Вясною 1521 году Марцін Лютар па загаду імпэратара зьявіўся на Вормскім сойме (сходзе нямецкіх князёў і прадстаўнікоў гарадоў). Ад яго зноў запатрабавалі адрачэньня ад сваіх тэзісаў. Тады Лютар, нагадаўшы, што папа і саборы неаднойчы памыляліся, абвесьціў, што калі яго не пераканаюць на падставе Бібліі, ён не адмовіцца ад выказаных думак: «На гэтым я стаю, я не магу інакш. Няхай дапаможа мне Бог». Імпэратар нічым ня змог аспрэчыць рэфарматара, аднак прысудзіў яго на выгнаньне. Тады саксонскі курфюрст Фрыдрых Мудры, які спрыяў Лютару, схаваў яго ў замку Вартбург. Там Марцін Лютар пачаў сваю працу над перакладам Бібліі на нямецкую мову. У верасьні 1522 году зьявіўся ў продажы Новы Запавет у яго перакладзе. Нягледзячы на вялікі наклад і завялікую цану ў паўтары дукаты, усе асобнікі раскупілі за два месяцы, і каб хоць неяк задаволіць попыт, на працягу двух гадоў выйшла 70 выданьняў гэтага перакладу. У 1534 годзе зьявілася поўная Біблія на нямецкай мове. Яе папулярнасьць была такой вялізарнай, што нават каталіцкія друкарні выдавалі гэты пераклад. Да сёньняшняга дня Біблія ў перакладзе Марціна Лютара зьяўляецца найпапулярнейшым нямецкім перакладам Сьвятога Пісьма. Больш таго, гэты пераклад стварыў і ўнармаваў сучасную нямецкую мову, зьяўляючыся найбольшым нямецкім празаічным творам.
Але ня толькі перакладамі і рэлігійнымі трактатамі Марцін Лютар абнаўляў царкву. Ён пісаў таксама песьні, якія сьпявалі па ўсёй Нямеччыне і за яе межамі. Ягоныя псальмы распаўсюджвалі Эвангельле хутчэй за ягоныя пропаведзі. Марцін Лютар зрэфармаваў таксама літургію, праводзячы яе на нямецкай мове і ставячы ў яе цэнтры пропаведзь Слова Божага.
Вучэньне Лютара можна абагульніць наступнымі прынцыпамі:
1. Sola gratia - толькі ласка Божая. Чалавек сваімі ўласнымі намаганьнямі ніяк ня можа заплаціць за свае грахі. Бог Сам вырашыў гэтую праблему, паслаўшы Свайго Сына Ісуса Хрыста, Які Сваёй сьмерцяй заплаціў за кожнага грэшніка. Чалавек нічым не заслужыў свайго выратаваньня, гэта ініцыятыва міласэрнага Бога.
2. Sola fides - толькі вера. Адказам чалавека на Божую ініцыятыву павінна быць вера. Вера - гэта прыняцьцё таго, што Бог ужо зрабіў для кожнага чалавека. Чалавек сам па сабе ня можа быць праведным. Праведнасьць зьяўляецца дарам ад Бога, які прыходзіць толькі празь веру.
3. Sola Scriptura - толькі Сьвятое Пісьмо. У Бібліі Бог адкрывае Свой плян, які мае для кожнага чалавека і для сьвету. Біблія зьяўляецца адзіным крытэрам, які паказвае Божыя стандарты для кожнай сфэры жыцьця чалавека.
4. Sola Christo - толькі Хрыстос. Няма іншага шляху выратаваньня чалавека, як толькі вера ў Ісуса Хрыста. Верыць у Хрыста - гэта значыць імкнуцца жыць жыцьцём Сына Божага. Насьлядаваньне Хрыста зьяўляецца сутнасьцю хрысьціянскага жыцьця.
Рэформы, пачатыя Марцінам Лютарам, ахапілі ўсю Эўропу. У 1526 годзе Альбрэхт Гогенцольлерн абвесьціў лютаранства афіцыйным веравызнаньнем Прусіі. У гэты самы час Швэцыя вяла змаганьне за вызваленьне ад дацкага панаваньня, і змагары за незалежнасьць ішлі пад штандарамі Рэфармацыі, ствараючы лютаранскую царкву ў сваёй краіне. У 1529 годзе нямецкія князі на імпэратарскім сойме ў Шпэеры выступілі з пратэстам супраць пастановаў, скіраваных на забарону рэфармацыйнага руху. З гэтага часу пасьлядоўнікаў Рэфармацыі сталі называць пратэстантамі.
У 1518 годзе рух Рэфармацыі ахапіў Швайцарыю. Гэтая горная краіна ўяўляла сабою саюз вольных кантонаў, кожны зь якіх быў малою рэспублікаю. З тых часоў, калі швайцарцы, абараняючы незалежнасьць сваёй краіны, разьбілі славутыя аддзелы бургундзкіх рыцараў, усе эўрапейскія валадары запрагнулі мець у сваім войску швайцарскую пяхоту. Маладыя людзі з альпійскіх вёсак ішлі ў чужаземныя войскі і сотнямі гінулі на палях бітваў. Лямантам у пустыні стаў голас Ульрыка Цвінглі, патрыёта і рэфарматара, які з амбоны катэдральнага касьцёлу ў Цюрыху выступіў супраць наёмнай службы, нязгоднай з хрысьціянскай маральнасьцю. Абвяшчаючы, як і Лютар, збаўленьне празь веру, Цвінглі выступіў таксама супраць індульгенцыяў, заклікаючы выгнаць з гораду тых, хто прадае адпушчэньне грахоў, як ашуканцаў і махляроў, і сьцьвердзіў, што толькі Біблія ўтрымлівае прынцыпы, абавязковыя для кожнага хрысьціяніна. У хуткім часе рада Цюрыху абвесьціла пра пераход кантону на бок Рэфармацыі. Замест незразумелай лаціны ў царкоўных пропаведзях загучала родная мова. Цюрыхскія цэрквы пазбавіліся алтароў, абразоў, статуяй і сталі дамамі малітвы. Надаючы царкве першасны вобраз, Цвінглі арганізаваў самакіраваньне ў царкоўных супольнасьцях.