Читаем Так сказаў Заратустра (на белорусском языке) полностью

Але тут сталася нешта такое, што знямовiла ўсе вусны i знерухомiла вочы, бо якраз гэтым часам узяўся за штукi скакун на вяроўцы; ён з'явiўся з-за маленькiх дзвярэй i пайшоў па вяроўцы, нацягнутай памiж дзвюма вежамi над рыначным пляцам, поўным людзей. Ужо ён адолеў свае паўдарогi, калi маленькiя дзверы адчынiлiся зноў i нейкi стракаты малец, убраны за блазна, выхапiўся з iх i борздзенька пашыбаваў па вяроўцы следам. "Наперад, кульгач, - закрычаў ён страшным голасам, - наперад, гультаёвiны кавалак, махляр, храпа намазаная! А то каб не паказытаў я табе пяты! Што ты тут робiш памiж вежамi? Тваё месца ў вежы, туды цябе трэба запраторыць, каб не заступаў дарогi лепшаму за цябе!" i штослова наблiжаўся да танцора, а як падышоў за крок, сталася нешта жудаснае, што сцяло ўсiм вусны i завалакло ўсiм вочы: ён крыкнуў, як чорт, i пераскочыў цераз таго, якi стаяў у яго на дарозе. А танцор, убачыўшы, што супернiк перамагае, страцiў раўнавагу, кiнуў сваю жардзiну i паляцеў у бездань - вiхура мiгатлiвых рук i ног. Натоўп на пляцы хваляваўся, як мора, калi налятае бура: усiх размяло каго куды; але найбольш аказалася там, куды падала цела.

А Заратустра застаўся, i скакун упаў проста перад iм, увесь знявечаны i разбiты, але яшчэ жывы. Праз нейкi час памяць вярнулася да яго, i ён убачыў Заратустру, якi кленчыў побач. "Што ты тут робiш? - спытаўся няшчасны. - Я даўно ведаў, што мне сам чорт падставiць нагу. Цяпер ён пацягне мяне ў пекла: няўжо ты хочаш не даць яму?"

"Прысягаю гонарам, дружа, - адказаў Заратустра, - няма нiчога такога, пра што ты кажаш: нi чорта няма, нi пекла. Твая душа памрэ раней за цела: не бойся нiчога!"

Разбiты паглядзеў на яго з недаверам. "Калi ты кажаш праўду, дык, пакiдаючы жыццё, я нiчога не трачу. Я не больш, чым жывёла, якую пугай i голадам навучылi скакаць".

"О, не - сказаў Заратустра, - з небяспекi ты зрабiў сабе рамяство, а за гэта нельга пагарджаць табою. I вось рамяство тваё навяло цябе на пагiбель. За гэта я сам пахаваю цябе".

На гэтыя словы скакун ужо не сказаў нiчога; ён толькi варухнуў рукою, як бы шукаючы рукi Заратустры, каб падзякаваць яму.

7

Тым часам звечарэла, i рыначны пляц агарнула цемра; ужо разышоўся натоўп, бо нават цiкаўнасць i страх стамляюцца. А Заратустра ўсё сядзеў на зямлi каля мёртвага, занураны ў свае думкi, так што забыўся нават пра час. Нарэшце набегла ноч, i халодны вецер пачаў даймаць самотнiка. Тады Заратустра ўстаў i сказаў свайму сэрцу:

"Праўда, добрыя ловы былi ў Заратустры сёння! Нiводнага чалавека не ўлавiў ён, вось толькi мёртвага.

Жудаснае жыццё ў чалавека, i, як заўсёды, - без сэнсу: на долю яму выпадае блазенства.

Я хачу вучыць людзей сэнсу жыцця: сэнс ёсць Звышчалавек, маланка з чорнай хмары-чалавека.

Але яшчэ я далёкi ад iх, i думка мая iхняга глузду не дастае. У людзей я яшчэ нешта сярэдняе памiж дурнем i трупам.

Цёмная ноч, цёмныя дарогi ў Заратустры. Хадзем, астылы i нерухомы таварышу мой! Я занясу цябе туды, дзе сам i пахаваю".

8

Сказаўшы гэта сэрцу свайму, Заратустра ўзвалок труп на плечы i выправiўся ў дарогу. Але не паспеў ён прайсцi i сотнi крокаў, як да яго нехта падкраўся i зашаптаў на вуха - вай, гэта быў блазен з вежы. "Iдзi з гэтага горада, о Заратустра, - казаў ён, - надта многiя тут зненавiдзелi цябе. Ненавiдзяць i добрыя, i праведныя ды называюць цябе сваiм ворагам i ненавiснiкам; ненавiдзяць вернiкi, кажучы, што небяспечны ты людству. Шчасце тваё, што з цябе пасмяялiся: i сапраўды, гаварыў ты, як блазен. Шчасце тваё, што звязаўся ты з гэтым падлам: прынiзiўшыся так, ты ўратаваў сягоння сябе. Але iдзi ўпрочкi з гэтага горада, а то заўтра я пераскочу цераз цябе - жывы цераз мёртвага". I, сказаўшы гэта, знiк блазен, а Заратустра пайшоў далей па цёмных вулiцах.

Каля гарадское брамы сустрэлiся яму далакопы; яны асвятлiлi яму паходняю твар i, пазнаўшы Заратустру, доўга збыткавалi з яго: "Заратустра нясе мёртвага сабаку; брава, ён цяпер далакоп! Бо нашыя рукi занадта чыстыя на такое мяса. Ужо цi не мерыцца Заратустра адабраць кавалак у самога чорта? Ану ж бо! Смачнога абеду! Калi толькi чорт не лепшы злодзей, чым Заратустра, - ён украдзе абодвух i зжарэ!" - I далакопы шапталiся мiж сабою i рагаталi.

Заратустра адказваў на гэта маўчаннем, iдучы далей. Дзве гадзiны iшоў ён лясамi i балотамi i дзве гадзiны чуў, як вылi галодныя ваўкi; нарэшце голадам змогся i ён. Ён спынiўся каля нейкай адзiнокай хацiны, у акне якое гарэла святло.

"Голад спрамог мяне, як разбойнiк, - сказаў сам сабе Заратустра. - У лясах i на балотах нападае на мяне мой голад, сярод цёмнае ночы.

Дзiўны ў голаду нораў. Часта ён прыходзiць да мяне па абедзе, а сёння я цэлы дзень не ведаў яго: дзе ж ён забавiўся гэтак?"

Кажучы так, Заратустра пастукаўся ў дзверы. Адчынiў стары з лiхтаром i спытаўся: "Хто завiтаў да мяне i парушыў мой кепскi сон?"

"Жывы i мёртвы, - сказаў Заратустра. - Дай мне паесцi i напiцца; я ўдзень забыўся пра гэта. Той, хто кормiць галоднага, спатольвае сваю душу: так кажа мудрасць".

Перейти на страницу:

Похожие книги

Актуальность прекрасного
Актуальность прекрасного

В сборнике представлены работы крупнейшего из философов XX века — Ганса Георга Гадамера (род. в 1900 г.). Гадамер — глава одного из ведущих направлений современного философствования — герменевтики. Его труды неоднократно переиздавались и переведены на многие европейские языки. Гадамер является также всемирно признанным авторитетом в области классической филологии и эстетики. Сборник отражает как общефилософскую, так и конкретно-научную стороны творчества Гадамера, включая его статьи о живописи, театре и литературе. Практически все работы, охватывающие период с 1943 по 1977 год, публикуются на русском языке впервые. Книга открывается Вступительным словом автора, написанным специально для данного издания.Рассчитана на философов, искусствоведов, а также на всех читателей, интересующихся проблемами теории и истории культуры.

Ганс Георг Гадамер

Философия
Осмысление моды. Обзор ключевых теорий
Осмысление моды. Обзор ключевых теорий

Задача по осмыслению моды как социального, культурного, экономического или политического феномена лежит в междисциплинарном поле. Для ее решения исследователям приходится использовать самый широкий методологический арсенал и обращаться к разным областям гуманитарного знания. Сборник «Осмысление моды. Обзор ключевых теорий» состоит из статей, в которых под углом зрения этой новой дисциплины анализируются классические работы К. Маркса и З. Фрейда, постмодернистские теории Ж. Бодрийяра, Ж. Дерриды и Ж. Делеза, акторно-сетевая теория Б. Латура и теория политического тела в текстах М. Фуко и Д. Батлер. Каждая из глав, расположенных в хронологическом порядке по году рождения мыслителя, посвящена одной из этих концепций: читатель найдет в них краткое изложение ключевых идей героя, анализ их потенциала и методологических ограничений, а также разбор конкретных кейсов, иллюстрирующих продуктивность того или иного подхода для изучения моды. Среди авторов сборника – Питер Макнил, Эфрат Цеелон, Джоан Энтуисл, Франческа Граната и другие влиятельные исследователи моды.

Коллектив авторов

Философия / Учебная и научная литература / Образование и наука