Але глыбокай ноччу пасадніка полацкага разбудзілі нечаканым паведамленнем: дружыннік княжыча Усяслава напаў на гасцей полацкіх, немцаў з Доні, і задумаў, відаць, нядобрае, бо заўтра збіраліся яны вяртацца дадому з вялікім набыткам серабра і золата, добра нагандляваўшы ў слаўным Полацаку. Але злачынец той Алекса ні ў чым не прызнаецца, чаму пасаджаны ў поруб і закаваны ў жалеза. Сказаў моцна разгневаны пасаднік прадстаўніку купцоў, што заўтра ж выплацяць ім за бясчэсце і страх паложаны штраф, а злопамысніка будзе судзіць князь, і судзіць строга, бо не бывала яшчэ такога, каб дружыннік займаўся разбоем.
На світанні, толькі расплюшчыў вочы княжыч, перадалі яму вестку аб учынку Алексы, і тады, не верачы ўсяму, што адбылося ноччу на Купецкім падвор’і, сабраў ён чаляднікаў і варту і ўчыніў ім допыт. Данеслі перапалоханыя чалядзінцы пра нядоўгую размову Алексы і стольніка Мікіты, і тады зразумеў Усяслаў, што не разбоем займаўся на Купецкім падвор’і яго збраяносец. Але віна яго ад таго не змяншалася: смерцю павінен быў пакараць Брачыслаў калі не за разбой на Купецкім двары, дык за тое, што запярэчыў Алекса ягонаму рашэнню. І ўсё ж наважыўся Усяслаў прасіць за свайго дружынніка, для чаго загадаў падаць яму разьбяны ларэц і задумаўся, гледзячы ў яго. Разумеў, што наўрад ці ўступіць арабскі купец дзяўчыну, якую ўпадабаў, але ж усё-ткі гандляр ён, прывык усяму ведаць і назначаць цану… Таму, не чакаючы, пакуль прачнецца бацька, паскакаў Усяслаў разам з трыма грыднямі на Купецкае падвор’е — прасіць Абдурахманбека.
Сонны, нявыспаны купец, паспешліва папраўляючы наспех завязаную чалму, кланяўся да зямлі, паказваючы тлустую спіну ў бліскучым халаце, выказваў княжычу павагу і пашану, але аддаваць назад дзяўчыну адмовіўся наадрэз.
— Хай мудры і вялікі Усяслаў і яго бацька тут жа ахутаюць мяне покрывам смерці, але тады траплю я ў Джанна, рай, — таропка перакладаў талмач. — А калі аддам жанчыну, чые вусны могуць падарыць мне асалоду раю, чые вейкі пранізалі мне сэрца тысячай стрэлаў — паганым сабакам я стану, і душу маю адправяць прама ў Джаханнам — пекла.
— Ты ведаеш: мы, крывічы, упарты народ, і таму я прашу цябе яшчэ раз — вярні нам дзяўчыну. З-за яе чалавек, якому я абавязаны жыццём, зняславіў сябе, набыў кляймо злодзея. Мы заплацім вам за ганьбу, але ведай — ён не рабаваць сюды прыйшоў уначы, ён хацеў яе забраць і біцца з табою як воін з воінам, бо ты, Абдурахман як вядома мне, яшчэ і добры воін, добра валодаеш нажом, — гнуў сваё Усяслаў, спрабуючы гаварыць ветліва, але лоб яго ўсё моршчыла вялікая складка. — Лепей бы вы тут забілі яго, бо воіну набыць славу рабаўніка — усё роўна што памерці. Прадай яе мне! Мне, княжычу! Назначай любую цану! У нас многа дзяўчат, мы знойдзем яшчэ лепшую за яе!
Але Абдурахманбек адмоўна заківаў галавой, і княжыч упершыню ўбачыў у ягоных зрэнках сталёвы бляск.
— Калі б ты прыйшоў да мяне там, — ён торкнуў галавой некуды назад, і стаў прасіць аддаць жонку або любую жанчыну, якую люблю, я адплаціў бы за ганьбу толькі адным — тваёй крывёю. Але я тут, у цябе ў гасцях, і ты можаш паказаць сябе добрым гаспадаром толькі так — не патрабуй у госця таго, што ён не можа табе даць. Калі яна надакучыць мне — я аддам яе першаму, хто трапіць на дарозе. Калі яна страціць прыгажосць — яна стане мыць ногі ў маёй наступнай наложніцы. Але заўсёды мужчына распараджаецца жанчынай па сваёй ахвоце, па свайму жаданню. Да таго ж — ці не пакрыўджу я твайго бацьку, — хай надоўга зберажэ яго Алах! — тым, што адмоўлюся ад ягонага падарунка? Як ты думаеш, мудры княжыч Усяслаў?