Да саменькага цямна гулялі мы з Кукурузай. Перасталі толькі тады, калі ўжо ні цуркі, ні нават палкі не відна было.
Яшчэ калі мы гулялі, чым цямней рабілася, тым большы неспакой мяне ахопліваў. Я, вядома, не хацеў прызнавацца Кукурузе, але з кожнай хвілінай нешта ўсё мацней муляла мне ўсярэдзіне. А калі зусім сцямнела, я ўжо быў, як кажуць, гатовы: ледзь стрымліваўся, каб не заляскаць ад страху зубамі.
— Ну, паехалі на Высокі, — сказаў Кукуруза. Ён выцягнуў з будана стрэльбу, зарадзіў.
Мы селі ў човен. Кукуруза на носе са стрэльбай. Я веславаў.
Ноч, як на тое, зноў была хмарная, без зорак, нібыта нехта ахінуў зямлю чорным радном.
— Значыць, план такі, — зашаптаў Кукуруза. — Я з ружжом, ты — з ліхтарыкам. Я кажу: «Рукі ўгору!», а ты ў гэты час свеціш ліхтарыкам і клічаш: «Таварыш Вялігура, заходзьце з правага боку! Мікалай Іванавіч, заходзьце з левага!» Каб ён падумаў, што нас многа. Так нават сапраўдныя пагранічнікі робяць, калі затрымліваюць шпіёна.
— А... што мы потым будзем рабіць? Калі затрымаем яго? — пацікавіўся я.
— Як — што? Перададзім у міліцыю таварышу Вялігуру.
— Дык, значыць, ты свой востраў пакінеш і не будзеш болей Рабінзонам? Рассакрэцімся ж усе.
Ох, і навошта я гэта казаў!
— Не, ні ў якім выпадку! — катэгарычна зашаптаў Кукуруза. — Я застануся на востраве. А ты павязеш яго ў міліцыю.
Мне стала зусім дрэнна. Я амаль не выпусціў вясло з рук.
— Ды што... ды як... ды ну... — замармытаў я.
— Падумаеш! Павядзеш да міліцыянера, таварыша Вялігуры, і ўсё.
— Ды Вялігура ж будзе спаць, — амаль што плакаў я. — Што ж я ноччу адзін з гэтым злодзеем рабіць буду? Ён жа мяне прыдушыць.
— Не бойся! Я табе дам стрэльбу. Потым прывязеш.
— Н-не трэба. Н-не давай! — цяпер ужо катэгарычна зашаптаў я. — Я стрэльбы баюся болей за Кныша. Неспадзявана стрэльне, заб'ю яго, і тады мяне расстраляюць.
Я ўжо канчаткова зразумеў, што ў Кукурузы ніякага плана не было. Ён усё прадумаў толькі да таго моманту, калі скажа: «Рукі ўгару!» — і Кныш стане, хістаючыся, з паднятымі рукамі. А ўсё астатняе, атрымліваецца, павінен рабіць я. Чорта з два!
— Не! Так не будзе! Я адзін Кныша не павязу, як сабе хочаш.
— Ну добра ўжо! Да вёскі разам павязём, а тады я вярнуся. Нюні распусціў! Не ведаў я, што ты такі баязлівец.
Мне зрабілася сорамна. Кукуруза ўсё ж быў значна смялейшым за мяне. Бач, як трымаецца ўпэўнена!
Мы прысталі да Высокага вострава. Хвіліны дзве сядзелі ў чоўне цішком, затаіўшы дыханне, — прыслухваліся. Нічога нідзе ні гу-гу. Бурмілы няма (не відна чоўна). Паслухаў усё ж Кныша, застаўся дома, каб не перашкаджаць...
Зашылі мы свой човен у чарот, замаскіравалі. Самі залезлі ў карчы на беразе — я па адзін бок сцежкі, што да азярца вядзе, Кукуруза — па другі. Цяпер нам заставалася адно — чакаць, доўга чакаць, магчыма, нават усю ноч ажно да світання, пакуль Кныш не прыедзе.
— Спаць нельга. Ні хвіліны. Бо як пачнём носам кляваць, размякнем, будзем, як мокрыя куры, і нічога не атрымаецца, — ціха сказаў Кукуруза.
— Твая праўда, — уздыхнуў я. Мне ўжо цяпер хацелася спаць.
Я шырока раскрываў вочы, узіраўся ў цемру, у якой ледзь-ледзь можна было разгледзець абрысы чаратоў, але вочы самі па сабе закрываліся і даводзілася раз-пораз праціраць іх.
Мабыць, няма нічога больш цяжкага, чым не спаць, калі хочацца спаць. І, мабыць, няма больш доўгіх хвілін за гэтыя хвіліны соннага чакання ў цемры.
— Не спі, бо праваронім, — шыпіць з карчоў нябачны Кукуруза.
Калі б ён ведаў, як хочацца мне правароніць! Ды хіба з ім правароніш, з такім упартым! Няўжо ён і сапраўды не баіцца?
Маё ўяўленне малюе страшныя праявы. Кныш, выскаліўшы па-звярынаму зубы, б'е мяне вяслом па галаве, потым кідае ў рэчку, я глытаю ваду, задыхаюся-задыхаюся, трава аблытвае мяне і... Мне нават і на самай справе стала цяжка дыхаць. І навошта мы ўблыталіся ў гэтую справу? Сапраўды, хто ведае, што можа здарыцца? А што, як здарыцца нешта падобнае да таго, што мне зараз уявілася? Яшчэ добра, калі знойдуць нашы целы. Тады будзе гучнае пахаванне, з музыкаю, з прамовамі. Хаваць будзе ўся школа, усё сяло. Усе будуць плакаць! Грабянючка, размазваючы па шчоках слёзы, будзе гаварыць: «А я ж бачыла яго напярэдадні. Ён быў такі добры, такі сціплы — дапамагаў мне выцягваць вядро з калодзежа. І Ганькай называў. Я яшчэ яму дзевяць капеек пазычыла. Каб ведала — я яму і ўсе пяцьдзесят аддала б. Які быў хлопец!»
Мне зрабілася так шкада самога сябе, і я здаўся сабе такім няшчасным, што ў горле ажно зашчымела.
Але Кукуруза нічога гэтага не разумее. Ён зноў шыпіць з карчоў:
— Не спі!
І я трагічна шапчу ў адказ:
— Ды не сплю я, не сплю, чаго ты!
Час ідзе. Ці гэта вочы да цемры прывыклі, ці святлее навокал, але ўжо лепей відаць чараты, і на вадзе водбліскі, і клубяцца ў небе хмары. А можа, гэта ўжо світае? Таму што ў мяне такое ўражанне, што сядзім мы тут цэлую вечнасць.
І раптам — нібыта нехта ўдарыў мяне ў грудзі нечым вострым. З цемры вынырнуў човен. Ён плыў проста да вострава. Бліжэй, бліжэй. У чоўне вяслуе грозная постаць.