— Ну і што — хворае дзіця! Яшчэ невядома, дзе ёй лепш, тут альбо там, — ён паказаў на неба. — А, і ты тут, воран смерці! — ён павітаўся са Спітагдам. — Усё каркаеш?
— Змеі цябе абвіваюць. Змеі похаці і парокаў! — Спітагд працягнуў руку наперад, уткнуўся кашчавым пальцам у Ашавазду.
— Змеі? Дзе гэта? — Ашавазда дзелавіта абгледзеў сябе, але вочы яго смяяліся. Ён падышоў да вар’ята, працягнуў яму крысо адзення:
— Дык на, абтрасі іх. Ты ж у нас святы, пра гэта сам дастур казаў.
Спітагд баязліва адсунуўся, глядзеў на Ашавазду, які наліў віна ў адну з піял, працягнуў Алексу:
— Выпі, лягчэй будзе!
Алекса разгубіўся, паглядзеў на Нармурада, выпіў некалькі глыткоў.
— Вось і добра! Будзе лягчэй! — узрадаваўся Ашавазда.
І ён пайшоў з пакоя, напяваючы:
— Зараз яго «мілая» добра агрэе яго! — саркастычна заўважыў Нармурад. — Усе ягоныя жонкі збягалі ад п’яніцы, і ён стаў бедным, як апошні бядняк, таму што плаціў жончынай радні вялікія грошы. Засталася апошняя — але яна такая, што мне хочацца падчас папрасіць у яе атруты, у гэтай змяі!
Погляд яго ўпаў на Апак, і ён зноў нахмурыўся.
Устаў, папрасіў:
— Перанясі яе ў цёмны пакой. Бываюць хваробы, якія не любяць святла. Паглядзім, паназіраем за ёю. А ты мне паможаш. Пара табе ўжо вучыцца большаму. Час. Але баюся, што мы не дапаможам. Я глядзеў, што ёй наканавана. Лёс у яе нядобры, бо нарадзілася яна пад зоркай Дзенеб, а гэта заўсёды абяцае няшчасце…
Алекса бачыў, што стары лекар часта глядзіць на неба. І перад тым як паправіць сцяну, што асела ад моцнага падземнага штуршка, і перад дарогай. Ён бачыў таксама, што на даху іх стаіць вялікая труба на калёсах і гаспадар у асабліва ясныя ночы сядзіць там аж да раніцы. Упершыню ўглядзеўшы, як глядзіць на неба праз тую трубу Нармурад, жахнуўся — ці не чарадзей той? Але ж людзі вакол не здзіўляюцца і не баяцца таго, але самі вечна таўкуцца ў доме, каб спытацца пра лёс блізкіх, пра добры і нядобры час для пачынання спраў. Ды Нармурад, які ахвотна дапамагаў хворым, нехаця гаварыў пра будучае.
— Майго жыцця на гэта не хапіла, — сказаў ён неяк, — я магу нямногае. Я так мала ведаю, што адчай ахінае маю галаву! Але ты… калі ты захочаш, твайго жыцця павінна хапіць на ўсё тое, што не зроблена мною.
Алекса тады няпэўна паціснуў плячыма — ён і хацеў бы даведацца, што там робіць на даху Нармурад, і разам з тым яго не цягнула да сядзення ўначы пад зоркамі. Ён знаходзіў супакаенне толькі тады, калі ішоў далёка ў горы, шукаў карнявішчы і травы, здабываў паліва для іх сціплага ачага. А Нармурад не настойваў, відаць, чакаў свае пары.
Яны лячылі дзяўчынку ўдвух, і ніколі яшчэ не хадзіў па травы Алекса ў такім нецярпенні, ніколі яшчэ не сачыў ён з такім шкадаваннем і надзеяй за самымі малымі зменамі ў чалавечым твары. Кожная жылка на гэтым бледным, худзенькім дзіцячым тварыку напаўняла душу любасцю і спадзяваннем, і ён упершыню зразумеў усю велізарную цану жыцця. Прыходзіла сталасць. Думаў, што мог бы сам мець такую вось дачку… мог бы. А можа, нават і сына паслала б багіня Мокаш, якая дапамагае парадзіхам, ці лепей бы адразу і сына, і дачку? І Алекса глядзеў за дзяўчынкай, як глядзела б толькі хіба клапатлівая маці Нават у сне слухаў яе соннае дыханне, на памяць вывучыў слабенькі пульс, які праз колькі тыдняў трывогі стаў напаўняцца жыццёвай сілай. Спачатку быў як тонкая нітка, гатовая вось-вось абарвацца, у апошнія дні нагадваў маленькую, ледзь прыкметную ў густой лясной траве крынічку, якая ціха, але настойліва б’ецца на паверхні зямлі.
Апак па-сапраўднаму ачуняла пазней, не ведаючы, што, каб не яе хвароба, ніколі б не зацікавіўся лекарствам малады воін. Зрэшты, не пакідаў Алекса і сваіх заняткаў па мове. Ён ужо трохі ведаў і арабскую — мову заваёўнікаў. Дапамагаў стары таўстун Ашавазда, які шмат паездзіў па свеце, пабываў і буддыстам, і мусульманінам, а цяпер вось зноў вярнуўся да веры сваіх бацькоў. Ашавазда меў у хаце некалькі рукапісаў. Гэта было вялікае багацце, але ляжалі кнігі ў старым сундуку з пашарпанымі бакамі.
Выпадкова Алекса наткнуўся на іх. Ён здзівіўся, папрасіў вучыць яго чытаць па-арабску. Ашавазда спачатку адмовіўся, а пасля як загарэўся:
— Чытай! Чытай іх, дарагі, папаўняй сваю галаву чужым розумам. Я іх прачытаў неаднойчы, але мая галава — як сіта, усё працякае скрозь. Дый стары я ўжо, нямоглы… А ты… Ты цярплівы і цягавіты, як… як вярблюд!
Алексу не надта спадабалася такое параўнанне. Але ён махнуў рукой. Што крыўдзіцца на веселуна Ашавазду?