Читаем Святыя грэшнікі полностью

Падумаўшы так, крыху напышліва, але даволі дакладна, Лазар Богша адчуў чыесьці біятокі, што выклікалі ў яго вострае раздражненне. Біятокі былі падобны на надакучлівы камарыны звон ля вуха, ад якога хаце­лася адмахнуцца. Галава Лазара Богшы інстынктыўна павярнулася на пазыўныя чужых біятокаў, а вочы, як тыя лакатары, адразу ж засеклі ў кіношнай масе Кірылу Лыкавязава.

Кірыла Лыкавязаў стаяў у паставе бога Саваофа, калі той задумаў стварыць свет: карцінная прыгорбленасць ад цяжару, які сам жа на сябе ўзваліў; упэўненасць — я ўсё магу; рашучасць — няма чаго адкладаць на заўтра тое, што можна зрабіць неадкладна; нахабства — што ні зраблю — нідзе не дзенецеся; недаступнасць — а вы мяне за бараду не возьмеце, і наогул я стаю вышэй крытыкі. Кірыла Лыкавязаў заўсёды стаяў у такой паставе. Дарэчы, ад бога яго розніла тое, што бог, агледзеўшыся, крытычна зірнуў на працу сваіх рук і ледзьве не знішчыў усё ім зробленае. Кірыла Лыкавязаў лічыў, што ўсё ім зробленае — геніяльна і павінна жыць вякі.

Усё гэта прамільгнула ў галаве Лазара Богшы, і ад­разу ж сага аб студыйным калідоры набыла іншае гучанне.


Эпізод другі (рэтраспекцыя): эпіталама для Цюкі


Трое былінных асілкаў — Ілья Мурамец, Дабрыня Мікіціч і Алёша Паповіч — выехалі на край лесу, апынілі коней, захопленыя навакольным хараством. Перад імі, проста пад нагамі, клубіўся ў даліне густы белы ту­ман, чамусьці баючыся падняцца сюды, на высокі беpar, асветлены месяцам-поўняй. Злева, апырсканае ме­сячным ззяннем, распасціралася ўзгоркавае поле: чорныя плямы ценяў і ярка высвечаныя шапкі пагоркаў. Справа таямніча замёр лес — магутнае палатно: на пярэднім плане кожнае дрэва выпісана выпукла, сакавіта, падсвечаіна святлом, як умелі пісаць імпрэсіяністы, за гэтымі асветленымі дрэвамі ляжаў чорны цень, з якога дзе-нідзе цьмяна выступалі сілуэты дрэў-пачвар. Хораша і жудасна! Але самае незвычайнае было ўсё ж за ракою, якая агінала доўгую высокую граду. Туман хаваў граду. Таму здавалася, што дрэвы растуць з пены, нават не растуць, а старчма вісяць у паветры і пяюць.

Спявалі, папраўдзе, не дрэвы, а нейкая спявачка — не вельмі чыстае, затое густое кантральта. Ёй утураваў нетаропкі говар звычайнай сяміструннай гітары. Голас спявачкі і рокат струн даляталі з туману, як з-пад зямлі. Гэта было казачна прыгожа. Ад самага месяца цягнуліся да зямлі струны. Усё плыло і звінела, і пад гэты звон спявачка выконвала нешта цыганскае, раздольнае і тужлівае; іменна выконвала — чулася яе жаданне кіраваць голасам, гітарай, струнамі, што былі нацягнуты між небам і зямлёй, усёй планетай і месячнай ноччу.

Алёша Паповіч у выкананні студэнта інстытута кінематаграфіі Лазара Богшы на імгненне ўявіў спявачку: турэцкую хустку на голых плячах, доўгую, з кветкамі па падоле спадніцу, маленькі тамбурын у левай, адкінутай назад руцэ. Як на той карціне "Паміж песняй і тан­цам", рэпрадукцыя з якой вісела ў іхняй хаце.

— Здаецца, трапілі ў самы цот, — азваўся Ілья Мурамец, ён жа Налім Чыктабаеў, шыракаплечы, каратканогі і няўклюдны, як і належыць быць чалавеку, што трыццаць тры гады прасядзеў на печы, не маючы сілы адарваць сваю моц ад гарачага чарэна. — Цюка спявае...

— Хораша спявае, — задумліва прамовіў Дабрыня Мікіціч, ролю якога выконваў дужа вядомы кінаакцёр Вадзім Матачкін. — Між іншым, яе прабавалі на ролю Марыны, але мастацкі савет не зацвердзіў...

— Зроду не чуў такога голасу і імя — Цю-ка! — сказаў Алёша Паповіч.

— Гэта яшчэ што, — выгукнуў Ілья Мурамец. — Цюкі трэба баяцца. Не адзін праваслаўны склаў да яе ног даспехі, а потым або сам уцякаў, або яго вытурвалі выспяткам пад зад...

— Ілья Мурамец, — голасам ролі сказаў Дабрыня Мікіціч, — кінь нагаворвадь. Хіба мы не былінныя асілкі? А ты страшыш нейкай Цюкай.

— Тады паехалі, — сказаў Ілья Мурамец.

Яны дружна кранулі павады. Тры разнамасныя кані, прывыклыя карцінна выгінаць шыі, калі нацягнуты па­вады, пачуўшы волю, рушылі з месца. Дарога збягала ўніз, у туман. Яна была пясчаная і добра разбітая, асабліва ля ракі на пераездзе. 3 туману выступаў мост, пахілены набок, без насцілу.

— Трэці год тут здымаюся, — сказаў Дабрыня Мікіціч, — а моста ніяк не зробяць. Галаву адарваў бы старшыні калгаса. Бывае, машына ці трактар завязнуць, па двое сутак не могуць выцягнуць, а моста не рамантуюць, бо па ім, бачыце, усе, у тым ліку і мы, кіношнікі, ездзяць. Тып!

Hi Ілья Мурамец, ні Алёша Паповіч не адказалі. Конi, напіўшыся рачной вады, вынеслі седакоў на той бераг. Дарога за рэчкай крута павярнула направа ў калідор з навіслых над ёй ляшчын. Калі калідор гэты кончыўся, казачныя асілкі ўбачылі зусім не казачны касцёр, а ля яго сілуэты "тубыльцаў". Тубыльцы, мабыць, пачулі іх, бо раптам узняўся гоман і мітусня. Асілкаў у адно імгненне сцягнулі з коней, пачалі ціскаць у абдымках, соваць у рукі шклянкі і бакалы, бутэрброды і лімоны.

Перейти на страницу:

Похожие книги