Але даўжэлі ночы, прахалода раніцай клалася на выпаленую жоўтую траву, буйнелі і як наліваліся сілай зоркі — на доўгія асеннія вечары, каб асвятляць смертным іх заблытаныя і горкія дарогі, — і душа юнака нібы таксама налівалася жыццём і крэпасцю. Перастала прыходзіць у гарачачныя сны Бяроза, пустата і холад замяніліся жывой цікаўнасцю да ўсяго навокал. Асабліва палюбіў ён хадзіць у дальні канец запыленага, запушчанага садзіка, дзе пад кустамі, падобнымі на вербавыя, струменіўся ручаёк, які тут называлі арыкам. Гадзінамі ён сядзеў на цёплым, мяккім узлобку, апусціўшы босыя ногі ў ваду, і бяздумна слухаў, як струменіцца і ціха шапоча аб нечым вада. Падыходзіла Пацімат, ціха звонячы металічнымі бранзалетамі, ставіла побач лалі — паднос з ежай, часцей за ўсе гэта быў хабіс — любімае тут блюда з фінікаў, мукі і масла — і нячутна адыходзіла прэч. Ён без смаку еў прытарнае, нялюбае яму варыва, зноў моўчкі сядзеў, ляніва варушачы нагамі ў вадзе. Чужы твар глядзеў на яго з люстра вады. Пасля нехаця клыпаў па зарослай сцяжынцы да тэрасы, у адведзены ім з лекарам пакой, падаў на жорсткія, выцвілыя падушкі і засынаў неспакойным, пакутлівым сном.
Але аднойчы — гэта было ўжо на зыходзе лета — Алекса нібы ачуняў. Ён імкліва падняўся, нялоўка захінаючы халат, патупаў у дом. Жанчыны, што сядзелі на тэрасе і дзялілі рэчы — відаць, зноў абмывалі і хавалі нябожчыка, — з цікавасцю паглядалі на яго, калі ішоў насустрач — доўгі, худы, ён здаваўся яшчэ болей бялявым і бледным і быў падобны на здань. Хуткай паходкай ён прайшоў міма і ўварваўся ў пакой, дзе Нармурад раскладваў па торбах засушаную траву;
— Скажы мне, бацька, — запытаўся Алекса адразу ад парога, — скажы, навошта я табе? Навошта ты столькі лечыш, корміш мяне і не патрабуеш узамен нічога?
— Сядай, сынок, — Нармурад пасунуўся яму насустрач, уступіў месца на паласе. — Я рад, што ты сапраўды ачуняў і душа вярнулася да цябе.
— Вярнулася, і настолькі, што я гатовы аддзячыць за ўсё, што для мяне зроблена, хаця я і не прасіў цябе ні аб чым, і, можа, было б лепей, каб ты не падбіраў мяне на дарозе. Што ты ад мяне хочаш?
— А што хочаш ты? Ці вярнуцца на сваю далёкую радзіму, ці шукаць шчасця тут, на нашай зямлі? Адно магу сказаць — ты не вытрымаеш падарожжа назад. Сілы вярнуліся да цябе, але іх хопіць ненадоўга. І ведай — калі чалавек няшчасны, калі яго фарр — а ў кожнага ёсць свой фарр, слабы ці моцны, — мае цёмны колер, яму нельга нічога пачынаць. Ты ўсё роўна загінеш.
Алекса нейкі час моўчкі ўзіраўся ў маршчыністы, загарэлы да чарнаты, з моцнымі сківіцамі і нечакана блакітнымі, амаль празрыстымі вачамі твар. Пасля махнуў рукой:
— Так, на радзіме, бадай што, мне няма месца. Я аслухаўся князя. Але шукаць другога князя мне таксама не хочацца. Эх, знайсці б такое месца, дзе няма ўладароў!
— Тады едзь са мной, — усміхнуўся Нармурад, і жорсткія зморшчыны каля яго вуснаў нібы разгладзіліся. Вочы глядзелі з пяшчотай.
— Уладары, праўда, ёсць і ў нас, але іх меней чым дзе. Мы жывём у глухім месцы.
— А куды? — Алекса сеў, вохнуў, але выпрастаўся і ўпіўся позіркам у Нармурада.
— Са мной у кішлак Шырс. Гэта далёка, пад самы Балх, у вярхоўі Джэйхуна.
Я жыву там вось ужо сорак пяць гадоў і ведаю кожнага ў трэцім пакаленні. Я навучу цябе таму, чым валодаю сам. Раскажу пра людзей, раскрыю многа таямніц, і ты зможаш спасцігнуць болей, чым я.
— Лячыць людзей? — усклікнуў Алекса і адмоўна пахітаў галавой. — Я воін! Не, воінам я быў. А цяпер… Я і сам не ведаю, хто я такі. Я хачу спакою і нічога болей. А можа, і спакою не хачу. Мне здаецца, што нехта ўзяў мяне, нехта вялізны і жорсткі, і скамячыў у руцэ, як камечыць маленькую птушку сокал. І мне здаецца, што гэтак жа, як у малой птушкі, ляцела з мяне пер’е, і цяпер я голы перад светам. А як птушцы, нават самай малой, жыць без пер’яў, без надзеі, што яна ўзляціць?
— Можа, я дапамагу табе? — Нармурад задуменна пагладзіў бараду, у якой засталося зусім мала цёмных валасоў, — Ты нездарма падобны да прарока Ісы, дый імя ў цябе — Аль-Іса.
— Аль-Іса? — Алекса засмяяўся. — Хай будзе так.
— А яму, ты гэтага можаш і не ведаць, была дадзена здольнасць нават гліняных птушак ператвараць у жывых. Людзі — тая ж гліна, — сур’ёзна дадаў Нармурад.
Алекса думаў, гледзячы на каляровае сюзанэ, якое злёгку калыхалася ад ветрыку. Так, сіл у яго прыбыло, але ці дастаткова іх для стамляючага, ашаламляльнага падарожжа назад? Такое падарожжа яму зараз не па сілах. І другое…
— Тваё жыццё доўгае, яго хопіць, каб вярнуцца, — перарваў ягоныя думкі Нармурад. — Ты паглядзіш нашу старадаўнюю Бактрыю. Ты яшчэ ўбачыш шмат такога, што не бачылася нават у сне. Павер, ты не пашкадуеш.
Алекса нясмела дакрануўся да рукава лекара: