўсе чалавечыя страсці. Яна была падобна на дом зачаццяў і родаў, дзе ў пакутах любові, насалоды, ахалоджання, нянавісці, раскаяння, болю, шчырасці, гордасці, расчаравання — усёй гамы чалавечых пачуццяў — зачыналася, нараджалася, квітнела або заўчасна гінула чалавечае імкненне да праяўлення сваёй сутнасці...

Не збаўляючы хуткасці, машына падруліла пад цагляныя сцены прахадной, вымураванай у строгім стыле эпохі барацьбы з празмернасцямі. Прахадная гэтая, як і ўсе на свеце, мела сваю гісторыю, звязаную з лёсам аднаго з дырэктараў кінастудыі, чалавека калі і не вельмі таленавітага, дык арыгінальнага і нават самабытнага. Зрэшты, усе дзевяць дырэктараў, што змяніліся на Богшавым кіношным веку, не былі людзьмі ардынарнымі, шэрымі — кожны з іх вызначаўся нейкім дзівацтвам, якое вылучала яго нават з непаўторнай кіношнай масы.

У таго дырэктара, што пакінуў пасля сябе прахадную і якога за вочы называлі "Ходзікамі", была хоць адна, затое неадольная страсць — любоў да дакладнасці. Ён лічыў, што дакладнасць і ёсць той архімедаў рычаг, якім можна будзе павярнуць кінастудыю ад шэрых, сярэдніх фільмаў да яркіх і геніяльных.

Што праўда, дык усе дырэктары прыходзілі на студыю са сваім архімедавым рычагом. Аднак, маючы ры­чаг, яны не мелі пункту апоры, а таму неўзабаве зніклі. Шэрыя ж фільмы заставаліся.

"Ходзікі" быў упэўнены, што ў яго ёсць не толькі ры­чаг, але і пункт апоры. Ідэя, якую ён падсунуў студыі, была звязана з укараненнем новай сістэмы прапускоў. Над яе ажыццяўленнем гады два біліся лепшыя інжынерныя сілы кінастудыі і трох навукова-даследчых інстытутаў, пакуль не адолелі ўсіх перашкод, пакуль не дасягнулі належнага эфекту.

Рэформа ў сістэме прапускоў заключалася ў тым, што метраў за сто ад студыі, за вялізнай лужынай, пабудавалі цагляную прахадную, якая нечым нагадвала куфар. Сюды, у прахадную з дзвюма металічнымі вяртушкамі, з электронным гадзіннікам, з палічкамі для захавання прапускоў, вахцёрскім пакоем і запасным выхадам, перавялі з вестыбюля студыі вахцёраў — дзядзьку Якава і ягоную жонку цётку Матруну. Прагрэсіўнасць сістэмы, аднак, заключалася не ў гэтым, а ў тым, што роўна а дзевятай гадзіне спрацоўвала электроннае прыстасаванне, вяртушкі пераставалі круціцца, а зна­чыць, усе, хто спазняўся хоць на адну секунду, маглі трапіць на студыю не іначай, як паведаміўшы пра сваё спазненне па відэатэлефоне ў дыспетчарскую. Там націскалі кнопку, вяртушка рабіла адзін паварот, прапускала таго, хто спазняўся, але ўжо з рапартам дырэктару аб парушэнні дысцыпліны.

У першы дзень прахадная была перапоўнена парушальнікамі дысцыпліны. Відэатэлефон і дыспетчары працавалі на поўную моц. Дырэктарскі загад даўжынёй амаль на дваццаць старонак навекі захаваў ганебны факт кіношнай неарганізаванасці.

Перейти на страницу:

Похожие книги