Пакуль Алекса яшчэ ляжаў у забыцці, душа яго, мабыць, усё старалася вярнуцца на Полаччыну, таму што трызніў ён і бачыў перад сабою ў вогненнай чырвані не стэпы, не падзеі нядаўняга часу, а Полацак, княжыча Усяслава, першую сустрэчу з Бярозай у вясновым пушыстым лесе, пад белымі, як снег, бярозамі.
Бачыў ён напоены салодкім ліпнёвым пахам пасад у Запалоцці, магутныя абаронныя валы са светла-жоўтай зямлі, на якой залётнае насенне дрэў ці травы так ахвотна пускала карэнне. З поўначы вал умацоўвалі магутнымі каменнямі — у тутэйшай зямлі так многа магутных валуноў, нібы сапраўды некалі прынеслі іх на гэтую зямлю волаты, якія пасля перавяліся ці загінулі… А вось бацька, Таміла, сядзіць вечарам на калодзе, пляце-выплятае лапцейкі ды баіць:
«Колісь яшчэ свет толькі зачынаўся, дык нічога нідзе не было, адна вада вакол мёртвая. Дый пасяродку гэтай вады камень адно стаяў, валун. Адзін раз пярун разыграўся ды давай пыляць стрэламі ў гэты камень… Ад яго стрэлаў выскачылі тры іскаркі — белая, жоўтая і чырвоная… І ад белай ад іскаркі пайшла расці-шырыцца зямелька, дзе крывічы пасля ўрадзіліся…»
Ляжыць Алекса нерухомы, а душа яго блукае недзе між зямлёю і небам, і сустракае яна першага крывіча — Бая, а з ім сын яго Белаполь — той самы, якому пасля смерці бацькі нічога не дасталося ў спадчыну, таму пусціў ён у свет дзвюх птушак, каб абляцелі яны за дзень зямлю — колькі яму застанецца?
А гэта ўжо маці спявае — ціхенька-ціхенька, тоненька-тоненька, і ад зрэбнай яе кашулі, вышытай чорнымі і чырвонымі нітамі, пахне хлебам і аерам…
І двор княжы бачыцца Алексу, ды так выразна. Сядзяць па пакоях людзі, працуюць — і апоннікі, што ткуць дарагія тканіны і завесы, і ручачнікі, што ткуць ручнікі, якія пасля выбельваюць у ранішніх росах. Мітусяцца розныя ключнікі, слугі — міласнікі… А ім, дружыне, мала клопату пра гэта. Яны з гіканнем ды галёканнем бягуць з дзідамі ды шаблямі па полі, вучацца сячы ворага ды калоць яго… Прыпыніцца на полі селянін, паглядзіць з-пад рукі ды, зноў уздыхнуўшы, возьмецца за работу — некаму ж трэба карміць і апранаць вояў ды княжую дружыну. Пашанцавала, што не ў сям’і смерда нарадзіўся, не ў полі гібець усё жыццё — так думаў некалі Алекса, гледзячы на чыю згорбленую постаць. Ну што ж, і праўда — горай за ўсё селяніну, смерду. Не выплаціць падатак — у рабства. А памрэ, не маючы сына, — уся ягоная маёмасць пераходзіць да князя па «праву мёртвай рукі». Не раз бунтавалі смерды супраць гэтага права, у лясы далёкія ўцякалі. Але ж куды ты ўцячэш ад суровага Брачыслава, з якім нават сам Яраслаў кіеўскі стараўся жыць абыходліва і мірна? І лілася кроў смердаў, лілася на тых жа высокіх пясчаных валах, высокіх, — каб народ, якога збіралі на кару, бачыў і вучыўся быць паслухмяным. Цякла кроў густа, і, можа, не ад гліны, а ад той крыві паверхня валаў чырвоная?!
А яшчэ тырчаць часам пасля дажджоў з вала то абгарэлыя галаўні, то косці нейчыя — не то чалавечыя, не то жывёлы; а то нож іржавы ці дзіда вылезе. Чужое, былое невядомае жыццё кіпела некалі тут, а паспрабуй здагадайся — што было? Якія людзі жылі, куды пайшлі?
І кружыць, кружыць чырвоная каламуць, такая ж чырвоная, як кроў смердаў на полацкіх валах, як гліна на дарогах у асенні імжысты час, калі ідуць, месячы яе, воіны…
…А ў Бярозы на галаве вянок з пралесак, вянок бела-ружовы, і сама яна — як краска. Як многа даюць чалавеку багі — ляцець па крутой горцы, узяўшыся за рукі, гайдацца на арэлях і скакаць вакол кастрышча, налітаму маладой, дзёрзкай сілай! Цела гнуткае, падатлівае, гарачыня б’е ў галаву, туманіць яе хмелем і надзеяй… Яшчэ трохі — і ўзляціць ён у сінюю вышыню, дастане Дажбога за крысо каптана, раскажа аб радасці — праз тры месяцы вяселле.
Праз тры месяцы — калі пройдуць дажынкі, калі жыта ляжа снапамі ў адрыну, авёс і ячмень запоўняць дубовыя бочкі і скрыні. Калі бацька дакуе ўсе мячы для будучага паходу. Калі… калі…
Чырвоным моракам зацягваецца ўсё навокал…
…Калі ён адкрыў вочы і зноў убачыў старога, ён падумаў, што, мабыць, апынуўся на тым свеце і гэта сам пасланец багіні Мары, што адурманьвае людзей пітвом з макавага зерня і забірае нябожчыкаў. Але чужаземная вопратка і гаворка, якую ён ледзь разумеў, пакой і рэчы — усё ўпэўнівала Алексу ў тым, што ён на гэтым свеце і што ўсё навокал — рэальнае і сапраўднае. Але ён не хацеў гэтай сапраўднасці — душа яго была змятая і скручаная, як старое рыззё. Можа, і ад таго не зацягваліся раны, нягледзячы на клапатлівы догляд?