— Кажу табе — тваю, відаць, дзеўку аддаў учора князь як адплату за выратаванне жонкі. Няўжо нічога не ведаеш?
А калі Алекса адмоўна хітнуў галавою, ціха дадаў.
— Пасля раскажу, а то вунь, бачыш, ужо няўсцерп ім!
Сапраўды, некалькі грыдняў ужо крычалі, патрабуючы пітва, і стольнік хуценька паставіў на стол бочак, пабег за другім.
Алекса ж усю вячэру праседзеў, не кранаючы нічога з ежы, толькі піў і піў адну за адной бражніцы прахалоднага квасу. А пасля вячэры, калі пачуў, як усё адбылося, пахіснуўся, сеў на лаву, ашчаперыўшы галаву рукамі.
— Дзе яна? — глуха спытаў у стольніка, моцна сціснуўшы ягоную руку. Той, стоячы насупраць, паправіў рукаў сіняга суконнага каптана, страсянуў доўгімі русымі кудзерамі:
— Браце ты мой, нашто табе тое ведаць? Для цябе ўсё роўна што той купец, што Карачун забраў яе.
— Дзе яна, кажу! — закрычаў хлопец і, ускочыўшы, аберуч схапіў стольніка за плечы. — Кажы, а то адразу дух вон!
— Не раві, бык ты, — злосна ашчэрыўся Мікіта. — Дабра чалавеку хочаш, а ён вунь табе — новы каптан ледзь не парваў. Ну, скажу я, дык што з гэтага? На тым падвор’і яна, што каля самага вымалу. Заўтра карабель ладзяць, заўтра той Абдурахман ад’язджае. Куды ты! — закрычаў ён ужо ў спіну Алексу. — Цябе ж усё роўна не выпусцяць ноччу, шаленец ты, бешанец!
Але Алекса ўжо выслізнуў за дзверы, пабег па двары, хапаючы ротам астуджанае к начы паветра. Але не паспеў ён прабегчы некалькіх соцен метраў, як пачуў голас начальніка каравула Адзінца:
— Гэй, хто там? Стой!
Алекса спыніўся, каравульныя наблізіліся да яго.
— Ты гэта, хлопец? — здзіўлена сказаў Адзінец. — Чаго і куды ляціш, як на злом галавы?
— Маці… маці ў мяне… захварэла… — ледзь выціснуў з сябе Алекса. Нешта душыла яго, не давала сказаць ні слова, але гаварыць трэба было, трэба было прасіць, каб выпусцілі яго адсюль, бо іначай… Іначай ён скочыць наперад і разаб’е сабе галаву аб вострыя канцы агароджы, акаваныя жалеззем.
— Маці? — яшчэ болей здзівіўся Адзінец. — Хто ж табе сказаў пра гэта? Ніхто сюды не заходзіў з чужых, мы нічога не ведаем.
— Хто? — разгублена перапытаў Алекса, спрабуючы ўцяміць, што адказаць. Не быў гатовы ён да пытанняў, наогул не быў гатовы з кім-небудзь гаварыць. Адна думка нясцерпна калола яго, свідравала сэрца: «Хутчэй! Туды, пакуль не позна! Пакуль не позна!»
— Э-э, отрак, нешта ты блытаеш, — недаверліва працягнуў Адзінец, і другі каравульны згодна кіўнуў галавой. Нешта тут не так. А я вось зараз затрымаю цябе і назад адвяду. А то ты, можа, зладзейства якое ў двары ўчыніў. Вунь у цябе вочы як бегаюць і твар пабялеў…
Ён блізка паднёс смаляк да твару Алексы.
— Не! Я не рабіў… ніякага зладзейства… Мне трэба, трэба выйсці, разумееце? Трэба!
— Не, даражэнькі, нікуды ты не выйдзеш, а пойдзеш з намі назад. Калі ні ў чым не вінны — пасядзіш трохі, ахалонеш. Можа, задумаў што нядобрае. Пайшлі!
Ён паправіў меч у похвах, штурхануў Алексу.
— Пайшлі!
Усё было скончана. Яго не выпусцілі, адводзяць назад, а заўтра з самага ранку карабель распусціць белыя ветразі і панясе некуды ў невядомую далеч, на здзек, можа, на смерць — Яе… Ён неяк бачыў купца, і думка, што сёння яна там, можа, у абдымках гэтага ільснянага, чорнабародага таўстуна, выклікала ў ім пякучы боль. І шаленства. Ён, воін, які ўмее валодаць зброяй лепей за многіх, ён, хто не раз біўся ў крывавых сечах, не можа абараніць тое, што яму стала — цяпер ён зразумеў гэта! — даражэй за жыццё! Які ж ён воін? Які ж ён мужчына? Так, сапраўды, отрак, усяго толькі слабы отрак ён, калі не зможа вызваліць яе, узабрацца па тоўстых сценах, абхітрыць альбо перамагчы варту.
І, ужо падыходзячы да ганка, ён раптоўна вывернуўся, скочыў убок, затым са страшнай сілай нанёс удар Адзінцу — ён цэліў у самы ніз падбародка, туды, дзе ўдар такой сілы выклікае непрытомнасць і страту памяці на невялікі час, а пасля, калі Адзінец упаў, кінуўся на другога каравульнага. Той, ашаломлены нечаканасцю, усё ж змог падабрацца, адскочыць ад Алексы, а той, раз’ятраны і амаль сляпы ад ярасці, выхапіў у каравульнага дзіду і з такой сілай уваткнуў яе ў нагу, што нібы вялізным цвіком прыбіў свайго ворага да зямлі. Той заенчыў, схапіўшыся аберуч за дзіду, а Алекса некалькімі, агромністымі скачкамі дабег да агароджы, перамахнуў праз яе, падцягнуўшыся да самага верху спрытна, як вялізная кошка, і начная цемра схавала яго. Дарэмна паскакалі амаль услед па вуліцах дзядзінца коннікі з дзідамі наперавес, нібы гонячыся за небяспечным злачынцам — збраяносца не было нідзе.