Цяжкi кон прыгнуў да зямлi сьпiны сялянскiя, любоў i спагаду ў сэрцах блiзкiх змарыў. Быццам краты, тачылi ў неўрадлiвай зямлi свае норы, на сонца глядзець iх адвучылi. I хто-ж гэта, сваей горыччу перапоўнены, прытулак у сваiм сэрцы тваiм цярпеньням знойдзе? Ты-ж — жыцьцёвая няўдача, звычайны правал. Ты — калека-недарэка — не змагла навет усьпялiцца на ня так высокiя ступнi замужжа. I працу, i помач тваю любiць будуць, ды як паленам табой кiдаць. Няўмольная й неспатольная доля старасьцi дзявочай.
Зусiм незаўважна зьявiўся, Парасчыну галаву адурманiў спрактыкаваны ў зводжаньнi старых i маладых дзяўчат франт «драгомiшч». Прыйшлi гутаркi й шэпты па завугольлях, прыйшлi ўздыханьнi й фiзычныя парываньнi. Таемнай салодкай глыбiнёй авалодаў згаладалым целам дрыготка-бурны ў сэксуальнай поўнi кульмiнацыйны акт. А пасьля першага кроку прыйшлi наступныя. I гэтак беспаваротна.
Ды Лявон ня спынiўся на фiзычным авалоданьнi дзяўчыны. За палкiмi цалункамi прыйшлi нашэпты зусiм iншага характару. Не агледзелася заварожаная дзеўка, пакуль яшчэ зацяжарыла, як ногi ейныя босыя, пры цяжкой працы на нiвах парэпаныя, абiвалi начную расу, а за пазухай таiлiся якiя камунiстычныя афiшкi.
Запозна спанатрыла Шпунтовы хiтрыкi адурманеная Параска. Занаравiлася, упёрлася. Адылi Лявон не разгубiўся, па трапны аргумант у кiшэню ня лазiў. Калi не памаглi ласкавыя намовы, палiцыяй пагражаў. Прынесшы такi вялiкi ўрон беднай дзяўчыне, Лявон на сьвежую цалiну пайшоў, а шантажом Параску далей на падпольнай працы трымаў. I вось кара боская: прагная прынадным цялесным шчасьцем паласавацца, дзеўка глыбака ў дрыгву ўлезла. Ня было навокал ратунку. Як пясок на нязмазаных дзёгцем колах, памагалi гэтта матчыны перасьцярогi.
Балела за дачку сэрца матчына. Часамi нараджаўся сьветлячок спадзяваньня. А мо й зьменiцца калi на лепшае? Некаторыя-ж кажуць, што бальшавiкi за бедных стаяць, паноў i багатых з наседжаных гнёздаў вытурваюць. Можа й Макатуном пасобяць. Каму як каму, а Макатунiсе дапякла беспрадонная галеча.
Зiрнула задумана матка на дачок i задрыжэў хваляваньнем ейны голас.
— Дачушка, я-ж знаю, што каб i прыказала табе дома сядзець, дык усiроўна панясець цябе… Дык iдзi-ж, Бог з табой… толька глядзi асьцярожна, каб чаго…
Макатунiха чмыхнула ў нос, пусьцiла сьлязу.
— Добра, мама, — пасьпяшыла запэўнiць яе Параска.
Цалюткую ноч Макатунiха бяссоньцай марылася, быццам што дрэннае прадчувала. Нейдзе на золаку раскатурхалася Дуня, дзьвярмi скрыпнула. Чульлiвае вуха разбудзiла з паўдрымоты матку. Нылi на мулкiм палу бакi. Праз замурзаныя ваконцы, на якiх ужо бзыкалi мухi, цiснуўся ў хату новы дзень. Апраналася. Трывожнае вока зiрнула на пустое месца, дзе звычайна спала Параска. Накрыла дзетак, зiрнула на Алену, што салодкiм сном спала, ды на двор паклыпала.
За лiтоўскiм балотам зарнiцы ўзыходзячага сонца зачырвонiлi просiнь чыстага неба. Калi-б гэты дзень быў буднi, даўно-б паднялася гукамi працы вёска. Сяньня-ж нядзеля. Рэдка дзе лянiва скрыпне ля калодзезя асьвер, радасным зьвяганьнем прывiтае якога раней устаўшага гаспадара сабака.
Ля хлеву прымасьцiлася на зэдлiку ля каровы Дуня. Сiвыя нiткi званiлi па дне пустога вядра. Худая чорная карова прагавiта спажывала сьвежа нажаты Дуняй на дарожным адхоне пырнiк. Пахла сьвежай травой i сырадоем. Макатунiха спынiлася ля калодзезя, прамыла сьцюдзёнай вадой змораны твар.
— Як, мама, нi спалася табе мусiць? — спытала дачка.
— Не, золатка, нi магла заснуць. Праўда гэта цi не, што Параска казала, але сон прагнала. Бог ведаiць што будзiць.
— Якая там праўда, — разважала Дуня, — цi мала чаго калi яна казала.
— Яно-ж сабе так, дачушка, — згадзiлася матка, — алi-ж цяперака вайна, усiх маладых вунь пазабiралi. Мусiць той немiц добра-ткi палякам уляпiў. Чаму-ж цяперака гэтым во нi прыйсьцi, калi ўздумаюць? Хто-ж iх задзержыць?
— Ну стой-жа, ты! — гукнула Дуня на карову, каторая ўсьпела ўжо скончыць траву, ды крутанулася задам ад дзяўчыны. Малако закрыла дно вядзёрца. Дуня пагладзiла карову па баку, ды зноў прымашчвалася пад вымя.
— Чаго-ж гэта я стаю? — спахапiлася Макатунiха, — падсьвiнак вуньдзiка сьцяну грызець.
Дуня перацэдзiла пахучы сырадой, пералiла ў гладыш, паставiла на палiцу ды выгнала ў загарадку карову. Тымчасам мацi справiлася з падсьвiнкам i курамi. Сонца выкачвалася ўжо з-за балота, пазалацiла Архiпаў чуб.
— Ну дзе-ж гэта дзяўчына падзелася? Цi нi пара ёй дамоў? — трывожылася Макатунiха.
— Нi бядуй, мамачка, прыдзiць, ня дзе нi дзенецца.
За Гараваткай пачулася чарга стрэлаў. Дачка з маткай спынiлiся перад хатай.
— Чуеш, дачушка?
— Чую, нi глухая-ж…
— Дык гэта-ж тамака, дзе Параска казала браму будуць строiць. А божачкi-ж мае, можа нядобрае што. Трэба пабегчы даведацца!
Трывожным прадчуваньнем новага лiха ўспыхнула Макатунiха. Тузанула дзьверы.
— Алена, глядзi дзетак! За Гараваткай на гасьцiнцы страляюць. Трэба пабегчы паглядзець… каб там баранi Бог…
— Мама, я з табой! — пасьпяшыла Дуня.
Анна Михайловна Бобылева , Кэтрин Ласки , Лорен Оливер , Мэлэши Уайтэйкер , Поль-Лу Сулитцер , Поль-Лу Сулицер
Любовное фэнтези, любовно-фантастические романы / Приключения в современном мире / Проза / Современная русская и зарубежная проза / Самиздат, сетевая литература / Фэнтези / Современная проза