Ён ужо, відаць, падрыхтаваўся да смерці, таму што сінія яго вочы былі цьмяныя і голас быў адрачоны, нібыта гаварыў не сваім голасам, а голасам аднекуль здалёку. І Усяслаў, успомніўшы, як слаўна валодаў мячом хлопец пад Ноўгарадам, яшчэ раз падзівіўся магутнай сіле невядомага яму пачуцця…
Заступніцтва князевага сына і клятва не трымаць на Полацак крыўды, якую ў прысутнасці іншаземных гасцей усё-ткі даў купец Абдурахманбек, выратавалі Алексу. Яго секлі лазінамі на гарадской плошчы, але не засеклі да смерці, а пасля, як зажылі раны, зноў узялі на княжацкі двор у малодшую дружыну княжыча. Ён прыняў падарунак купца — сярэбраныя маністы, заўсёды насіў іх на шыі, і часам сярэбраныя дырхемы ціхенька пазвоньвалі, калі нёс яго па вуліцах разам з іншымі дружыннікамі магутны віхор маладосці.
Усяслаў неяк пажартаваў:
— Не знайшоў сабе ладу, на якую надзенеш маністы?
Алекса, адводзячы вочы ўбок, глуха сказаў:
— Я на купца сам яго надзену.
— А можа, ён ніколі болей не прыедзе ў Полацак.
— Прыедзе. Вятры яго сюды прынясуць… — загадкава, усё адводзячы позірк убок, прамармытаў Алекса і болей, як ні жартаваў Усяслаў, выведваючы, што ў яго на душы, не сказаў анічога.
Падыходзіла лета, гарачае, вогненнае. Прывозілі ў Полацак весткі, што, як некалькі дзесяцігоддзяў назад, засуха высушыла стэпы, што новыя ворагі з’явіліся на паўднёвых граніцах княстваў, ворагаў тых фрызцы і рыжане называюць каманамі, а кіяўляне завуць іх за светлы колер валасоў полаўцамі, і ідзе тое слова ад паловы — рубленай саломы, да якой падобныя галовы тых полаўцаў. Ужо прыходзілі яны ў Прыдняпроўе, рубіліся моцна і воінамі паказалі сябе добрымі. Амяцежаныя тымі весткамі кіяўляне.
Спелі буйныя ягады суніцы ў навакольных лясах і кадоўбцамі неслі іх у горад; цёплы вецер уздымаў пыл на дальніх вуліцах Полацака, нёс яго па брукаванцы, варушыў косы дзяўчат. Па начах успыхвалі далёка над Дзвіною заранкі, цвіло жыта і вызвоньвала за сценамі горада, дзе-нідзе падступаючы пад бервяныя сцены, проса. Хадзілі па хатах, зрываючы з паліц паганскіх багоў і сякерамі рубячы іх у дварах, дружыннікі разам з соцкімі. Там-сям плакалі людзі пры гэтым, а мужчыны падчас лаяліся — дрэнныя, слабыя тыя багі, калі не могуць яны абараніць сябе — ні Пярун, ні ахоўнік свойскай жывёлы Волас, ні Макоша, ні Мара, ні сам Род з парадзіхамі… Але ўсё роўна заставаліся па хатах і дамавік — старэнькі дзядуля з чырвонымі вочкамі, якому штогод трэба было ахвяраваць чорную курыцу, і Анчутка — лятун-чарцяня, што любіць падражніць гаспадароў, паздзекавацца з іх, і таму ніколі не называюць яго прама, а клічуць «рагавым» і «бяспятым», а ў рэчцы ці возеры не пераводзіліся берагіні, а ў лесе жыў лесавік.
І колькі ні свянцілі нячыстыя мясціны, колькі ні чытана было малітваў-закляццяў, усё роўна прыносілі палачане і на бераг, і на Валоўю гару пірагі, стужкі, сыр і мёд. Стужкі вешалі на галіны дубоў, што шырока раскінулі свае стогадовыя галіны над гарою, а ўнізе клалі падарункі і ахвяры.
У Ноўгарадзе прымяраліся будаваць каменную Сафію, купцы сварыліся з-за падрадаў, ва ўсіх цэрквах ішоў збор ахвяраванняў. У Кіеве Яраслаў раздумваў, як наладзіць адносіны з непакорным Брачыславам, і, аддаючы яму Віцьбеск і Усвят, утрымаў вярхоўе Дзвіны і Таропу, дзе пасля ўзнікла княства Тарапецкае, што прымыкала да Смаленскага. Полацак рос і пашыраўся, у прадмесці — Бельчыцах — толькі што адкрылі новы манастыр, і здзіўлена перадавалі з вуснаў у вусны, што драўляная царква манастыра прыўкрашана «вельмі пышна», і золатам свецяцца зусім новенькія, прывезеныя з Царграда кадзільніцы, і вадаасвятная чаша, і панагія, і ладаніца; што князь Брачыслаў ахвяраваў манастыру перламутравы крыж з жэмчугам і рознымі дарагімі каменнямі, а княгіня — ікону з каштоўным акладам.
Аднойчы, калі добра сцямнела на полацкіх вуліцах і пах начных кветак стаў асабліва адчувальным, у хату да ўдавы Катуніхі ціха пастукалі. Катуніха адклала ўбок лусту чорнага хлеба і цыбуліну, якімі вячэрала, нетаропка пабрыла да дзвярэй. Яна адкінула засаўку і прапусціла нечаканага госця ў хату, паднёсшы да ягонага твару лучыну, што выняла з зажыма ля бэлькі. Доўга ўглядалася ў яго.
— Чый ты, гаспадзіне? Не прызнаю.
У голасе яе не было ні страху, ні цікавасці. Алекса з болем глядзеў у некалі вясёлы, круглы, а цяпер змучаны і пастарэлы твар жанчыны, на яе цьмяныя вочы, дзе, здаецца, навек застыгла абыякавасць. Гаварылі, што перастараліся княжацкія цівуны, што памірала пад лазінамі ўдава, ды пасля, калі кінулі яе з поруба як мёртвую, падабралі жанчыну знаёмыя і адвезлі некуды ў лес — да жрацоў падземнага капішча Перуна. Але і там падлячылі ёй толькі цела, а нешта ўнутры зламалася ды так і не зажыло…
— Алекса я, Алекса. Ці помніш? Прыходзіў некалі да цябе, каб заручыны справіць. З дачкой тваёй. З Бярозай…
— Бярозай… — як рэха, паўтарыла Катуніха, і раптам ногі яе падкасіліся, яна ледзь не ўпала. — Няма яе. Забілі. Забралі. На смерць павезлі. Не ўбачу я болей дзіцятка роднага свайго ніколі. Ой-ёй, горачка!
Слёзы пацяклі па яе твары, але быў ён па-ранейшаму застыглы і невыразны.