Юнацтва скончылася. Вядома, рэцыдывы са мною здаралiся, вось адзiн з iх адбыўся ў кавярнi «Рамонак». Яе столькi разоў перараблялi, што давядзецца расказаць, як яна выглядала на той час. На першым паверсе гандлявалi кандытарскiмi вырабамi. Палiцы зiхацелi цукеркамi з фабрык «Камунарка» i «Спартак». У зашклёных вiтрынах iльснiлiся тлустымi бакамi тарты. Каля касавых апаратаў вiлiся чэргi тоўстых кабетак сярэдняга веку, якiя так i не ўсвядомiлi, што ад салодкага набiраецца лiшняя вага. Зграйкi школьнiкаў падлiчвалi капейкi на мармелад i марозiва. Прадаўшчыцы раздражнёна пакрыквалi на шматлiкiх пакупнiкоў, што панаехалi з вёсак i мястэчкаў. На другiм паверсе панавала зусiм iншая атмасфера, бо не было дзябёлых жанчын з заводскiх ускраiн, не было разявак з правiнцыi ды гаманлiва-вiсклiвай дзятвы. Там вакол вялiкай стойкi, што стаяла пасярэдзiне лiтарай «О», фланiравалi дзяўчаткi i хлопчыкi, ахрышчаныя «залатой моладдзю». Яны знаёмiлiся адно з адным, пiлi каву, вiно i кактэйлi з прымiтыўнымi i кiдкiмi назвамi «Фламiнга», «Паўночнае ззянне», «Рамонак». Яны слухалi музыку «АВВА» дый «Boney M». Яны любiлi пагаварыць пра Швецыю, Югаславiю, ЗША, пра Альбэра Камю, Сальвадора Далi, крыта-мiкенскую культуру, ангельскую мову, секс i абмежаванасць усяго савецкага. Яны вучылiся пiць каву без цукру i не напiвацца алкагольнымi напоямi. Не ва ўсiх тое атрымлiвалася, але я пра iншае, пра мужнасць.
Разумею: мужнасць у паўп’яным асяродку — справа недарэчная, i адзiнае правiльнае азначэнне майго ўчынку будзе — суцэльнае глупства. І ўсё ж. Я абышоў стойку, за якой увiхалася восем барменак. Як я не люблю, калi вiно налiваюць жанчыны! Знаёмых мастакоў i хiпi не было. І я, узяўшы бутэльку белага сухога вiна, уладкаваўся на высокае крэсла. «Рыслiнг» быў кiслы. Я разглядаў дзявочыя клубы, якiя зманлiва пагойдвалiся пад мiнi-спаднiчкамi. І ўжо намерваўся завесцi гаворку з адной бялявай гаспадыняй крэпенькiх сцёгнаў, як побач са мною ўсеўся сiне-блiскучы афрыканец. Без уступаў i падрыхтовак, на благой расейскай мове ён пачаў прапаноўваць мне даляры, каб я знайшоў яму што-небудзь з цыцкамi на доўгiх нагах. Зразумела, былi ў «Рамонку» хлопцы з вусiкамi i залатымi ланцужкамi на шыi, якiя падшуквалi арабам i неграм асобiнаў жаночага полу, за што i атрымлiвалi добры заробак. Чаму афрыканец прыняў мяне за «ката», за сутэнёра? Можа, для яго ўсе белыя выглядалi на адзiн твар? Каб адразу не крыўдзiць юрлiвага чарнаскурага хлюста, я запытаўся, з якой ён краiны. Ён назваў нешта накшталт Камеруна, але з ягоным вымаўленнем можна было пачуць i Конга.
Пасля напружаных дэбатаў я даведаўся: дзяржаўная мова ў ягонай краiне ангельская, сваю родную ён ведае, але пiсаць i гаварыць на ёй не збiраецца, як не збiраецца вяртацца ў Афрыку наогул, яго вабяць Штаты i Лондан. Вiно ў мяне скончылася, i разам з жаданнем выпiць яшчэ захацелася трупнуць па маленькай кучаравай галоўцы парожняй бутэлькай. Мяне да самых глыбiняў душы пакрыўдзiў касмапалiтызм англамоўнага афрыканца. Я перайшоў на беларускую мову i пачаў лаяцца на збянтэжанага негра бруднымi словамi. Лаяўся я даволi гучна, i да нас падышлi хлопцы з вусiкамi, яны хутка па-ангельску даведалiся пра юрлiвыя намеры негрытоса i звялi яго, а мне, каб заткнуў зяпу, купiлi бутэльку кiславатага «Рыслiнгу». І я заткнуўся. І пакрыўдзiўся на самога сябе. Як можна так апускацца? Як гнюсна выглядае мой патрыятызм сярод прасталытак, студэнтаў i «катоў». Самае лепшае ў гэтым здарэннi тое, што ў мяне знайшоўся яшчэ адзiн вораг, i гэта я сам — п’яны, нястрыманы, нахабны. Трэба сачыць за сабою. Банальна i нудна, але неабходна. Так, як трэба дарасказаць табе гiсторыю пра забойства ката ў сутарэннях.
Калi жывёлiна перастала ўздрыгваць, я адпусцiў вяроўку, кот упаў на падлогу. Я схiлiўся над скамянелай жывёлiнай i пачаў абмацваць нерухомае цела. Не ведаю, як я адчуў, што кот жывы, нейкi iмпульс прабег па маiх пальцах, нешта накшталт ледзь чутных удараў току. Не памёр! Жыве! Прыкiдваецца! Радасць iмгненна ператварылася ў жорсткасць, у агрэсiю. Утаплю! Занясу на будоўлю, дзе ў катлаванах стаяць глыбокiя лужыны.
Кот не супрацiўляўся, нiбыта скарыўся свайму лёсу, ён важкiм камяком ляжаў у мяне пад курткаю, пакуль я бег праз мiкрараён да будаўнiчых пляцовак. Сцямнела. Белаваты, падобны да тлушчу, лёд зацягнуў лужыны. Пакiдаючы за сабою чорныя сляды, я зайшоў у ваду па каленi. Акуратна, з пяшчотаю дастаў жывёлу з-пад курткi i апусцiў у сцюдзёную цёмную ваду. Кот уздрыгнуў, паспрабаваў выкруцiцца з рук, як выкручваецца тоўсты мянтуз, але я нагою прыцiснуў яго да дна. Можа, хвiлiну цягнулася барацьба. Заплюшчыў-шы вочы, я чакаў, калi кацiнае цела перастане ўздрыгваць пад маiм ступаком. Нарэшце кот супакоiўся, я расплюшчыў вочы i, здаецца, убачыў, як лёгкiм клубочкам пары з густой вады ўзнялася душа. Яна паплыла над малочным iльдом, а потым растала ў шчыльнай сiнечы.