— Добра, тады я раскажу пра вялікага воіна, Аляксандра, ці Іскандэра Двухрогага, як называлі яго ў далёкіх краінах, якія ён пакарыў сваім мячом, дзед смірэнна схіліў сівую галаву, нізка, ажно кашчавыя рукі яго дакрануліся да свежых ліповых лапцяў, пакланіўся, пачаў новы сказ. Княгіня і дочкі сядзелі нерухома. Зірнуць на іх — нібы вясновы луг убачыш. Сукенкі з заморскіх тканін, вышытыя жэмчугам і абвешаныя жоўтым празрыстым каменнем. На галаве ў княгіні — вянец, понізь з залатымі вісюлькамі, што спускаюцца па скронях, а каснік ззаду ўплецены ў касу шаўковы. Старыя жанчыны па кутах шапталіся, што надта вялікая шчыгаліха княгіня, любіць насіць сукні з тафты чэраўчатай, з атласу. Але князь дазваляў жонцы многае — любіў яе за прыгажосць і розум.
Ціхі вясновы вечар глядзеўся ў вокны горніцы. Не часта выпадала князю і яго сям’і вось так ціха, па-сямейнаму, правесці вечар. Часцей вяртаўся ён позна, стомлены і грозны, з палюддзя ці палявання, з далёкага ж паходу не бывала яго ў Полацаку месяцамі. А часцей па вечарах грымелі ў грыдніцы ліры, прымаў ён то гасцей заморскіх, то баяр імянітых, то з дружынай гульбу наладжваў, бо дружына — гэта тое, што бліжай дзяцей і жонкі, таму што толькі на іх, адданых воінаў, уся надзея ў цяжкі час бітвы, яны і жыццё ратуюць, і тое, што даражэй жыцця — князеву славу. Але не толькі падчас піроў, калі ніводнай з жанчын няма ў грыдніцы і віно зеляное і медавуха ўволю туманяць буйныя галовы, бываюць у князевым доме вешчыя старцы, што ўмеюць спяваць пра славу Баянаву і на тонкіх струнах гусляў выводзіць старадаўнія песні пра подзвігі маладзецкія; прыходзяць у церам і смірэнныя манахі, якія чытаюць у вялізных, акаваных жалезам і серабром кнігах пра подзвігі Сімяона-столпніка, Настассі Блажэннай і іншых святых угоднікаў. Моцна задумаюцца мужы імянітыя, прымоўкнуць… але таму толькі, што кране іх адна дума — пра душу, пра мукі яе вечныя пасля смерці, пра загадкі, якія нікому са смяротных не разгадаць… Але адыходзіць манах, ціха адчытаўшы бажэсцвеннае, а назаўтра ізноў да самай поўначы гараць лучыны ў грыдніцы, і толькі паспяваюць насіць маладыя стольнікі з брэцьяніц чашы ды бочкі, глякі ды кумганы з квасам наліваюць, і грыміць слова застольнае, і пра бітвы былыя і будучыя гавораць дружыннікі, грыдні і іншыя людзі імянітыя. Расказваюць сівыя воіны пра паходы, пра замовы, якія шэпчуць над імі вядунні, калі адпраўляецца мужчына ў далёкую дарогу, а маладыя слухаюць, і гарачыя іх рукі ўслед за старшымі нібы сціскаюць баявыя мячы. Справа воіна — паход і бітва, і няма яму мілейшай песні, як завыванне ветру ў шаломах ворагаў, што раскіданыя на крывавым полі сечы…
«Пакарыў Аляксандр пад сваю ўладу зямныя царствы, — голас дзеда Мокшы напаўняе ўсе куткі горніцы, — і пасля зайшоў на край свету і пабачыў там такія народы, што сам жахнуўся: свірэпыя болей за лютых звяроў і ядуць жывых людзей. У іншага толькі адно вока, і тое на лобе, а ў іншага і па тры вокі. У аднаго толькі адна нага, а ў іншага тры, і бегаюць яны так хутка, як ляціць з лука страла. Імёны гэтых народаў былі Гогі і Магогі. Пачаў ваяваць з імі Аляксандр: дзівія тыя народы не ўстоялі і кінуліся ад яго бегчы. Ён за імі, гнаць-гнаць, і загнаў іх у такія глухія мясціны, горы і пустэчы, што ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць. Звёў над імі адну гару з другою зводам, паставіў на той звод трубы і пайшоў назад. Падуюць буйныя вятры ў тыя трубы, паднімецца страшнае выццё, а дзівія народы крычаць: „О, гэта ж, відаць, сам Аляксандр! Жывы ён, жывы!“ Гэтыя Гогі і Магогі і дасюль жывыя, і баяцца цара, а выйдуць з гор перад самым канцом свету…»
— Ох, няшчасце якое! — уздыхнуў стары ключнік Лоб Вязавы. — Нам яшчэ тых Гогаў і Магогаў не хапае!
Алекса і другія отракі з малодшай дружыны сабраліся пад дзвярыма горніцы, каб паслухаць казкі і песні старога дзеда Мокшы. Слаўна расказвае ён — ніколі не забудзе ўспомніць пра славу продкаў, што засялялі балоцістую, нялёгкую гэтую зямлю, баранілі яе ад ворагаў, не шкадуючы жыццяў, палівалі яе чырвонай рудой — крывёю. І колькі волатаў магутных падчас бітвы, колькі красунь і дзядоў старых прыняла яна ў сябе — тады, калі гналі іх па дарогах захопнікі, каб прадаць у далёкіх краях як нявольнікаў! А цяпер вось пра Гогаў і Магогаў расказаў — а колькі яшчэ дзівос ёсць на свеце, неспазнаных, нязведаных!
Стаяў Алекса пад дзвярыма, і сэрца ягонае білася. Эх, убачыць бы іх сапраўды, дзівосных людзей з трыма вачамі, паспрабаваць на іх меч востры! Праўда, не загавораны яшчэ ў яго меч, але, перш чым ісці супраць тых далёкіх чараўнікоў, няхай бы паляжаў ён у адвары плакун-травы. Сабраная на Іванаў дзень, скарае яна нячыстую сілу, ратуе ад д’ябальскай спакусы. А яшчэ трэба ўзяць з сабой адалень-траву — без яе ніхто не адпраўляецца ў чужую зямлю. І памаліцца трэба Перуну і багіне-Грамоўніцы. Канешне, лепей бы меч-кладзенец, ды толькі пастрабуй знайдзі тое месца на акіян-моры, дзе на Латыр-камні ляжыць, закаваны сямю ланцугамі, той чароўны меч…