На ёй быў шэранькі, стракаты, аж да самых пят халацік, туга падпяразаны ў поясе, зялёныя тапкі з залацістымі банцікамі. Густыя, дбайна падабраныя валасы яе адсвечвалі каштанавым колерам. Белая худзенькая рука моцна сціскала атласны каўнерык халата.
— Ці не вы гэта ехалі гродзенскім аўтобусам? — спытала яна з нейкай паспешнасцю і ўсміхнулася, чакаючы адказу.
— Ехаў. I нават бачыў вас.
Густымі вейкамі дзяўчына змахнула з вачэй усмешку.
— Я так і падумала, што вы карэспандэнт.
«Вы думалі пра мяне?» — трохі не спытаў Андрэй, але схамянуўся, апомніўся і пажартаваў:
— А хіба я карэспандэнт?
— Не прыкідвайцеся, ведаю.
Трымаючы ў адной руцэ талерку семак, увайшоў старшыня. Паставіў на стол талерку:
— Частуйцеся.
— Бярыце, чаго вы, — нагнаўшы ветру, з-за перагародкі выбегла прысадзістая маладжавая гаспадыня. — Бярыце, бярыце, — і, сарамліва ўсміхаючыся, паднесла госцю талерку.
— Ой, дзякую, — збянтэжыўся Андрэй і ўзяў шчопці семак.
Раптам за акном затупалі і, счакаўшы, у шыбу нямоцна забарабанілі.
Цагельскі кінуўся да акна.
— Дарафей Піліпавіч, з Зянцёла прыехалі, — гукнуў нехта, — па голасе можна было пазнаць, што хлапчук.
— Скажы, што іду, — на ўсю хату крыкнуў старшыня, зашморгваючы занавескі.
— Чаго ж гэта там? — следам за мужам у сенцы выбегла гаспадыня.
— I нашто яму быў патрэбен гэты калгас? На старасці год захацелася клопату. Я так угаварвала, — сказала ў цішыню маладзіца і падышла да этажэркі.
— Вы любіце праглядаць альбомы? — спытала, перабіраючы вобмацкам кнігі. Халацік на грудзях расхінуўся. Але яна заўважыла і, усміхнуўшыся, сцягнула зноў леваю рукою каўнерык.
Андрэй апусціў вочы:
— Калі ваш, то з вялікай цікавасцю.
Яна паклала на стол кароценькі пухлы фотаальбом з трыма белымі цвёрдымі кветкамі на карычневай вокладцы. Прынесла аднекуль табурэцік. Узлезла на яго з каленьмі. Паставіла вострыя локці на стол, падпёршы кулакамі шчокі, і павярнула твар да госця:
— Прысаджвайцеся.
Падносячы крэсла, Андрэй адчуў змешаны пах адэкалону — удушлівы і крэпкі.
Андрэй зморшчыўся.
— Вам нядобра сядзець? А вы, як я. Не саромейцеся. Не бойцеся, крэсла не зломіцца.
— Нічога, нічога, мне добра, — аднекваўся ён.
— Ну, гартайце, — локцем яна падсунула альбом да Андрэя. — Толькі не глядзіце першую старонку. Не трэба. Добра?
Яна нахінулася і дакранулася да яго рукі. Андрэю зрабілася горача, ён адчуў, што чырванее. Ад гэтай нечаканай жаночай блізкасці ён хмялеў, да яго падступаў нейкі гонар, задавальненне, весялосць, але над усім брала верх сарамлівасць, нейкая зацятасць.
Нешта сілком нагнула яго да альбома. Адтуль, з адглянцаванай у дробных зубочках карткі глядзеў твар незнаёмай дзяўчыны, поруч сядзеў маладзюсенькі лейтэнант пад вусікамі.
— Харошанькі, праўда? — сказала яна наконт лейтэнанта, лізнуўшы вострым языком сухія губы.
— Нічога сабе, відны, — Андрэю здалося, што ён праглынуў нешта даўкае.
— Пазнаеце? — яна паказала мезенцам на вялікі на ўсю старонку здымак. — Мяне тут ніхто не пазнае.
Андрэй кінуў вокам на гурбу дзяўчат у белых халатах, што стаялі перад ганкам нейкага шматпавярховага дома, і пакруціў адмоўна галавою.
— Медсястра. Не бачыце? — тоненькі няроўны мезенец яе ткнуўся ў нейчы тварык. — Фу! Бальніца… — вострыя худыя плечы жанчыны здрыгануліся. — Аж цяпер калоціць.
— А хіба вы працавалі медсястрой?
— Была некалі. Наглядзелася ўсяго. I якія ж гэта дурныя людзі вучацца на дактароў. Мяне каб азалаціў, не пайшла б…
Кончык носа яе заварушыўся.
— О, вы не ведаеце, што такое бальніца! Але не было куды дзецца. Тут жа ў Зачэпічах глухата. А хлопцы: то пастух, то конюх… Усе яны нейкія… — вочы яе заплюшчыліся, роцік скрывіўся. — Ой, вы перагарнулі Дзімку, — востры локцік кальнуў Андрэю ў плячо. — Гэта ж той шафёрык, што вас уранку вёз.
Як нейкай вялікай, але мяккай падушкай кінулі на Андрэя Сідорчыка. Яму зрабілася горача, не было чым дыхаць.
Андрэй непрыкметна нахіліўся на другі бок стала. Але і там, яму здавалася, падсцерагаў яго востры локцік.
У сенцах грукнулі дзверы, зашоргаў венік, абіваючы снег.
— Лідачка!.. — там адазвалася гаспадыня.
Лідачка выпрасталася, скокнула з табурэткі, з нейкім расчараваннем сказала, што вярнулася мама, і нячутна пайшла за перагародку.
На кухні загаварылі, потым Лідачка смяялася, моцна, душачыся гэтым смехам, і яму падумалася, што яна смяецца з яго.
«Якая ж яна…» — ён закрыў далонямі вушы.
Але ўвайшла гаспадыня, убачыла, што госць сядзіць, як сам не свой, абхапіўшы рукамі галаву, і здзівілася:
— Што? Вам нездаровіцца? — нават паспачувала. — Цяпер прастудзіцца не дзіва, гэткае надвор’е, дзе ж вы бачылі!
— Скразнякі ў аўтобусе, — панура адказаў Андрэй.
— То, можа, павячэралі б з намі. Чай на ліповым цвеце — першае лякарства ад прастуды.
— Дзякую, вячэраў.
— Ужо і не ведаю, як вас прасіць, — яна схавала рукі пад фартух. Загаварыла з мацярынскай пяшчотаю, дабратой. — Вядома, здарожыліся. То можа пасцялю, адпачывайце сабе на здаровейка.
Ад гэтай чуласці ў Андрэя адлягло, падабрэла на сэрцы, ён павесялеў.