М і к і т а. Вельмі паважаныя, меджду протчым, мадамы, вельмі паважаныя, меджду протчым, мусьі! Да апошняга часу пролетарыят эксплеатаваў буржуазію. Буржуазія з усіх жыл выбівалася, каб здабыць сабе на чорны дзень якую жменю золата або кусок якога маёнтку, а пролетарыят, меджду протчым, у гэты бок i паль-цам не ківаў; усей работы яго было, што толькі, меджду протчым, працаваў, ды йшчэ за гэтую мізэрную працу цягнуў крывавую капейку з беднай буржуазіі. Буржуазія з кожным днём ад недастаткаў таўсцела — казаў той — расла не ўвышкі, а ўпапярэчкі, меджду протчым, як той гарбуз, а пролетарыят ад роскашы цянеў — казаў той — рос не ўпапярэчкі, а ўвышкі, меджду протчым, як тая тычка. Дзеля таго
С п i ч ы н i. Затрымайцеся на мінутку. У сваей араторыі вы пераблуталі лёгічныя тэрміны, і там, дзе павінна стаяць першае, у вас чамусьці другое, а дзе — другое, там стаіць першае. Ужо я вам казаў, што тэорыя аратарскага мастацтва не любіць, каб выкідалася перад аўдыторыяй тое, што ў вас папраўдзе накіпела на вантробе. Можаце думаць усе, што толькі вам падабаецца, але гаварыць абавязаны толькі тое, што іншым падабаецца. Толькі такім чынам вы зробіце сабе на свабоднай аратарскай профэсіі якследную асэсарскую кар'еру. Цяпер папробуйце сказаць араторыю на тэму: «Рэволюцыйная самадысцыпліна».
М і к і т а. Ша… Шан… Не так… Меджду протчым, мае П а н. ечкі і мае П а н. очкі! Рэволюцыйная самадысцыпліна… рэволюцыйная самадысцыпліна… гэта такая, меджду протчым, дысцыпліна, што мае два канцы — то яна ўсіх б'е, то яе усе б'юць, бо контррэволюцыйная дысцыпліна не спіць у шапку. 3 гэтае прычыны і рэволюцыйная самадысцыпліна не мае права спаць, меджду протчым, у шапку, бо йначай праспіць усю сваю гаспадарку. Дзеля гэтага
С п і ч ы н і. Затрымайцеся. Гэта ў вас выйшла нібы лепей. Цяпер выслухайце маленькія дзве асцярогі: першае — калі ўзыдзеце на трыбуну, то ёмка зачашэце сабе на галаве думку аб тым, пры якой політычнай сытуацыі выступаеце з араторыяй. Другое — найбліжэйшая політычная сытуацыя, пры якой першы раз прыйдзецца выступаць вам публічна, апіраецца на пэўных шіяцформах. Дзеля гэтага, перш чымся араторыць, вы павінны выбраць сабе стойкую пляцформу і толькі адну, а не дзве або тры, бо йначай можаце паскаўзнуцца і зваліцца з усіх трох разам.
М і к і т а. Меджду протчым, магу я зысці ўжо, мусье профэсар, з трыбуны?
С п і ч ы н і. Можаце ўжо зысці, мусье рэгістратар, з трыбуны.
М і к і т а. Мітынг, мусье профэсар, мітынг, меджду протчым, гэта нешта такое, што выдумал! ангельцы для тых, якія нічога не хочуць рабіць, а толькі ходзяць і варон страляюць. Мітынг, меджду протчым, гэта тое самае, што пераліванне з пустога ў парожняе. Мітынг — гэта тое з вушамі таварыства, дзе араторыць буду я, а слухаць будуць яны і крычаць будуць: віват, рэгістратар Зносілов! — калі іх па шэрсці пагладжу, і — далоў, рэгістратар Зносілов! — калі пагладжу іх проці шэрсці, меджду протчым.
С п і ч ы н і. Усе гэта як бы так і як бы не так. Але да гэтага яшчэ вернемся. Цяпер мне адкажэце на адно пытанне, і на сягоння будзе годзе. Вы што-небудзь ведаеце аб савецкім ладзе?
М і к і т а. Оей! Нават добра ведаю.
С п і ч ы н і. Аб гэтым у вас павінен быць ясны, дужа ясны светагляд, адным словам — пад арэх.
М і к і т а. Савецкі лад… Савецкі лад, меджду протчым, Гэнрых Мотавіч… Савецкі лад… гэта… гэта такая чырвоная паводка… такая, меджду протчым, паводка, аб якой не снілася ні Фараону, ні Салямону… Савецкі лад гэта… гэта…
С п і ч ы н і.
М і к і т а. О так! Асабліва страшна з ім спатыкацца, меджду протчым, калі ён наступав.
С п і ч ы н і. Маю гонар кланяцца!
З'ява X
М і к і т а. Наша найніжэйшае, меджду протчым, ушанаванне мамзэль Насце!
Н а с т а. Добры вечар! Добры вечар, мусье Нікіці!
М і к і т а. Што ж гэта вы, мамзэль Наста, не самі адны, а з гэрам немцам, як з нявіннай ахвярай свайго, меджду протчым, чарадзейскага сэрца?
Н а с т а. Ужо даўно мае сэрца — не мае, а сядзіць у пастцы другога сэрца…
М і к і т а. Але и паленных, як уважаю, па дарозе хапае. Ці гэта, можа, вы дабравольна, меджду протчым?