I запраўды рабiлася. Рабiлася й зрабiлася. Каб не зрабiлася, я-б цяпер ня сядзеў у Вiльнi i ня пiсаў гэтых радкоў.
Над маiм сталом вiсiць на сьценцы маленечкi партрэцiк, выразаны з газэты, бо iншага я ня меў, Мар'яна Сьвяхоўскага. Пiшучы гэтыя радкi, паглядаю час-ад-часу на гэты змучаны хваробай твар i з удзячнасьцяй успамiнаю аб iм. Каб гэткiх людзей было больш!
I ня ведаю, скуль у яго быў гэткi сантымэнт для мяне. Чаму ён, чалавек хворы й заняты рознымi iншымi справамi, прысьвецiў гэтулькi энэргii, каб вызвалiць мяне з савецкага вастрогу.
Хай мой успамiн аб iм будзе замiж красак на ягоную, можа, зарослую цяпер быльлём, магiлу. Сьпi спакойна, Мар'яне Сьвяхоўскi, хай зямля Табе будзе пухам. А Аляхновiч пахiляе з пашанай галаву перад тваёй магiлай, i вусны ягоныя шапочуць: «Дзякуй… дзякуй!..»
Як я зрабiўся загадчыкам IЗО
14-ая рота ўжо забытая. Я ўжо зноў у лепшых абставiнах жыцьця. Iзноў собскi тапчан, iзноў палiчка i г. д.
Тэатр ужо зьлiквiдаваны. Я мяняю работу. Працаваў на дрывяным складзе, у канцылярыi УСЛОНу, за стоража i на iншых пасадах. Урэшце ўладзiўся ў IЗО (iзобразiцельный отдел), дзе маляваў лёзунгi, розныя плякаты i да г. п.
Перад 1 траўня была гарачая работа. Трэ было прыаздобiць лягер для першамайскага сьвята. Малявалi партрэты «важдзей», пiсалi лёзунгi, вязалi гiрлянды зь елачных галiнак.
Наш узгадавальнiк упiраўся, каб выпiсаць вялiкiмi друкаванымi лiтарамi нешта з твораў «мудрага» Сталiна i наклеiць на аднэй iзь сьценак у Крамлi., Загадчык 130 казаў, што мала часу, што праз адну ноч гэтую работу зрабiць немагчыма. Я, седзячы ў другiм пакоi, нiчога аб плянах узгадавальнiка i аб ягонай гутарцы з загадчыкам ня ведаў. Раптам узгадавальнiк паклiкаў мяне.
— Аляхновiч! Можаш зрабiць гэтую работу за адну ноч?
— Пожалуй…
— Ну, дык валяй! Атрымаеш прэмiю… Я пастараюся, каб табе выдалi два кiлё хлеба.
Я зрабiў сабе драўляныя лапаткi i пачаў друкаваць мудрыя словы гэнiяльнага Сталiна. Да ранiцы работа была скончаная. Я атрымаў ня 2, a 3 кiлё хлеба. I яшчэ больш…
Бо праз пару дзён узгадавальнiк сказаў:
— Аляхновiч! Хочаш быць загадчыкам IЗО? Я ўжо гаварыў з начальнiкам васьпiтацельнай часьцi. Згаджаецца.
— Не, таварыш васьпiтацель! Дазвольце лепш застацца на старым становiшчы.
Я ведаў, што адказнае становiшча на Салоўках — рэч небясьпечная.
— Няма чаго казаць. Справа пастаноўленая ўжо. Будзеш за загадчыка.
I я зрабiўся загадчыкам. Меў асобную кватэру (жыў у куточку пры IЗО), меў свайго днявальнага, якi хадзiў па варатак, прыбiраў памешканьне i да г. п. Пад маiм загадам быў мастак (маляваў партрэты «важдзей»), дыяграмiсты (вырысоўваў дыяграмы «вырабаткi») i памянёны днявальны.
Жылося добра. Працы (як ня было нiякiх «торжеств») было мала. Я быў спагадным, мяккiм загадчыкам.
Мастак сядзеў перад начатым партрэтам Дзяржынскага i драмаў. Я грэўся перад печкай. Дыяграмiсты расказваў анэкдоты або таксама драмаў. Толькi адзiн днявальны сядзеў у куточку iз сшыткам у руцэ i, рытмiчна кiваючыся, нешта пяяў сабе пад нос па-башкiрску.
Ён доўга не хацеў сказаць, аб чым ён пяе.
Пасьля толькi ўдалося мне даведацца.
Ен казаў:
— Як я вярнусь да свой дом… я не памятаюць усё… Так я цяпер усё, што перажываюць, усё пiсаць, i вучыць на памяць, i пяяць… Як буду ў свой дом, тады ўсё, што перажыў, буду пяяць…
Ён быў башкiрскiм паэтам.
Часам, аднак, неўспадзеўкi заглядаў да нас начальнiк васьпiтацельнай часьцi.
— Ну, што тут у вас робiцца?
— Работаем, гражданiн начальнiк!
— А этот што-ж усё сядзiць над партрэтам Дзяржынскага! Той раз я бачыў гэты партрэт i цяпер тое самае.
— Гражданiн начальнiк… Гэта мастацкая работа… Леонардо да Вiнчы сваю Джыоконду маляваў пяць гадоў i казаў, што яшчэ ня зусiм закончаная…
— Гм… Ну, хорошо… Работайце… Толькi не забывайце о большэвiстскiх тэмпах.
— Мы памятаем, гражданiн начальнiк!
Крадзежы
Адначасна з пераменай курсу лягернае палiтыкi ў кiрунку ўпрывiлеяваньня крымiнальнага элемэнту пачала непамерна разрастацца лiчба крадзежаў. Праўда, i раней выпадкi крадзежаў у лягэры здаралiся даволi часта, але цяпер дык пачалася запраўдная пошасьць.
Выходзячы на работу, мы зачынялi камары на ключ. На калiдоры дзяжурыў днявальны. Аднак зладзеi пралазiлi ў нашае жыльлё праз вакно цi то па драбiне, цi па прыстаўленых да сьцяны дошках. У радоўцы да кухнi, у крамцы, у тэатры — усюды, дзе быў натоўп, зладзеi-прафэсiяналы лоўка ачышчалi кiшэнi неасьцярожных фраераў.
У вязьня, якi варочаўся ў сваю роту з толькi што атрыманай пасылкай з прадуктамi, пасылку проста вырывалi з рук. Недзе воддаль бандыты хапалi сваю ахвяру за горла i рабавалi ўсё, што было ў кiшэнях. Кралi ўсё: грошы, тытун, вопратку, бялiзну, а галоўнае — спажыўныя прадукты.
Злоўленых на месцы крадзежу каралi ня больш як двухтыднёвым арыштам.
Пасьля выявiлася, што начальнiк салавецкага лягеру, Мардвiнаў, разам з некаторымi працаўнiкамi аслаўленага IСО быў у хаўрусе iз зладзеямi. Зладзеi вольна кралi i за патачку з боку начальства дзялiлiся зь iм сваёй здабычай.