Читаем Тарэадоры з Васюкоўкі полностью

Мы ўжо не думалі пра Кныша з Бурмілам, мы думалі толькі пра тое, як выбіцца з гэтага жахлівага кукурузнага палону.

Праз паўгадзіны мы зноў селі адпачыць.

І раптам у мяне ўзнікла ідэя.

— Ява, — кажу, — а што, калі залезці і паглядзець, куды ісці.

— Залезці? Гэта табе што — дрэва? Гэта ж кукуруза. Злак. Не чуў я, каб людзі на злакі лазілі.

— Ну дык і што, — кажу я. — Глянь, якое тоўстае! Як бамбук! Можа, утрымае.

— Ну, дык лезь.

— Не, ты лезь. Ты лягчэйшы — у цябе штаны карацейшыя і гузікаў менш. А я падсаджу.

Ява махнуў рукой:

— Ну, давай паспрабуем.

Мы выбралі самую высокую і тоўстую кукурузіну, я павярнуўся да яе спіною, сашчапіў пальцы, каб вытрымаць Яву, калі ён стане на іх нагой, і сказаў:

— Ты больш на мяне абапірайся, а за кукурузіну толькі трымайся.

— Добра, добра, — сказаў Ява і, крэкчучы, пачаў лезці на мяне. Вось ужо каленам на плячо стаў, абапёрся рукамі аб галаву. — Ой! — чаравікам за нос зачапіўся. Але я маўчу, трываю. Чаравік давіць мне на плячо, ключыцу ламае. Я пачынаю хістацца, калені трымцяць, падгінаюцца, падгінаюцца...

— Ява! — крычу. — Хутчэй глядзі, я падаю.

І... вось затрашчала і зашумела, — нібыта бомба ў кукурузу ўпала.

Я ляжу, уткнуўшыся носам у зямлю. У роце — пясок, у вушах — пясок, вочы зацярушаныя. Адплёўваюся, праціраю вочы і гукаю:

— Ява, дзе ты? Ты жывы?

— Жы... апчхі!.. вы! — і з груды патрушчанай кукурузы высоўваецца Явава галава.

— Ну, што, — пытаюся, — бачыў?

— Дулю з макам я бачыў. Вярхі самыя пад носам.

Ява ўздыхае.

Я паглядзеў у неба.

«Дзіўна, — падумаў я. — Касманаўты лятаюць у бязмежным небе, сярод зорак, на такой адлегласці ад зямлі — і нічога. А мы ў кукурузе заблудзіліся. Ды яшчэ ў такі адказны момант! Кіно!»

— Ява, — падскочыў я. — Гэта ж дурніца нейкая. Гэтага не можа быць, бо гэта немагчыма. Яшчэ ніхто ў свеце не заблудзіўся ў кукурузе. Мы проста пайшлі не ў той бок. Я добра памятаю, што сонца, калі мы выйшлі, свяціла нам у спіну. Хадзем назад.

Спачатку Ява недаверліва пазіраў на мяне. Але я гаварыў, мабыць, так пераконліва, што ён падняўся.

— Хто яго ведае, можа, і праўда. Хадзем.

І мы папляліся назад.

Ох, як цяжка было ісці. Мы ўжо не чулі ног. Мы проста механічна перастаўлялі іх, як хадулі. І навошта мы поўзалі на каленях? А тут я яшчэ спатыкнуўся і падвярнуў нагу, ажно ўскрыкнуў, так забалела.

Сеў я на зямлю і скрывіўся, як серада на пятніцу. Калі б не Ява, заплакаў бы.

— Што? Што? — схіліўся нада мною Ява.

— Кінь мяне! Ідзі, прабівайся сам, — сказаў я хрыплым, безнадзейным голасам.

— Цьфу, дурны! — Ява абняў мяне за плечы. — Зараз пройдзе.

Ён дапамог мне падняцца. Я абапёрся на яго, і мы паціху пайшлі.

Праз некалькі крокаў боль аціх, і я зашкандыбаў досыць бадзёра. А хутка і зусім забыў пра нагу.

Цяжка сказаць, колькі мы ішлі: паўгадзіны, гадзіну ці дзве — і колькі мы прайшлі: кіламетр, два ці дзесяць. Але нарэшце я не вытрымаў:

— Ява, — кажу, — я болей не магу. Я зараз павалюся. Давай адпачнём.

Мы леглі на зямлю.

Доўга ляжалі.

Было ціха. Толькі кукурузнае лісце шаргацела над намі. Нават конікаў-скакункоў не чутна было.

— А што, калі мы зусім адсюль не выберамся? — ціха сказаў я. — І ніхто не ведае, куды мы пайшлі. І нас не знойдуць. І мы загінем. І праз два тыдні камбайн разам з кукурузай збярэ нашы костачкі.

— Добра б паабедаць. Усё ж такі даўжэй бы пратрымаліся. А так да раніцы і памерці можна, — сказаў Ява.

Пры згадцы пра абед мне так захацелася есці, што я ледзь не заплакаў.

— У нас сёння на абед боршч і варэнікі з мясам, — сумна паведаміў Ява.

— А ў нас суп з галушкамі і смажаная курацінка, — сказаў я, ледзь стрымліваючы слёзы.

Не, далей я ўжо цярпець не мог.

— Ява, — кажу, — давай клікаць людзей. Давай людзей клікаць, Ява.

Але Ява быў больш стойкім.

— Ты што, — кажа, — каб смяяліся? Здаровыя бугаі і сярод белага дня ў калгаснай кукурузе «ратуйце» крычаць.

— Няхай, — кажу я. — Было б толькі над кім смяяцца.

— Не, — кажа Ява, — калі ўжо на тое пайшло, давай лепш спяваць.

— Няхай, — кажу, — хоць і спяваць.

І мы зацягнулі першае што прыйшло ў галаву. А першай чамусьці прыгадалася песня касманаўтаў.

На пыльных тропинках далеких планет... —

жаласна-жаласна выводзіў Ява.

...Останутся наши следы, —

яшчэ больш жаласна падцягваў я.

Доўга мы спявалі. Амаль усе песні, якія ведалі, праспявалі. Чамусьці асабліва добра спяваліся тыя, што пачыналіся з «ой»: «Ой, у полі магіла», «Ой, я няшчасны», «Ой, не свяці, месячыку», «Ой, не шумі, лужок», «Ой, чаму ты, дубе», «Ой, адна я, адна», «Ой, у полі жыта». Гэтае «ой» мы выкрыквалі так, як быццам нас у бок нехта штурхаў.

Добра пайшла ў нас таксама песня «Раскинулось море широко». Асабліва куплет «Напрасно старушка ждет сына домой». Тройчы мы спявалі гэтую песню, і тройчы, калі даходзілі да гэтага «напрасно», у мяне пачынала шчымець у горле.

Нарэшце мы зусім захрыплі і спыніліся, змоўклі.

Мы ляжалі, знясіленыя ад голаду, песень і безнадзейных думак.

— Недарма я адчуваў, што сягоння нешта будзе! — уздыхнуў Ява.

Перейти на страницу:

Похожие книги