— Эй, хлапчына! Заснуў ты, ці што? — гукнуў Алексу Лоб Вязавы. Ачомаўся хлопец адзін стаіць ён непадалёк ад дзвярэй, усе выйшлі з пакоя, толькі ў горніцы князь і княгіня і чалядзінцы не разыходзяцца: у малодшай княжны пачаліся колікі ў грудзях, уздыхнуць не можа. Можа, сурочыў хто яе, можа, падумаў нядобрае, гледзячы на прыгажосць дзявочую. Паслалі за вучоным грэкам — многа ён ведаў, бывала, таксама чытаў з вялікай кнігі пра подзвігі багатыроў, і кнігу тую неслі за ім два малайцы, таму што была яна заключана ў дзве дубовыя дошкі, а па дошках ішло сярэбранае ліццё, па ліццю ж гэтаму яшчэ ззялі каштоўныя каменні. Але не надта слухаў тое чытанне Алекса, хаця і гаварылі ў горніцы, што напісаў кнігу вучоны грэк, Георгій Амартол: невыразна, суха чытаў лекар, і на твары ягоным была напісана нудота, нібыта рабіў ён вялікую ласку тым, што ўвогуле згаджаўся нешта тлумачыць навакольным варварам. Неўзлюбілі яго ўсе ў двары, але быў ён пад абаронай самога князя, і таму пры сустрэчы нізка кланяліся Лісістрату, а за вочы клікалі яго Лісіцай і Тхаром.
І цяпер, хутка ідучы ў князеву горніцу, надменна штурхануў ён, нават не гледзячы, Алексу, які не паспеў пастараніцца. Штурхануў — і пайшоў сабе далей, толькі прашалясцеў па жоўтых палавінах яго белы шарсцяны з карычневай каймой плашч дзіўнага пакрою, і пасля Лісістрата застаўся пах нязвыклы, не падобны ні на што знаёмае — нібыта прагрэтая кара дуба, толькі гарчэйшая і больш духмяная.
Адышоўся Алекса пад нязлосны смех Лба Вязавага, пацёр плячо, яшчэ раз глянуў услед грэку, які ўжо зачыняў дзверы горніцы, пачуў плач малодшай княжны — і нешта працяла яго, нядобрае, балючае, як быццам па сэрцы таксама штурхануў, ударыў высакамерны грэк. А можа, проста стала шкада, што нельга адплаціць яму ні выклікам біцца на мячах, ні кулаком добрым — так, каб ляцеў ён, збіты з ног адным ударам, і белы плашч з гэтай звілістай каймой за ім услед!
А праз нейкі час прыйшоў аднойчы ў дом князя арабскі купец Абдурахманбек. Два тыдні пражыў ён у Полацаку, і ўжо нямала дабра з прывезенага ім перайшло ў двор самога князя і баяр імянітых — і парчы, і аксаміту, і кісяі, і тонкага кітайскага посуду — белага і зеленаватага, і серабрыстых падносаў з зіхоткімі ўзорамі. Апроч таго, прывозіў купец Абдурахманбек у Полацкае княства і зусім дзівосныя тавары — зялёную гліну, якая імгненна здымала з цела валасы, і пахкую зямлю, якою мыюцца ў лазнях, і ружовае масла, ад якога лягчэе дыханне і паляпшаецца работа страўніка, і вараныя ў мёдзе арэхі, і многае іншае, што так любяць жанчыны. Здаўна ведаў Брачыслаў вясёлага таўстуна, ахвочага да медавухі, невялікага росту, што заўсёды коціцца, як шар. Парчовы халат на ім каляровай хусткай перавязаны, на галаве доўгая белая хуста, завязаная канцамі ўверх і на галаву накручаная, на нагах — пантофлі з насамі, што ўверх загінаюцца. Заўсёды ля сябе талмача трымае, але і сам можа тавар паказаць. Толькі вось цэны за свае тавары просіць ён надта высокія. Моршчацца купцы імянітыя, баяры ды і сам казначэй княжацкі — але як жа жанчынам адмовіць, так і разгараюцца ў іх вочы на тавары невядомыя. Дый на салодкія гаворкі гандляра надта яны падкія. Гатовы днямі слухаць ягоныя расказы: як ён па магутным Дняпры свой карабель вядзе, як з разбойнікамі змагаецца. Расказвае часам Адбурахманбек і зусім неверагоднае: быццам там, дзе ён жыве, жанчына ніколі на вочы мужчыне не паказваецца іначай, як твар чорнай сеткай прыкрыўшы, а знатныя жанчыны і ўвогуле з двара не выходзяць, а жывуць свой век, толькі мужа бачачы. А жонак у мужа бывае памногу, столькі, колькі ён утрымаць можа.
— Ну дык і колькі ж ён пракорміць? — вохкаюць, слухаючы гэта, якая баярская дачка і яе нянькі.
— У вялікага шаха Харэзма болей за шэсцьсот жонак і наложніц, — адкажа весела таўстун, прагна гледзячы на тварык, што, як ружа, выглядае з-пад сярэбранага абручыка. — Ёсць старэйшыя, ёсць маладзейшыя жонкі, такія, як ты, ханум.
— Дык ён жа, відаць, стары? — наіўна раскрывае вочкі ханум…
— Які ж ён стары? Пяць дзесяткаў усяго налічыў. Якраз той узрост, калі мужчына па-сапраўднаму прыгажосць цэніць, вось такую, як у цябе, ханум…
Пачырванее дзяўчына ці маладая жанчына, але тварык так і свеціцца: надта любіць кожная з іх салодкія як мёд словы! Толькі мужчыны незадаволена моршчацца: ведаюць, што купец цяпер сем скур пачне драць.
Даўно не быў у княстве Полацкім Абдурахманбек, але за гэтыя гады нібы і не змяніўся, толькі патаўсцеў яшчэ болей, і калі прыйшоў ён у двор, адразу прывялі яго да Брачыслава.
— Салям алейкум! — пакланіўся купец ва ўсе бакі і адказаў яму Брачыслаў, не чакаючы, пакуль перакладзе талмач:
— Дзень добры, дзень добры, Абдурахманбек!