У пазыкi па насеньне, апроч Пракопа, прыйшло i з паўтузiна iншых вяскоўцаў. "Граб награбленае" вымяла панскiя сьвiраны. Зерне паехала ў "нiаб'ятную", пра якую розныя дзiвы ў вадзiн голас апавядалi чырвоныя жаўнеры. Калi мясцовыя сяляне й не спадзявалiся, можа, што гэныя шчасьлiвыя калгасы з-за ўчарашняй мяжы памогуць iм насеньнем, дык, бязумоўна, мяркавалi, што ёсьць запасы ў панскiх i асаднiцкiх сьвiранах i ўсiм павiнна iх хапiць. Ды "нарыхтоўкi" ня толькi панскае павымяталi, але бальшыню дабра i з багацейшых сялян выцягалi. Дык калi пасьля «нарыхтовак» вялiкай народна-ўладавай фiгай вырас усiм на паказ гэтак званы семянны фонд, людзi ў пазыкi да сваiх пайшлi. Сявенька, — чалавек натуры добрай i спагадлiвай, шмат каму пазычаў, бо сваей зямлi сам абсеяць ня мог, а наймы скончылiся. Некаторыя хадзiлi ў пазыкi да Косьцiкавага бацькi Бурака, але гэны, празь меру прагавiты, так разьбедаваўся, што, здавалася, на яго беднасьць трэба было-б цэлай вёсцы ссыпку рабiць. Тымчасам у Паўлюковым гумне, у тым катуху, куды ён яшчэ зiмою бальшыню дабра ў новых мяхох перацягнуў i прыкрыў, каб ня бачыла непаклiканае вока, сыцелi цяпер пацукi й мышы.
Здавалася, што пасьля сiбiрскай зiмы зямля й сонца натужвалi ўсе свае жыцьцядайныя сiлы, каб адрабiць i паправiць тое, што зглумiў мароз. Людзi спачатку варажылi на двое, але калi поўнасьцю азелянiлiся лясы, прыбраўся ў лiстоту гiгант Архiп, за гумнамi зьдзеклiва чарнелi сады. Хiба адно сьляпому ня вiдаць было, што мароз непапраўную шкоду прынёс. Пракоп з жахам спасьцярог, што вымерзла бальшыня яго пчол, а тых пару сем'яў, што выжылi, падкармлiваць трэба было. Са сьлязьмi на вачох злосна вылаяў Бахмач таго маскаля-перапiшчыка, што сьпiсаў ня толькi тады яшчэ поўныя, але й пустыя вульлi.
Трымалася цёплая пагода, надыходзiла лета. Прагожа ўзбуйнела на Пракопавай лiпавiцкай дзялцы пшанiца, весялiўся бульбоўнiк, усьмiхаўся лён, авёс i ячмень. I часта хадзiў любавацца-цешыцца новым пярэстым хутарам Бахмач. Хадзiў да таго часу, пакуль ня прыйшлi падатковыя наказы. Прынёс iх у хату цяпер малагаманлiвы Лявон Шпунт. Яго й Косьцiка недзе пасьля Вялiкадня адпусьцiлi. Ромкаў гаспадар месяцы два ў Вялейцы на нейкiх, як казалi, важных курсах затрымаўся. Вярнуўшыся, працаваў у раёне нi то сакратаром, нiто кнiгаводам. Казалi, што неўзабаве арганiзацыяй калгасаў манiцца заняцца. Лявон-жа ў гацкiм сельсавеце служыў.
Пасьля атрыманьня наказаў, пачалiся ў Лiтоўцах абмеркаваньнi падаткаў. Справа ў тым, што вышыня iх перарасла ўгадкi найбольш сьмелых фантазёраў. Ужо нашто асьцерагаўся каб лiшняга не сказаць, пасьля арышту ў Гацкiм НКВД Антось Дзяркач, дый той цяпер рот адчынiў.
— Скажу вам, братцы, чаму цяперака па дваццаць пудоў жыта ад актара плацiць будзеце, — тлумачыў Антось. — Бальшавiкi як загадаюць, каб яна вырасла ды ўрадзiла, дык i вырасьцiць, i ўродзiць, ня дзе яно дзенецца. Так як яно ў iх там за гранiцай усё вырастаiць. Ня чулi, можа? Гэта-ж во прыйшоў раз адзiн баец да мужыка. Разгаварылiся. Той яму сваiмi пчоламi захацеў пахвалiцца, дык баец i кажа: — Знаеце што? От у нас пчолы, бальшушчыя, як у вас вераб'i, нi раўнуюючы! Мужык разявiў рот i думаiць сабе, што як гэта такiя вялiкiя пчолы могуць быць… Нячуванае… Ён i пытаiцца байца: — Ну скажыце, пажаласна, калi ў вас пчолы такiя вялiкiя, дык як яны ў вуль праз такую малую лётку ўлезуць? А баец яму ў вадказ: — Чудак ты, мiлый мой, канешня што ўлезуць. Пiшчаць да лезуць!
На зьмярканьнi ў нядзелю дзецi ганялiся за травеньскiмi хрушчамi, што насядалi на дзьве пышныя рабiны перад Алесявай хатай. У лiпавiцкiм бары голасна кукавала зязюля. Мужчыны сядзелi на лавачцы ля тыну й гаварылi.
— I ўсе так гавораць, што гэткiх падаткаў, цi, як яны называюць, налогаў ня будзiць як выплацiць. Хоць ты ўсё аддай, а рады не дасi. Як быць? — казаў Алесь.
— I навыдумлялi-ж… то пазямельныя, то падаходныя, то iншыя чартоўскiя, а цяперака яшчо нейкi кульналог, а грашовыя наверх, мусiць. Што гэта робiцца? — мяркаваў Пракоп.
— Я гэттака, швагрок, падазраю нешта, — сказаў Алесь.
— Ну што?
— Ты-ж толька сваiм здаровым розумам падумай: цi-ж яны нi знаюць, што нiкому такiя падаткi нi пад сiлу? А калi так, дык навошта гэтак робiцца?
— Кажы, што думаеш, — спанукаў Пракоп.
— Памоему яно ўсё з думкай робiцца. Калi людзi ня будуць магчы выплацiць, — а гэта саўсiм ясна, што нiхто рады нi дасьць, — дык тады пачнуць кiдаць тыя зямельныя надзелы з панскага. Праўда, цi не?
— Можа, — буркнуў Пракоп.
— Згода. Людзi, значыцца, пачнуць адмахвацца ад зямлi як чорт ад вады сьвянцонай. Бальшавiкi тады скажуць, што, маўляў, зямлi вам далi колькi вы хацелi, а вы ня ўмелi яе апрацаваць i падаткаў не плацiце. Значыцца, гледячы бальшавiцкiмi вачамi, дзе прычына?
— Ну як табе сказаць… цi ня людзi вiнаватыя…
— Во, во, так i скажуць. Ну а калi так, дык да чаго гэта вядзець? працягваў Алесь.
— Да калхозаў, думаеш?
— Ну а да чаго-ж, калi нi да калхозаў? Значыцца, скажуць, што вы гаспадарыць ня ўмееце, дык хадзiце ў калхозы, мы вас, братцы, навучым. От як! — заключыў Алесь.
— Нячыстая сiла! — сказаў злосна Пракоп.
Анна Михайловна Бобылева , Кэтрин Ласки , Лорен Оливер , Мэлэши Уайтэйкер , Поль-Лу Сулитцер , Поль-Лу Сулицер
Любовное фэнтези, любовно-фантастические романы / Приключения в современном мире / Проза / Современная русская и зарубежная проза / Самиздат, сетевая литература / Фэнтези / Современная проза