Але гэтага мала. Надзеi на вызваленьне няма нiякай. Трэба нешта надумаць. Трэба знайсьцi нейкую саломiнку, за якую можна-б было ўхапiцца.
I я надумаў для сябе гэтакую «саломiнку».
Будзем стаяць на матэрыялiстычным гледзiшчы. Бязь нiякае мiстыкi. Думка мая, скажам, ёсьць нешта матэрыяльнае. Я шлю яе ў прастор. Яна ляцiць на хвалях этэру цi на нейкiх iншых, няведамых… Усё роўна, гэта няважна! У думках сваiх заўсёды — стаючы ў чарзе, iдучы на работу, лёгшы на нары — заўсёды я паўтараю адно: «я хачу быць на волi!» I думка мая ляцiць у прасторы, шнуруе, перасякаецца зь iншымi i… раз адзiн, можа, штырхнецца з думкай, якая можа мець уплыў на мой лёс… I робiцца тады гэткi «court schluss…» нешта трашчыць, ламаецца, робiцца нейкi неспадзяваны пераварот у маiм лёсе…
I я думаў… Думаў i лятуцеў. Пераносiўся думкай у родную Вiльню, на бераг Вяльлi, сядзеў на пляжы пад Вэркамi або хадзiў па добра знаёмых вулiцах…
Камара ўжо храпла сном зморанага катаржнiка, а я, лежачы на нарах, пераносiўся далёка ад Салоўкаў iз слабой iскрай надзеi, што думка мая, маё гарачае хаценьне здолеюць зрабiць нейкую зьмену ў маiм лёсе.
Гэткай сваей саматужнай тэорыяй я стараўся дадаць сабе духовай сiлы, стварыць саломiнку, за якую ў безнадзейнасьцi майго палажэньня мог-бы ўхапiцца…
Летась мне трапiла ў рукi адна надзвычайная кнiжка, у якой я прачытаў[20]
:…«Кажная з нашых думак — гэта рэальнасьць, — гэта сiла. Кажная думка — гэта цэгла ў твораным лесе — злым цi добрым.
Хто ў дадзены мамэнт павiнен жыць у паганай хаце, блага харчавацца, сябраваць зь людзьмi грубымi i някультурнымi, хай бязупынна пратэстуе ў сваiх думках супраць усяе гэтае нядолi! Хай духова жыве ў iншым, прыгажэйшым доме… сярод iншых людзей, — гэты стан ягонае душы сам давядзе яго да чагосьцi лёпшага, без намаганьня, бяз прымусаў…
Будзь толькi багаты духам, фантазiяй i сьведамасьцю, a ўсё гэта прыйдзе… Галоўны настрой цi заняпаду духу, цi трыумфу, у запраўднасьцi стварае ўсе фiзычныя абставiны жыцьця…
„He абмяжоўвай нiколi будучых магчымасьцяў…“»
Домiнантай маiх настрояў было гарачае жаданьне вызваленьня, туга за iншым жыцьцём, хаценьне выбрацца на волю…
А ў перамешку з гэтым
Газэта й радыё
Што другi дзень выходзiць тутака друкаваная газэта «Трудовой Путь», рэдагаваная й складаная вязьнямi. Газэта ўсьцяж заклiкае да павялiчэньня прадукцыйнасьцi працы i «кляймiць» усякiя правiннасьцi вязьняў.
У кажнай роце i ў кажным прадпрыёмстве ёсьць радыёгукальнiк, злучаны з цэнтральнай станцыяй на Вэгэракшы.
На працягу ўсяго дня чуем заахвочваньне да наследаваньня найлепшых ударнiцкiх брыгадаў i словы асуджэньня ды пагрозы адказнасьцяй для тых, хто не спраўляецца iз сваёй рабочай нормай, — а ўвечары злучаюць нас iз Macквой, скуль чуем лекцыi, бягучыя весткi (i там усё ў ударнiцкiх тэмпах), канцэрты, опэру. А самай поўначы (паводле заходняэўрапэйскага часу — а 10-й гадзiне вечару) чуюцца нязьменна гукi савецкага гiмну (iнтэрнацыяналу), i пасьля да 2-ое гадзiны ўначы злучаюць нас iз сталiцамi эўрапэйскiх гаспадарстваў. Слухалi мы часта Бэрлiн, Вену, Прагу, Варшаву…
Пасьля ўсiх гэтых нясьцiханных гутарак аб «ударнiцтве» й «спаборнiцтве» дзiўнае ўражаньне робяць гукi фокстроту, якiя плывуць да нас зь нейкае эўрапэйскае кавярнi. У перапынках чуваць бразганьне судзьдзя, гул галасоў людзкiх… Галодны, у лахманах вязень слухае гэтыя гукi i лятуцiць аб сытым жыцьцi, жыцьцi ў чысьцiнi, — не аб камфорце, але аб найбольш элемэнтарных абставiнах запраўды людзкага жыцьця. Усё гэта — такое далёкае, недасяжнае… Наплываюць наiўныя думкi аб чыстым каўнерыку, аб эўрапэйскай вопратцы, аб шыкарных жанчынах, аб залiтай сьвятлом залi, аб красках… Наплываюць думкi аб усiм, што чалавек страцiў назаўсёды. Гэта-ж — ня сон. Там, недзе далёка, за колькi тысяч кiлёмэтраў, людзi жывуць iнакш… Там, недзе, у «капiталiстычных» краёх людзi не памiраюць ад голаду, ня знаюць ГПУ…
Гэткiм шляхам iмкнуцца думкi вязьня пад гукi фокстроту, пачутага праз радыё з эўрапэйскае кавярнi…
Стаiць вязень, абапёршыся аб сьцяну, i слухае. Закруцiлася сьляза ў воку. Добра, што нiхто ня бачыць: таварышы спяць. Ён лятуцiць… А блышыцы пачулi пажыву… шпарка паўзуць па сьцяне да лятуценьнiка, што прытулiўся да яе… Лезуць за каўнер i — варочаюць яго да запраўднасьцi…
Трэба баранiцца ад блышыцаў… Дый спаць пара ўжо. Дай Бог, каб сон быў без кашмараў! Заўтра рана трэба падымацца на работу…
А стуль — здалёк, праз тысячы кiлёмэтраў, радыёвыя хвалi нясуць гукi музыкi, калышуць да сну…
У iзалятары
13-га лiпеня 1933 году, калi я ў сваiх кашарах еў атрыманую на абед полiўку з «таранi», прыбег, задыхаўшыся, пасланец ад IСО, клiчучы мяне чым хутчэй з сабой:
— Хутка! Разам з рэчамi — марш у IСО!