На слушную прапанову Ласевiча заструменiўся гук падзення сiкуноў.
— Хто гэта там? — Агафончык ускочыў i ўтаропiўся на дашчаную перагародку, што сiмвалiзавала наяўнасць процiлеглых полаў.
— Я!
Мы ўтрох паглядзелi на дошкi, з-за якiх прыляцела такое самаўпэўненае, ну проста экзiстэнцыяльнае «я».
— Што за я? Хто там?
Вялiкiя вочы Алеся Ласевiча выказвалi непаразуменне.
— Я — Ларыса Данiлькевiч! А ты, Лось, калi прыйшоў у прыбiральню, дык рабi сваю справу цiха i не перашкаджай iншым. — Тыраду суправаджаў шорах апранахаў. — Дурань!
Агафончык, Ласевiч i я выскачылi на двор. З жаночага аддзялення выплыла чырвоная Ларыса, дзябёлая дзявуля.
— Вар’яты. Я ўсё раскажу Кiму Тодаравiчу!
— Там сабака захлынаецца, — Агафончык наставiў на Ларысу лiнзы акуляраў.
— Ну i хай сабе захлынаецца. — Ларысiны пальцы з абгрызенымi пазногцямi аправiлi клятчастую спаднiцу.
— Пайшлi выцягнем! — я накiраваўся да жаночага аддзялення. І чаму ў жаночых прыбiральнях заўсёды чысцей? Мусiць, з-за таго, што слабейшая палова чалавецтва ўсе патрэбы робiць седзячы.
Сабачая галава з прыцiснутымi да шыi вушамi цяпер пагойдвалася пад мужчынскай паловаю, але доўгая рука Ласевiча ўсе ж схапiла сабаку за поўсць. Сабака нават не завiшчаў. На двары ён стаяў у траве i калацiўся. Ягоны некалi закручаны хвост звiсаў з худога азадка роўненькiм прутком. Агафончык прынёс вядро вады i вывернуў на перапалоханага сабаку. Сабака страпянуўся, прысеў на ўсе чатыры лапы, падскочыў i кiнуўся ўцякаць. Ён больш не прыходзiў на ганак i не выпрошваў хлеба.
А праз тыдзень, зусiм выпадкова, я даведаўся, што кiнуў сабаку ў прыбiральню вясковы вар’ят Юрачка, клышаногi пераростак, з якiм нават малыя дзецi не хацелi гуляць. Юрачка хадзiў па Латыголi ў вялiкай картовай кепцы i ўсмiхаўся ўсiм сустрэчным, агаляючы ружовыя, нiбыта пластмасавыя дзясны. Крыўдаваць на такога грэх. Хоць я, вядома, азлiўся.
Васемнаццаць гадоў — такi ўзрост, калi ледзь не ўсе праявы жыцця выклiкаюць у душы гiдкасць. Юнацтва скончылася, цынiзм i максiмалiзм адышлi ў мiнулае, а iм на змену прыйшло непрыманне iснага, i ўсё навокал зрабiлася агiдным. Нават каханне стала iншым, бiялагiчным. З платанiчных, мройных, летуценных адносiн яно трансфармавалася ў матэрыялiстычнае вывучэнне i даследаванне аб’екта. Такiм аб’ектам стала для мяне Жанна Шук — высокая, паўнацелая, белая дзяўчына. Яна была белая ўся i паўсюль, нават смочкi на поўных грудзях былi ружовыя, светлыя, амаль белыя. Мы бралi эцюднiкi, кардонкi ды iшлi нiбыта пiсаць краявiды. Мы нават разыходзiлiся ад школьнага цэментавага ганка ў розныя бакi, а потым сустракалiся дзе-небудзь на ўзлеску цi каля рэчкi. Мы шукалi зацiшнае месца, кiдалi ў траву мастакоўскi рыштунак i, цалуючыся, распраналi адно аднаго. Мы не ведалi нават самых простых рэчаў. Кожнае наблiжэнне, дотык, ласка знiтоў-валiся з пераадольваннямi сораму, скутасцi, уяў-ных маральных нормаў. Пацалункi... Бясконцыя, ненатольныя, балючыя... Яна ўкусiла мяне за ключыцу. Тыдзень я саромеўся распрануцца перад хлопцамi.
Гадзiнамi мы ляжалi распранутыя побач... Пакуль не пачынаўся дождж цi не цямнела, цi не надыходзiў час палуднаваць... Мы разглядалi адно аднаго так, нiбыта адкрывалi таямнiцу сусвету. І ў той дзень мы распранулiся i ляжалi ў жыце, i я выпадкова патрапiў у яе. Яна раскiнула рукi, выгнулася ўсiм сваiм доўгiм целам насустрач майму целу i закрычала. Крык разляцеўся на ўсё поле i пад самае белае неба. А я спалохаўся i здзiвiўся, убачыўшы, якое ў яе ружовае паднябенне. Такое ж ружовае, як дзясны вар’ята Юрачкi, што хацеў утапiць у прыбiральнi сабаку.
— Нехта крычыць?! Пайшлi паглядзiм!
— Ай, пэўна ж, дзеўка з хлопцам забаўляюцца...
Увушшу яшчэ стаяў крык, i праз яго выплылi галасы вясковых жанчын. Мы апранулiся, стоячы на каленях, саромеючыся ўстаць i сустрэць позiркi чужых, варожых нам людзей.
Жанна не кахала мяне, яна кахала Алеся Ласевiча. З iм яна гуляла па вёсцы Латыголь доўгiмi цёплымi вечарамi. Яны трымалi адно аднаго за руку, гэтак, як некалi i я трымаў за руку Вольгу Пакроўскую. Жанна, як i Вольга мне, расказала Алесю пра ўсё, што здарылася на жытнёвым полi. Алесь прыйшоў у школу, я чытаў, лежачы на ложку, i ён папрасiў пайсцi на вулiцу i пагаварыць... Мы стаялi каля прыбiральнi.
— Я кахаю яе, i яна мяне кахае. Нашто ты нам перашкаджаеш? Паабяцай, што гэтага болей не будзе! Тады я першы раз у жыццi паабяцаў, што гэтага больш не будзе, i зразумеў, як лёгка паабяцаць, i ўсе застаюцца задаволеныя. Мне даводзiлася шмат разоў абяцаць, што гэтага цi таго больш не паўторыцца. А яно паўтаралася, множылася, i я перастаў сур’ёзна ставiцца да сваiх i чужых абяцанняў. Ну, чаму я павiнен адмаўляць сабе i Жанне ў зямной любовi? Чаму дваiм трэба слухаць аднаго? I мы не слухалi. І я не папракаў Жанну за тое, што яна ўсё расказала Алесю. І ўпэўнены, што яна не папракне мяне за тое, што я ўсё расказваю табе. І не трэба казаць пра мараль. Варта гаварыць пра пачуццi, пра гiдкасць, якая ў васемнаццаць гадоў так востра адчуваецца.