Калі ж спахапіліся і пачалі яго шукаць, далёка ўжо плыў хлопец на булгарскім караблі, так далёка, што сінія хвалі Дзвіны ўжо не краналіся ягоных вёслаў. Там апошні раз ён азірнуўся назад. Вось яна, радзіма… Зялёныя сосны з мядзянымі стваламі стройна цягнуцца ўвысь, гудуць у разгалістых кронах вятры. Пахне хвояй і жытам, бяжыць да ракі дзяўчынка ў белай сарочцы і з вянком на галаве, босая, махае весела рукамі, нібыта збіраецца паляцець. І белы бусел павольна кружыць над ракою, быццам выглядае каго ці развітацца хоча… Сціснулася сэрца ў Алексы, ды так балюча, што думаў — задыхнецца. Захацелася выскачыць з карабля, пабегчы назад, да роднага Полацака. Але тут бізун агрэў плечы…
Насмешлівы голас наглядчыка прагучаў на ўвесь карабель:
— Што, вярнуцца хочаш назад, крывічанін? Як баба, заплачаш зараз, га?
Весляры захіхікалі. Алекса сцяў зубы і запрацаваў вяслом. І паплылі назад, незваротна паплылі родныя далягляды, і знікла з вачэй дзяўчынка ў белай сарочцы, а вакол — чужыя, насмешлівыя твары, і смуглявы наглядчык скаліць белыя, як у ваўка, клыкі ды ўсё пасміхаецца:
— Вы, крывічы, надта прывязаныя да бабскіх падалоў. У вас баба гаспадыня ў хаце. Ці не так? Яна ў вас хутка зброю ў рукі возьме, а вы за яе будзеце хавацца.
— У Полацаку ты не асмеліўся б так вякнуць, а тут, калі я адзін, скуголіш такое? Давай біцца чым хочаш — мячом, сякерай, кулакамі — я пакажу табе, подлы сабака, што такое палачанін! — крыкнуў Алекса і прыўзняўся, каб кінуцца на наглядчыка. Але ззаду яго крануў за плячо высокі русявы хлопец з рыжымі брывамі і белай, як малочнаю, скурай, шапнуў:
— Не задзірайся з ім. Ён і праўда подлы, і калі хочаш жывым адсюль пайсці, маўчы.
Назад сеў Алекса, схапіўся зноў за вясло. Наглядчык насмешліва зарагатаў, хацеў зноў агрэць яго бізуном, але сустрэў зацяты, шаленствам наліты позірк, стрымаўся, шчоўкнуў бізуном па палубе.
Калі грабцоў змянілі іншыя, і Алекса, пахістваючыся, разам са спрацаванымі за дзень людзьмі спусціўся ўніз, каб паесці і трохі паспаць, русявы хлопец зноў падышоў да яго, стукнуў па плячы:
— А ты разумны хлопец. Адразу паслухаўся. Другі кінуўся б усё роўна, і дабром бы гэта не скончылася. Але і так для цябе тут — капец.
— Чаму?
— Ты ж вольны чалавек, палачанін?
— Вольны. І я, і дзеды мае спрадвеку былі вольныя.
— То чаму ў рабы наняўся?
— Гэта пакуль. Пакуль не даеду да Понцкага мора. Адтуль мне трэба ехаць далей.
— Ты зрабіў у сваім Полацаку нешта такое, што табе трэба ўцякаць ажно за мора Русаў?
— Я нічога не зрабіў. Не забіваў, не рабаваў. У мяне свая патрэба.
— Якая б ні была ў цябе патрэба, далей Іціля ты сам не паедзеш. Хіба толькі павязуць.
Ім кінулі ў місы варанага проса і трохі тлушчу і павялі спаць — у цёмным куце былі рассцелены брудныя сеннікі.
Алекса працягнуў размову, калі ўлягліся.
— Чаму гэта? Чаму я не паеду сам?
— Таму што цябе хочуць пакінуць тут за раба. Я сам чуў, як Хасан гаварыў начальніку каравана, што за цябе можна ўзяць нямала. Ты ж воін, да таго ж малады і здаровы.
— Я заплаціў ім за тое, каб яны ўзялі мяне на карабель. Я працую за харч, якога ў нас не стане есці і сабака. І яны, як ненаедныя ваўкі, хочуць забраць у мяне свабоду?
Алекса сціснуў кулакі, твар яго пацямнеў. Але беласкуры чалавек не адставаў:
— Калі ты думаеш, што заўтра ж ці нават зараз зможаш адсюль сысці, то памыляешся. За намі, веслярамі, устаноўлены добры нагляд. Думаеш, мы, рабы, не хочам адсюль збегчы ці вызваліцца?
— Але ж я воін!
— Думаеш, я пасвіў кароў на радзіме? Я з племя аланаў і таксама быў воем, але мяне захапілі ў палон, і вось чацвёрты год я не магу вызваліцца, хаця мару пра гэта з першай хвіліны. Я быў на радзіме не проста воем, а начальнікам атрада, ды толькі малодшы брат, які хацеў устаць на маё месца, тайна сказаў лазутчыку, як і куды пойдзе атрад, і мяне захапілі знянацку, аблыталі сеткай. Мне нават не змог памагчы меч, які дастаўся яшчэ ад прадзеда! За гэты меч я мог бы аддаць усё, чым валодаў, яшчэ тады, калі было чым валодаць. Яго забралі сабе пераможцы. А я стаў грабцом і сяджу з сапраўднымі рабамі, якія толькі і думаюць пра тое, каб пажэрці ды заваліцца спаць!
— Вы што там шэпчацеся? — падышоў да іх аднавокі каржакаваты стражнік, стукнуў дзідай аб падлогу. — Спаць, і каб болей ні слова не было чутно!
Усё змоўкла. Алекса ляжаў з заплюшчанымі вачыма, абдумваў тое, што пачуў ад хлопца. «Значыць, яго хочуць прадаць у рабства на рынку, прадаць, як скаціну, каб нейкі тоўсты гандляр мацаў яго плечы і заглядваў у рот, лічачы зубы! Не, гэтаму не бываць!» Ён прашаптаў ціха, павярнуўшыся да хлопца, які ляжаў побач:
— Як жа хоць завуць цябе?
— Бібо.
— Адкуль ты? Дзе гэтае племя — аланы?
— Я — горац. Там, дзе горы дакранаюцца да нябёс, мая радзіма. Але я даўно не бачыў гор, не бачыў радзімы. Спі, палачанін, заўтра пагаворым яшчэ, а то і так мне развярэдзіў душу…