Ну хiба можна ў Мiнску ўбачыць чалавека ў высознай цялесна-ружовай шапцы, пашытай у форме чэлеса? А ў Амстэрдаме — калi ласка. Ідзе сабе чалавек у белым палатняным строi, а замест галавы — здаравенны мужчынскi орган з блiскучай галоўкай. А чалавек iдзе i спакойна размаўляе з сябрамi, вельмi цывiльнымi спадарамi ў добрых дарагiх палiтонах. Вось i адметнасць, вось i жывы экспанат з музея эротыкi.
Ёсць у сталiцы Нiдэрландаў i такая ўстанова — музей сексу. Зрэшты, ён расчараваў. Чакалася большага, думаў, пабачу каштоўныя творы мастацтва на зададзеную тэму, а сутыкнуўся з кепска зробленымi муляжамi. Ну хiба можа ўразiць пластмасавая дупа, якая вiсiць на сцяне i iмiтуе гук выпушчэння газаў? Цi каго здзiвiць гiдкi манекен старой прастытуткi, якi выскачыць на цябе з цёмнага кутка? Вялiкiя, блага зробленыя цацкi, i больш нiчога. Чым уразiць чучала Мэрылiн Манро, што прыцiскае да сцёгнаў падхоплены ветрам прыпол; цi пудзiла Маты Хары ў час расстрэлу; цi ўкленчаная мiнетчыца з пластмасавым чэлесам каля пластмасавых вуснаў? Парад разбэшчаных лялек. Збор пратэзаў. А вось на гледачоў цiкава глянуць, асаблiва ў залах з фотакарткамi, якiя рабiлiся аматарамi эротыкi выключна дзеля заробку. Амаль усе гледачы iнстынктыўна папраўляюць рукамi свае палавыя органы, прыкладна так, як дэпутаты папраўляюць гальштукi перад выхадам на трыбуну. Ну, калi ты ў Амстэрдаме, дык можна i паправiць напяты чэлес. Нашто трываць? Нашто каб муляла? Нашто рабiць выгляд, што ў цябе няма органа, калi орган ёсць? А так адвярнуўся, паправiў, уздыхнуў i выйшаў з музея эротыкi, хаваючы ў кiшэню калоду парнаграфiчных картаў.
А далей пашыбаваў у якi-небудзь зацiшны рэстаранчык-кабачок на два столiкi, шэсць месцаў. А там замовiў порцыю смажанай камбалы. І рудабровы кухар-гаспадар падсмажыць рыбiну найлепшым чынам i ўсмiхнецца, а ты пабачыш шырозны свiшч памiж пярэднiмi верхнiмi зубамi. Такi шырокi, што праз яго можа праплыць не толькi камбала, але i каравела, а за ёй i ўся iспанская армада, якую так люта ненавiдзяць галандцы. О, гэтая святая вайна за незалежнасць! О, гэтая праклятая Богам каланiяльная вайна! Iспанцы захапiлi Амстэрдам i амаль усё шаснаццатае стагоддзе рабавалi i ўцiскалi вось такiх рудабровых прадаўцоў камбалы. Але свет плыве, свет мяняецца. Імперыi руйнуюцца. Пясок сочыцца праз пальцы. Вада точыць камень. Нiдэрландскiя партызаны — гёзы — вызвалiлi родны Амстэрдам ад iспанскае навалы i вярнулiся ў свае крамкi гандляваць смажанай рыбаю. І калi сумна, а ты ў Галандыi, дык пашукай у дамках, падобных да кухонных буфетаў, маленькi рэстаран, з’еш сакаўны кавалак залатой камбалы, i стане ўтульней у гэтым свеце. Пад’еўшы, яно заўсёды спакайней.
Можна зноў прагуляцца вакол каралеўскага палаца, у якi так i не завiтала каралева. Яна любiць жыць у нейкай Гаазе. Вокны палаца цёмныя, як люстэркi за ложкамi прастытутак. Усё ж нельга надоўга пакiдаць каралеўскiя палацы.
Хай даруе Яе Каралеўская Вялiкасць усiх Нiдэрландаў, але трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем, каб не страцiць павагу i любоў уласнага народа. Вось такое нахабнае пажаданне выказалася нiдэрландскай каралеве ў музеi мадам Цюсо. Ясна, калi ты ў музеi спадарынi Цюсо, дык каралева не сапраўдная, а цацачная. Ну i што?
Я i сам ведаю, што лепей было пайсцi ў дом-музей найвялiкшага з галандскiх жывапiсцаў, чым да Цюсо. Але дом Рэмбранта, як высветлiлася, адчыняюць толькi ў нядзелю. Пацалуй прабой i кiруй дамоў. Але ты далёка ад Мiнска, ты ў Амстэрдаме, iдзеш на пляц Дам, i цябе ветлiва запрашаюць у музей бабулi Цюсо. Ідзеш.
«Русiш?» I атрымлiваеш паперку з тэкстам, якую чытаеш у хуткасным лiфце, якi iмчыць на самы верх вялiзнага будынка. З лiфта накiроўваешся ў цёмны, кепска асветлены пакой. І тут успыхваюць пражэктары, у конусах промняў на цябе насоўваецца са столi вялiкая чатырохметровая фiгура Клааса Янсзоона, якi нагадвае Якуба Коласа з аднайменнага мiнскага пляца, пераапранутага ў строй залатога для Галандыi семнаццатага стагоддзя. Амстэрдамскi калос пачынае расказваць пра васьмiдзесяцiгадовую вайну за незалежнасць. Леваруч ад яго высвецiцца дыярама бiтвы. Сапраўдная гармата стрэлiць сапраўдным колцам дыму, якое паляцiць над табою, нiбыта ядро. А ты ўспомнiш бронзавага партызана Дзеда Талаша з унукам, якi цягне скрыню з патронамi. Раней у праекце недалёка ад скрынi з патронамi каля коласаўскага чаравiка ляжаў вялiзны капялюш, але бронза — рэч каштоўная, вырашылi эканомiць i не адлiваць капялюш. Народны пясняр цяпер сядзiць на пляцы без галаўнога ўбору. А ягоны стрыечны брат Клаас хоць i ў памяшканнi, але пры капелюшы. Вядома, Клаас у Амстэрдаме, а Колас у Мiнску, i хай яны абодва калосы, але Бог не роўна дзелiць.