У 1587 годзе вялікім князем літоўскім і каралём польскім быў абраны Жыгімонт Ваза, сын швэдзкага караля Яна III Вазы і Кацярыны зь Ягайлавічаў, сястры Жыгімонта Аўгуста. «Кароль Стэфан быў добры для жаўнераў, а гэты будзе добры для ксяндзоў», - сказаў свайму атачэньню папскі нунцы, даведаўшыся аб выніках выбараў. І ён ведаў, што гаварыў. Кароль Жыгімонт Ваза на працягу ўсяго свайго доўгага панаваньня ні на крок не адступіўся ад прагненьня зрабіць каталіцтва адзіным веравызнаньнем ня толькі ў Рэчы Паспалітай, але і за яе межамі. Гэтаму была падпарадкавана ўся ўнутраная і зьнешняя палітыка дзяржавы, а ўсе астатняе ня мела аніякага значэньня ў вачох манарха. Новы кароль як нічым на свеце брыдзіўся талерантнасьцю, якая была тады нормай у Рэчы Паспалітай Двух Народаў, сьведчыць адзін зь яго сучасьнікаў, і «калі б ад яго толькі залежала, не было б у гэтым каралеўстве аніводнаго схізматыка, кальвіна ці лютара». Але пры ўсім сваім ваяўнічым каталіцызме Жыгімонт Ваза пад час каранацыі быў вымушаны падпісаць генрыкаўскія артыкулы, якія абмяжоўвалі ўладу манарха і гарантавалі свабоду веравызнаньня. Рэфармацыя ў нашай краіне была вельмі моцнай, і аднаго жаданьня караля, каб яе зьнішчыць, было замала. Хоць у Польскім Каралеўстве каталіцкая царква ўжо адваявала свае пазыцыі, страчаныя ў сярэдзіне стагодзьдзя, у сэнаце Вялікага Княства па-ранейшаму падаўляючую большасьць складалі кальвіністы і лютаране, і іх голас не дазволіў Жыгімонту Вазе адкінуць артыкул аб талерантнасьці. Статут Вялікага Княства Літоўскага, падрыхтаваны перад усім эвангельскімі хрысьціянамі, у адным са сваіх артыкулаў слова ў слова паўтараў тэкст Варшаўскай канфэдэрацыі.
Хрысьціяне Вялікага Княства нейкі час цешылі сябе надзеяй, што кароль, народжаны ў лютаранскай Швэцыі, прынамсі ня будзе перашкаджаць рэфармацыйнаму руху. Рэальнасьць вельмі хутка паказала марнасьць падобных спадзяваньняў. Жыгімонт Ваза атачыў сябе езуітамі, якіх ведаў яшчэ са Стакгольму, дзе члены гэтага ордэну былі яго настаўнікамі і выхавацелямі, і адкрыта заявіў, што дзяржаўныя пасады ён будзе даваць толькі католікам. Ня мае значэньне адукацыя, здольнасьці, розум, важна толькі падзяляць праграму караля - ачысьціць Рэч Паспалітую ад усяго некаталіцкага. На дзяржаўным узроўні была аб'яўлена вайна Рэфармацыі.