. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
А неўзабаве ў клубе адбыўся таварыскі суд. На сцэне стаяў засланы чырвонай тканінай стол, за якім сядзелі старшыня калгаса Іван Іванавіч Шапка, члены праўлення, Явава мама-дэпутат, дзед Варава, дзед Салівон і Галіна Сідараўна.
Збоку на лаве падсудных разам сядзелі насупленыя Кныш з Кнышыхаю і трохі ў баку ад іх ашаломлены Бурміла.
Мы выступалі як галоўныя сведкі абвінавачання. І ўся зала дружна смяялася, калі Ява расказваў, як ён утапіў човен...
Палова вёскі выступіла на гэтым таварыскім судзе. І ўсе гаварылі пра тое, што той, хто дбае толькі пра ўласную скуру і сваю кішэню, не варты добрага слова (гэта сказала Галіна Сідараўна).
...Што ён «унутраны дыверсант» (гэта сказаў дзед Салівон).
...І калі ён можа прадаць за капейку сваё сумленне, гандлюючы ім на рынку, то за добрую цану ён і бацькаўшчыну не пашкадуе (гэта сказаў камсамолец Рыгор Кучарэнка).
...Але нічога, цяпер яны будуць ведаць, што думае пра іх уся вёска (гэта сказаў Іван Іванавіч Шапка).
Шумны быў сход.
А пасля сходу да нас падышоў Грышка Бардадзім і сказаў:
— Малайцы, хлопцы.
І ляпнуў сваімі граблямі па патыліцы спачатку мяне, потым Яву.
І вось ужо за плячамі лета, бесклапотныя вакацыі. Зноў парта, зноў у кожную сорак пятую хвіліну званок, зноў: «Хто не выканаў дамашняе заданне, падніміце руку!», «Ідзі да дошкі!». Будзённае жыццё колішняга пятага, цяпер шостага «Б».
Я сяджу на сваім звычайным месцы каля акна, гляджу, як гойсае па падворку наш Сабакевіч, і думаю...
Я думаю пра Кнышоў — кажуць, яны прадаюць сваю новую хату і едуць некуды на Харкаўшчыну. Напэўна, загаварыла ў іх сумленне пасля суда. Можа, там, на Харкаўшчыне, і людзьмі стануць.
Вунь Бурміла нават піць перастаў і браканьерскае прычындалле паламаў і павыкідваў.
І яшчэ я думаю (не ў першы раз): «Чаму ўсё ж Кукуруза высадзіўся на той востраў, што знаходзіцца каля Высокага? Выпадкова? Збег абставін? Ці, можа, спецыяльна?»
Я ўжо задаваў яму гэтыя пытанні.
Маўчыць. Толькі ўсміхаецца...
Раптам думкі мае перапыняе голас Галіны Сідараўны:
— Рэнь, да дошкі.
І я адчуваю, як мой правы локаць падскоквае ўгару — гэта ўстае, падымаючы века парты, мой сусед. Мой сусед і сябар Ява (колішні Кукуруза). А як жа, ён напісаў дыктант і таксама перайшоў у шосты клас.
Цэлы жнівень мы рыхтаваліся ўдвух. Не скажу, што гэта было цікава, цікавей, напрыклад, чым гуляць у футбол, у цуркі-палкі ці лавіць рыбу... Але хто сказаў, што для сяброў трэба рабіць толькі тое, што цікава?
На дыктант я пайшоў таксама разам з Явам. Галіна Сідараўна адразу зразумела, чаму я прыйшоў, і сказала:
— Сядай і пішы, гэта табе таксама карысна.
І вы ведаеце, я напісаў горш за Яву. Ён зрабіў толькі дзве памылкі, а я тры. Недарэмна ён, чарцяка, браў з сабою «Граматыку» на бязлюдны востраў.
І вось цяпер стаіць ён каля дошкі і ўпэўнена піша сказы. І ні разу не памыліўся. Дарэчы, я ведаю, што ў кнізе «Рабінзон Круза» ў яго ляжыць паперка з адным адрасам. Наўрад ці хто-небудзь стаў бы зберагаць адрас проста так, не думаючы яго выкарыстаць.
Адным словам, граматыка майму сябру, як кажуць, яшчэ і асабіста патрэбна. Выдатніцы непісьменны ліст не напішаш. Лепей адразу ў палонку галавой.
— Малайчына, Рэнь, сядай! — кажа Галіна Сідараўна.
І мой сябар, разамлелы ад гордасці, павольна ідзе на месца. Сеўшы за парту, Ява некалькі хвілін маўчыць — пакуль не ўціхнуць пачуцці, выкліканыя пахвалой настаўніцы. Потым схіляецца да мяне і шэпча:
— Дык што, выпрабуем?
— Давай, — кажу я.
Мы нахіляемся і засоўваем галовы пад парту. Ява вымае з-за пазухі плоскую бляшанку з-пад цукерак, з якой тырчаць розныя вінцікі, шпунцікі і дроцікі. Гэта вынайдзенае намі механічнае прыстасаванне для расшпільвання гузікаў. Афіцыйнай назвы ў яго яшчэ няма, таму называем яго проста — «штукакенцыя» (не «штука», не «штукенцыя», а менавіта «штукакенцыя», бо кожнае вынаходства абавязкова павінна мець сваю назву). Дзеянне «штукакенцыі» даволі простае: прыкладваеш да гузіка, націскаеш на кнопку — і гатова. Толькі спачатку трэба, вядома, завесці спружыну. І вось Ява бярэ і пачынае заводзіць. Вядома, гэта не на транзістарах, але...
— Крракк!.. — раптам звонка на ўвесь клас клацае спружына і, выскачыўшы з каробкі, б'е знізу Сцёпу Карафольку, які сядзіць перад намі. Карафолька ўскрыквае.
— У, расцяпа! — сіплю я на Яву.
Але позна. Як гром з неба, раздаецца над намі гнеўны голас Галіны Сідараўны:
— Заўгародны і Рэнь, што ў вас такое?..
Чырвоныя, як мак, вылазім мы з-пад парты.
Навучальны год пачаўся...