— Я ўсё чакаў, бацька, што ты загаворыш пра ўдзячнасць альбо пра тое, што дастаткова аднаго твайго кіўка, і мяне схопяць і кінуць у вашы страшныя камяніцы. Але ты нічога такога не кажаш, а просіш і ўгаворваеш мяне, як малога. Я паеду з табою. Паеду і пастараюся, каб ты не надта шкадаваў, што падабраў нябогу і ратаваў яго. І скажы яшчэ адно: навошта табе было спыняцца ў хаціне абмывальшчыка, самага нізкага і нікчэмнага з усіх навокал? Мне крыўдна, што людзі ганяць цябе за гэта. Можа, з-за мяне? Але я не з нізкага звання, я быў некалі княжым збраяносцам, сам князь не раз даваў мне піць віно з ягоных рук. Хто табе гэтыя людзі? Ты павінен быў бы праходзіць міма іх, як міма кучы смецця.
— Дзіця маё, — ціха сказаў Нармурад, — я хачу прачытаць табе радкі самога Ібн-Сіны — а ягоная мудрасць яшчэ будзе насычаць не адно пакаленне. Паслухай:
— «Роднасць душ»? Гэтыя скручаныя жабрацтвам жанчыны родныя мне? І што такое гэтая душа, пра якую ты так пранікнёна гаворыш?
— У нас будзе многа часу, каб пагаварыць пра ўсё, — Нармурад паклаў руку на плячо юнака, і той нават скрозь тканіну адчуў цяпло і асаблівую сілу, што зыходзіла ад лекара. — Давай думаць пра дарогу.
У той тыдзень яны гадалі на лапатцы барана, якую кладуць у агонь, каб па трэшчынах сказаць, ці халоднымі будуць восень і зіма. Нармурад вырашыў — зіма не перахопіць іх у дарозе.
Праз некалькі дзён яны выязджалі з дому гасцінных гаспадароў. Нармурад, выгаворваючы словы пажаданняў і ўдзячнасці, заўважыў бліскучыя чорныя вочы, што іскрыліся слязьмі. Вочы належалі ўнучцы Пацімат, дзесяцігадовай Аміне. Яна церла ў зерняцёрцы рыс і сачыла за ад’язджаючымі, і на круглым смуглявым яе тварыку з чуйнымі брывамі і велікаватым ротам была відна такая пакута, што Нармурад не вытрымаў, папрасіў Алексу:
— З ёю развітайся таксама.
Дзяўчына была ў халаце, штоніках з дзіравай тканіны. Яна засаромелася, прыкрылася рукавом, яшчэ больш нясцерпна заблішчалі вочы.
— Хай, воры-воры! — сказала ціха.
Лекар з сумам падумаў, што, мабыць, ніколі не ўбачацца гэтыя дзеці і што жыццё — суцэльныя згубы… «Але і набыцці», — падумаў ён, зірнуўшы на Алексу, і, павесялелы, першым пайшоў са двара, ведучы за сабою осліка, які весела стукаў капыткамі, радуючыся дарозе і ўсяму новаму. Асёл жа, якога купілі Алексу, тупаў панура і зацята, нібы яму перадаўся настрой і смутак новага гаспадара, які ішоў, звесіўшы галаву і думаючы пра тое, што нешта скончылася назаўсёды, а наперадзе невядомае.
На Алексу цяпер быў паласаты халат, падпаясаны белбогам-хусткай, на брытай галаве ў яго, як і ў Нармурада, тырчаў кулах — высокая вострая шапка з лямцу. Глянуў у арык, што бег ля дарогі, — не пазнаў сябе Чужы скуласты твар глядзеў адтуль.
— Нягледзячы ні на што, ад мяне чужаземцам пахне за вярсту! — усё-ткі засумняваўся.
— У нас, у гарах, ёсць многа такіх, з блакітнымі вачамі, запярэчыў Нармурад. — Ты — парс, запомніў? Цябе стануць шукаць як румійца, як хрысціяніна. Купец Абдурахманбек багаты, ён знойдзе цябе паўсюдна, ведай гэта, Аль-Іса!
Яны ішлі і ехалі па дарогах, уздоўж якіх час ад часу з’яўляліся і знікалі тонкія ручайкі вады, што паілі нябачаныя Алексам расліны з пажоўклымі ўжо каробачкамі, з якіх выглядаў белы пух. На некаторых палетках ужо хадзілі жанчыны ў доўгіх жорсткіх фартухах, куды яны складвалі пух, і здалёку бачны былі агромністыя кучы, падобныя да снегавых горак. Алекса сышоў на адзін з палеткаў, паглядзеў на каробачку, пацягнуў за белую пасму і тут жа войкнуў — укалоў палец.
— Гэта трэба ўмець! — засмяяўся Нармурад і лоўка, аднымі пальцамі, выцягнуў некалькі пасмачак і паказаў іх Алексу. — Твая кашуля з гэтага і халат таксама!
Алекса памацаў мякенькія, падатлівыя ў пальцах пасмачкі. Падумаў, як усё тут нібы спрачаецца паміж сабой: зямля цвёрдая, як мёртвая, з белымі пацёкамі солі, а нараджае плады такія сакавітыя, што з іх духмяная вільгаць аж пырскае. З калючай каробачкі — і такая амаль нячутная для пальцаў прыгажосць! І людзі, падумаў ён, людзі таксама розныя. Вось адзін з іх усміхаецца, але ў вачах яго насцярога і холад. Другі ж, як Нармурад, маўклівы і пануры, а вочы яго добрыя-добрыя. Як жа навучыцца разбірацца ў людзях?