Гэтыя словы са святога Евангелля паводле Лукі Анісім Палікарпавіч прачытаў нядаўна ў адным цікавым, з голымі жанчынамі, часопісе. Дык во як прыдаліся яны зараз!.. «Найперш, значыцца, цяпер — справядлівымі сродкамі вырошчваць добрае дрэва…» Ён пісаў, і словы счэпліваліся адно з адным, нібы звёны ланцуга — паспрабуй, разарві гэты ланцуг!..
Вечарам у ложку Анісім Палікарпавіч стрымана — хіба яму ўпершыню рабіць навуковыя адкрыцці? — думаў: «Вось так, шаноўныя таварышы Маркс і Хрыстос, сёння вы геніяльна пабраталіся. А хто вас памірыў?.. У навейшай гісторыі не згубіцца гэтае імя…»
Кажуць, Маркс, як паставіў апошнюю кропку у «Капітале», усю ноч шчасліва ўсміхаўся ў сне. Анісім Палікарпавіч таксама спаў з салодкай усмешкай на вуснах. Усю ноч ён цешыўся дзівосным сном. Сніў сябе тым цемнагрудым вераб’ём. Гайдаўся на галінцы кучаравай вішні, аблашчаны цёплым сонцам, і чырыкаў па-вераб’інаму Марксу з Хрыстом, якія, абняўшыся ў бірузовым небе, прымірана слухалі яго. А заадно і Дземянцею з Пазьняком, што сядзелі радком, як херувімы, у прыгожай разной альтанцы пад вішняй і пазіралі адзін на ўсход, другі на захад.
НЕЎМІРУЧАЯ ПЕСНЯ
Кампазітар-песеннік Дзяніс Эстрадны, папрацаваўшы ўсмак, напісаў на словы вядомага паэта Цімафея Ламавіка песню «Хлопец з дзеўкай парай ходзяць». Песня атрымалася, казаў, як гімн спрадвечнаму пачуццю, што творыць жыццё чалавека. Першы, з кім ён падзяліўся сваёй радасцю, быў музыказнавец Кірыла Джазаў — якраз забег да Дзяніса перахапіць «мядзведзя» на выдаткі, пра якія нельга ведаць жонцы. Джазаў пачытаў ноты, сыграў на піяніна мелодыю. Наморшчыў нос, памыляў губамі.
Дзяніс Эстрадны ўсё зразумеў. Схаваў «мядзведзя», якога падрыхтаваў ужо быў, у кішэню, усмешліва звузіў вочы:
— Не спадабалася, значыцца? Ну, што з цябе возьмеш? Сказана — Джазаў, табе шум-звон падавай. А песню ж тонка трэба разумець, кожнай часцінкай душы. Артысты скажуць сваё важкае слова.
Аднак ішоў час, а песня не гучала ні ў канцэртных залах, ні ў палацах культуры, ні па радыё. Эстрадны прапаноўваў яе многім спевакам і ад усіх чуў амаль адно і тое ж: «Гэта, браце, не маё амплуа...» «Яна, даруйце, Дзяніс Раманавіч, велікадушна, не для майго голасу…» Ён абураўся: чорт ведае што! Папрысвойвалі ім званні народных, заслужаных, а яны ж сапраўдную песню спяваць не могуць! Во, вішчаць ды лямантаваць у мікрафоны — на гэта яны майстры.
Страціўшы веру ў прафесіяналаў, Эстрадны кінуўся да самадзейнасці. Сапраўдныя таленты там, у гушчыні народнай. Без мікрафонаў — і як! Слухаеш — дык узнёсласць у грудзах не ўмяшчаецца, радасць, як тая рэчка ў весні разліў, з берагоў выходзіць.
Але і самадзейныя спевакі, хаваючы збянтэжанасць, яму казалі: «Нам такую мелодыю не выцягнуць». Тады Дзяніс Эстрадны вырашыў, што «лёд тронецца», калі папулярызаваць песню з дапамогай друку. Толькі трэба шырока і гучна, каб ажно да беларусаў свету дайшло Няпраўда, усе тады спахопяцца: і народныя, і тыя, што з народа.
3 гэтым ён і пайшоў да Джазава, прыхапіўшы на ўсякі выпадак «мядзведзя».
Яны сядзелі ва ўтульнай, з ружовым таршэрам і каляровым тэлевізарам гасцінай, пілі чай. Эстрадны пачаў даставаць і кішэні насоўку, каб выцерці спатнелы лоб, і разам з насоўкаю назнарок выцягнуў хрусткую новую купюру.
— Мая песня, калі глыбока разабрацца, будзе кранаць самыя інтымныя пачуцці чалавека і ўзбуджаць у ім самыя светлыя эмоцыі, — гаварыў ён, націраючы ў пальцах «мядзаедзя».
— Разумею, разумею, — ківаў галавой Джазаў, — аднак прычым тут я? Чым я магу дапамагчы табе?
— Рэцэнзію напішы! — раптам горача выдыхнуў Эстрадны. — Ты ж, як захочаш, з ветру вяроўку саўеш.
— Як тут табе сказаць… — пакасіўся Джазаў на «мядзведзя» ў Дзянісавай руцэ.
— Ха-ха-ха! — адкінуўся на спінку крэсла Эстрадны. — Спасаваў, дробнаа твая душа, пабаяўся, што народных, якія адмовіліся, пакрыўдзіш? Не, песня мая не памрэ. Яна будзе жыць у народзе, бо срадвеку ходзяць і вечна будуць хадзіць параю хлопец з дзеўкай. — Ён шпарка сунуў «мядзведзя» ў кішэню. — I знойдуцца шаноўныя людзі, якія будуць яе выконваць.
— Але ж, як тут табе сказаць… Рэцэнзія ўсё роўна патрэбна. Яна зарыентуе, нацэліць… Дарэчы, цяпер не толькі хлопец з дзеўкай — і «мядзведзь» з «зубром» не цураюцца адзін аднаго.
— Ну, так бы і гаварыў адразу, — прабурчаў Эстрадны, і рука яго зноў палезла ў кішэню.
Праз два тыдні прэстыжная газета на відным месцы апублікааала рэцэнзію Джазава. Крытык быў катэгарычны. Новая песня Эстраднага — чарговая ўдача аўтара: своеасаблівая навацыя, сімбіёз традыцыйнага нацыянальнага народнага духу і новай, прагрэсіўнай культуры Захаду, якая стала магутным подыхам часу.
А неўзабаве бадзёры голас дыктара апавясціў радыёслухачоў:
— Новая песня «Хлопец з дзеўкай парай ходзяць»! Выконвае трыо. Запявалы: Дзяніс Эстрадны — лірычны тэнар і Цімафей Ламавік — бас. Падпавяла з мадулацыяй на розныя галасы — Кірыла Джазаў.
БАКАЛАЎР ПАЛІТЫЧНЫХ НАВУК