М і к і т а. Не каменне, меджду протчым, мамзэль, а наш хлеб штодзенны. (Дастаючы першы партфель.) У гэтым портфэльчыку ўсялякія асабістыя пасведчанні: на маю асобу, на маю кватэру, на ваду, на апал, на яду, на хадзьбу і гэтак далей, і яшчэ дакуманты на права ўставаць рана і не устаъаць рана, хадзіць на службу і не хадзіць на службу, насіць вопратку і не насіць вопратку, трымаць грошы і не трымаць грошы, мець сабе жонак і дзяцей і не мець сабе жонак і дзяцей, свістаць, меджду протчым, на…
Я н к а. (перабіўшы). А у гэным другім лантуху?
М і к і т а. (дастаючы другі партфель). А у гэтым, меджду протчым, портфэльчыку ўсялякія дэкрэты, законы, пастановы, загады, рэзолюцыі, інструкцыі аб раўна-праўі ўсіх расаў і падрасаў, усіх нацый і паднацый, усіх народаў і паднародаў, усіх моваў і падмоваў — у нашай ядынай і непадзельнай Літбеларускай рэспубліцы. (Дастаючы трэці партфель.) У гэтым толькі грошы — мая пэнсія за першыя дзесяць дзён гэтага ліпня месяца і за два тыдні наперад. (Дастаючы чацвёрты, апошні партфель.) А у гэтым карапузіку важнейшыя дакуманты: профсаюзу, біржы працы, культасветы, нашага № 157 348 дамкому, у якім я паўнапраўны сакратар, і гэтак, меджду протчым, далей. (Дастаючы іншыя рэчы з каламажкі.) Далей ідуць мае за месяц чэрвень, за першыя дзесяць дзён ліпня і за два тыдні наперад дармовыя, меджду протчым, пайкі: сем фунтаў адборнай атрубянай мукі, паўтара фунта з асьмушкай круп, два фунты з чвэрткай гароху, не ведаю колькі газы, паўчвэрці фунта і два лоты солі, і да ўсяго гэтага яшчэ: селядцы, тараны, сем з паловай фунтаў дроў, пудэлачка, меджду протчым, пудры а-ля-руж, падстаўка для кветак, тры чаркі, а болей здаецца, нічога няма.
Я н к а. Як уважаю, дойная каза выйшла з вашай свабоднай профэсіі аратара: столькі грошай, ды яшчэ дармовыя пайкі!
М і к і т а. Бачыце, пане профэсар, як вам сказаць, меджду протчым, я ўжо махнуў рукой на усе свабодныя профэсіі: штосьці мне яны не шанцуюць.
Г а н у л я. Не шанцуюць, бо не за свае бярэшся. Гэта ж, трэба вам ведаць, чуць не наклікаў на сваю галаву безгалоўя. Як толькі немцы выйшлі, то ен ужо на другі дзень палез на Трэку недзе на вышкі і давай на чым свет падбухторываць людзей. Спачатку ўсе здзівіўшыся глядзелі, смяяліся, а пасля давай шпурляць у яго чым хто папала. Сцягнулі гвалтам з вышак і немаведама куды б зацягнулі. Але, на шчасце, заступілася мамзэль Наста і сяк-так выпутала з гэтай бяды.
М і к і т а. Меджду протчым, мамаша, вы крыху не ў тых колерах адмалявалі ўсю гэтую трагічную гісто-рыю. Уся бяда была ў тым, што я не ўгадаў, на якую, меджду протчым, стануць пляцформу, дзеля гэтага па-слізнуўся і быў змушаны прымусова зыйсці з трыбуны. I гэтае, меджду протчым, здарэнне пераканала мяне, што кроў свабодных профэсій у маіх жылах яшчэ не цячэ і што мае праўдзівае прызванне вось у гэтым (хлопаючы па партфелях): паперы, паперы и паперы. Цяпер я, пане профэсар, маю шаснаццаць дзенных і восем вячэрніх, меджду протчым, пасадаў рэгістратара ў розных Менскіх Губэрнскіх Саўхозах, Нархозах, Комхозах, Домхозах і іншых аддзелах, пададдзелах і напаўпад-аддзелах, дзе, меджду протчым, сяджу сабе і сяджу сабе, пішу сабе і пішу сабе. На маю пільную працу нават начальства, меджду протчым, звярнула ўвагу і да маёй рангі рэгістратара дабавіла ганаровую падрангу, якая па-нашаму завецца «Совбур». Бяда толькі, меджду протчым, што вось новая, па ліку трэцяя, політычная сытуацыя спыняе на няведамы час тэту маю рэгістра-тарска-совбурскую кар'еру.
Уваходзяць з дваіх праціўных дзвярэй Вучоныя.
З'ява IV
Тыя ж, Заходні вучоны, Усходні вучоны.
З а х о д н і в у ч о н ы. (стукнуўшыся з Усходнім). Пся крэв!
У с х о д н і в у ч о н ы. Чорт подзеры!
З а х о д н і в у ч о н ы. Пшэпрашам пана!
У с х о д н і в у ч о н ы. Ізвініце, судар!
З а х о д н і в у ч о н ы. I пан ту?
У с х о д н і в у ч о н ы. I вы здзесь?
Кланяюцца самі сабе і прысутным.
З а х о д н і в у ч о н ы. (да Янкі). Бардзо на часе, жэ пан обэцным ест. Для взбогацэня нашэй ведзы польскей потшэбнэ сон ешчэ нектурэ шчэгулы о нібы вашым краю. Можэ, шановны пан поінформуе цось о пшыродзе так званэй по-вашэму Бялэй Русі і цось о тэм, яке собе закрэсляце граніцэ політычнэ.
Я н к а. Прырода наша, пане вучоныя, прыродная. Маем поле і лес, горы і даліны, рэчкі і вазёры, нават мора мелi — называлася Пінскае, — але акупанты змя-шалі яго з гразёй, дык засталося толькі Пінскае балота. А граніц політычных не маем, бо і політыкі сваёй не маем — на чужой політыцы пакуль што ездзім.