Н а с т а. О, немцам цяпер не да чужых гензралаў. Яны цяпер заняты спэцыяльна хапаннем сваіх жа ўласных генэралаў. Бо, як чула я ад пэўных асоб, у іх таксама рэволюцыя. А вось гэтага — дык я толькі ахвяравалася правесці да Брахалкі.
М і к і т а. А ці не ведаеце, мамзэль Наста, можа, яму на дарогу маркі патрэбны, бо я маю да прадання?
Н а с т а. Спытайцеся.
М і к і т а. (да Немца). Меджду протчым, гэр гэрманіш, можа, купіце германскія маркі?
Немец паказвае на мігі, што не разумее, у чым рэч. Мікіта дастае партманэ, а з яго грошы і на міг паказвае немцу, каб купіў. Немец тлумачыць на мігі, што яму грошы не трэба, бярэ «пад казырок» і выходзіць.
З'ява XI
Мікіта, Наста.
М і к і т а (палажыўшы, не помнячы, партманэ з грашыма на лаўку). Ну і немец, меджду протчым! Сваіх жа нямецкіх марак не хацеў купіць. Але што гэта — ці ён нямы, што ні слова не адказаў мне на запытанне?
Н а с т а. Не нямы, а толькі немец і па-нашаму не разумее.
М і к і т а. Гм! Цікава! А чаму той, што маніўся мяне ў палон, меджду протчым, узяць, як рэпу сек па-нашаму?
Н а с т а. А гэта іншая рэч. У іх, як мне з пэўных крыніц вядома, ёсць спэцы ад усялякіх языкоў, ну вы і нарваліся на гэткага спэца.
Паўза.
М і к і т а (набок). Страшэнна, меджду протчым, адпаведная хвіліна, каб паутарыць мамзэль Насце сваю адвечную пропозыцыю.
Н а с т а. Аб чым гэта вы так задумаліся, мусье Нікіці?
М і к і т а. Ды ўсё аб тым самым, меджду протчым, хэрувімская мамзэль Наста: аб вас мае думы ўпалі ў глыбокую задуму.
Н а с т а. I глупства робяць гэтыя вашы думы, Я ж вам ужо цяперся забараніла думаць аба мне, пакуль не зробіцеся асэсарам! Значыцца, і не маеце права думаць.
М і к і т а. Не магу вытрываць, сэрафімская, меджду протчым, мамзэль Наста, аніяк не магу вытрываць! (Становіцца на лаўцы перад Настай на калет, заеланяючы збольшага яе и сябе распушчаным парасонам.) Мадоністая мамзэль Наста! Каханне мае, меджду протчым, вульканічнае! Падаруйце ж мне, нарэшце, сваю абымальную руку і свае трапятлівае сэрца. Асэсарам буду я, вось пабачыце, што буду! Ужо я стаю на вялікай дарозе да славы, да славы знамянітага, меджду протчым, аратара. А там як піць даць атрымаю асэсарства. Меджду протчым, чырвоным асэсарам буду! Толькі прымеце мяне, жыватворнакрынічная мамзэль Наста, у пакорныя і вечныя слугі вашага, меджду протчым, сіньёрыстага сэрца.
Н а с т а. Хапун вас не схопіць, мусье Нікіці, калі яшчэ крыху пачакаеце на мае рукі і на мае сэрца. Толькі тады з гэтага квасу будзе піва, калі я з пэўных крыніц напэўна даведаюся, што вы не рэгістратар толькі, а ужо асэсар. А іншых залётаў ды іншых каханняў мой організм не прымае. Пакіньце кленчыць на лаўцы, а так сабе на зямлі чакайце. Будзьце здаровы! Мушу збегаць у вадну пэўную крыніцу. (Выходзіць.)
М і к і т а (яшчэ кленчачы і працягнуўшы з парасонам рукі ўслед Насце). О, ранга мая асэсарская! О, кляса мая бонтонная, беспардонная!
З'ява XII
Мікіта, Абарванец.
А б а р в а н е ц. (увайшоўшы з таго боку, куды Наста выйшла, да кленчачага з працягнутымі рукамі Мікіты). Пажэртвуйце, таварыш, безработнаму!
М і к і т а. (зышоўшы з лаўкі, набок). Пачынаецца! Падумаеш, таварыш! (Да Абарванца.) Выбачайце, я не таварыш, а, меджду протчым, буржуаз, а як вам хіба ведама — буржуазія нічым не жэртвуе. (Сярдзіта адва-рачваецца набок.)
А б а р в а н е ц. (патросшы кулаком, набок). Пачакай! Заўтра ты ў мяне йначай запяеш! Заутра ты ў мяне папросіш пажэртваваць. (Забірае пакінутае на лаўцы партманэ і выходзіць.)
З'ява XIII
Мікіта.
М і к і т а (да праходзячай з чырвоным сцягам групы грамадзян і грамадзянак). Мо, шаноуныя мадамы і мусьі, патрабуеце купіць марак? (Мацаецца па кішэнях.) Новенькія… Але, новенькія… Дзе ж яны? (Лрыглядаецца на зямлю, на лаўку.) Грамадзяне и грамадзянкі, пырснуўшы смехам, пайшлі. Сцягнуу нехта! Апошнія грошыкі сцягнуў, меджду протчым, і рускія і нямецкія. Заутра не будзе за што і рук зачапіць. (Апускаецца з уздохам на лауку, кладзе на паруччы рукі, звешвае на іх галаву і ўпадае ў глыбокую напаўсонную задуму.)
Паўза.