Мае нязвыклыя адказы, мабыць, здзівілі і расчулілі Грабянючку. Яна глянула на мяне са шчырым спачуваннем і сказала:
— Дык чаму ж ты да школы не прыходзіш, на спортпляцоўку? Мы там заўсёды ў валейбол гуляем і ў іншае.
— Ды-ы... — невыразна працягнуў я. І мне раптам вельмі захацелася расказаць ёй і пра востраў, і пра Кныша з Бурмілам, і нават пра сон, які мне сягоння прысніўся.
Я ледзь утрымаўся. Калі б гэта была толькі мая таямніца, дык я, пэўна, расказаў бы. Але — Кукуруза! Ён бы ніколі мне не прабачыў. Як цяжка часам быць верным сябрам!
А яшчэ я неспадзявана падумаў: «А ці ўмее Грабянючка танцаваць казачок?» І хоць я не ведаў, але чамусьці вырашыў, што, мабыць, умее.
Пакуль мы гаварылі, яна апусціла вядро ў калодзеж і цяпер пачала выцягваць. Я спачатку назіраў, потым у душы махнуў рукой: «А! Кукуруза ж усё роўна не бачыць!» — і сказаў:
— Давай памагу.
Яна нічога не адказала, я ўзяўся таксама за ручку, і мы пачалі круціць удваіх. Мы круцілі так заўзята, што вядро гайдалася там, у глыбіні, стукалася аб бярвенні і чулася хлюпанне. Як вадаспад. Калі мы выцягнулі, вады было паўвядра. Мы глянулі адзін на аднаго і засмяяліся.
— Давай яшчэ.
Мне было вельмі весела вось так удваіх круціць корбу. Нашы рукі дакраналіся, мы штурхалі адзін аднаго, а адзін раз нават стукнуліся лбамі. І ўвесь час рагаталі. І стала шкада, калі вёдры ўжо былі поўныя. Яна ўзяла іх і пайшла павольна. Недзе ўнутры ў мяне варухнулася думка: трэба было б дапамагчы ёй, паднесці хоць да варот. Але на гэта ўжо ў мяне не хапіла пораху. І я толькі моўчкі глядзеў ёй услед. І думаў, што на бязлюдным востраве я ні за што на свеце не жыў бы. Нават за матацыкл з каляскаю.
«Бывай, Ганька! Можа, мы і не пабачымся болей. І ты ўсё жыццё будзеш успамінаць вось гэтую сустрэчу каля калодзежа... Ой! — успомніў я раптам. — Кукуруза ж скрыплікаў прасіў прывезці. А прадмаг вось-вось зачыніцца».
І тут нібыта кіем стукнулі мне па галаве: «Ну-ну! У мяне ж грошай ні капейкі. А скрыплікі дзевяць капеек сто грамаў. Што рабіць? Калі мама альбо тата прыедуць, дык прадмаг будзе зачынены».
Грабянючка ўжо ўваходзіла ў сваю фортку.
— Гр... Гр... Ганька! — паклікаў я, мабыць, упершыню назваўшы яе па імені.
Яна хітнулася і ажно выліла трохі вады ад нечаканасці.
— Ганька, — падбег я да яе, — чакай! Ведаеш, пазыч мне дзевяць капеек. Маці з работы прыйдзе, я адразу аддам.
— Навошта? — здзекліва глянула яна на мяне. — На цыгарэты? Так? На цыгарэты?
— На якія там цыгарэты! Вельмі трэба... Я на рыбалку на ноч іду. Кручкоў купіць, а то сельмаг зачыніцца.
— Толькі ў мяне дзевяці няма, у мяне цэлых пяцьдзесят. Маці на кніжку дала. Ох, якая цудоўная кніжка.
— Дык я здачу прынясу. Я хутка.
— Пачакай, я вынесу.
Карацей кажучы, скрыплікаў я купіў, Грабянючцы здачу аддаў, а калі маці прыйшла, і доўг вярнуў. Усё атрымалася добра. Нават не давялося доўга прасіць дзевяць капеек. Адразу дала. І на ноч адпусціла. Вось што значыць быць добрым і выконваць усё, што маці загадае!
Яшчэ і торбу прадуктамі напакаваў — нібыта на месяц ў падарожжа іду.
І калі зайшло сонца, я рушыў. Па дарозе ў сенцах намацаў доўгую вяроўчыну, якой маці бычка на выгане навязвае. «Хто ведае, можа, давядзецца звязваць, дык каб было чым», — падумаў я, адчуваючы пры гэтым халадок у жываце.
РАЗДЗЕЛ XIX. «Рукі ўгару!»
Кукуруза з вудачкай у руках тырчаў па пояс у вадзе каля берага. Тырчаў, мабыць, даўно, бо нават пасінеў, як гусіны пуп, і ляскаў зубамі.
— Нечага сказаць, спяшаўся ты, як свёкар рукі мыць, — сярдзіта прамармытаў ён, але я заўважыў, што ён хавае радасную ўсмешку. Ён усё ж баяўся, што я не прыеду, і ўзрадаваўся, калі ўбачыў мяне.
Кукуруза выйшаў з вады і пачаў размахваць рукамі і прысядаць, каб сагрэцца. Потым запытаў:
— Ну як там? Што новага? Як мой дзед? Яшчэ ў міліцыю не заявіў?
— Ну што ты? Сядзіць сабе спакойненька і касу клепле. Пра цябе і не думае.
Кукуруза насупіўся. І я зразумеў, што яму непрыемна такое чуць. Яму, мабыць, здавалася, што ён ужо так даўно на гэтым востраве, а выяўляецца, што ніхто нават не заўважыў яго адсутнасці.
— Ну і правільна. І добра. Хутка наогул усе забудуць, што быў такі... І ўсё будзе ў парадку, — бадзёра гаварыў ён, ало ў голасе чуўся сум. Каму гэта хочацца, каб яго ўсе забылі!
Я выцягнуў кулёк са скрыплікамі і працягнуў яму.
— О! Усё ж прывёз! Дзякуй! От засумаваў... — і ён адразу ўгрызся зубамі ў скрыплік.
— Ну, а што ты рабіў? — запытаў я.
— Ды што, рыбу вось лавіў і проста так...
— Ну, а дзённік свой ты хоць пішаш?
— Не, не пішу, — легкадумна сказаў ён, жуючы скрыплік. — Кінуў. Гэта ж тое самае, што ўрокі рыхтаваць. Ці для гэтага я на бязлюдны востраў запёрся?!
Я нічога не адказаў: я ж ведаў, што там — у дзённіку.
— Слухай, давай у цуркі-палкі пагуляем. Я так даўно не гуляў! — неспадзявана прапанаваў Кукуруза.
— А што, можна, — згадзіўся я.
І старыя стрэляныя качары, бяльматыя жабы, палахлівыя чарацянкі і іншыя жыхары плаўняў упершыню, мабыць, у сваім жыцці пачулі адчайнае і працяглае:
— Цуркі-палкі — накувалкі накую-ю-ю...