Калi ваяры Карыбутавiча вярнулiся ў Беларусь, многiя зь iх, прыняўшы ў Чэхii iдэi Яна Гуса, пачалi распаўсюджаваць iх у сябе на радзiме. Пазьней да iх далучылiся тыя, хто атрымлiваў адукацыю ў Праскiм унiвэрсытэце. Такiм чынам, пасьлядоўнiкi Яна Гуса прапаведвалi ў Беларусi, пачынаючы з часоў Геранiма Праскага. Недзе каля 1490 году папа рымскi Сыкст IV усталяваў iнквiзыцыю ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм, надаючы ёй права далучэньня да каталiцкай царквы герэтыкоў i схiзматыкаў. Пад схiзматыкамi тут разумелiся праваслаўныя, а пад герэтыкамi - гусiты, бо iншага руху, "герэтычнага" у вачах рымскай царквы, у Беларусi ў той час не iснавала. На самым пачатку Рэфармацыi ў Беларусi мы бачым вызнаньне чэскiх братоў, якое спачатку аддзялялася ад iншых рэфарматараў, але хутка злучылася з вызнаўцамi кальвiнiзму.
Аднак сапраўдным пачаткам Рэфармацыi для Беларусi стала выданьне доктарам Франьцiшкам Скарынаю з Полацку перакладу Бiблii на тагачасную беларускую лiтаратурную мову. У той самы год, калi ў Вiтэнбэргу Марцiн Лютар абвесьцiў 95 тэзiсаў супраць iндульгенцыяў, у Празе доктар лекарскiх навук пачаў друкаваць асобныя кнiгi Старога Запавету. У прадмовах Скарына пiсаў: "Прото я, Францiшек, Скорынiн сын с Полацька, в лекарьскых науках доктор, разумея сее, iже без страху Божiя, без мудростi i без добрых обычаев не ест мощно почстiве жiтi людем посполiте на землi, казал есмi тiснутi Прытчi iлi Прысловiя...рускiя языком напред ко чтi i к похвале Створiтелю, Спасiтелю, Утешiтелю Богу в Троiце едiному, ... потом людем простым абы, научывшыся мудростi, добре жiвучы на свете, мiлостiвого Бога хвалiлi, по тому яко же прiлежыть на велiкую высокость i велеможность iменi Его святого". У той час "рускiм языком" называлася старабеларуская мова, у адрозьненьнi ад царкоўнаславянскай, званай "словенской".
Беларуская Бiблiя, выдадзеная Скарынам, значна апярэдзiла падобныя выданьнi ў суседнiх народаў, стаўшы другой пасьля чэскай друкаванай Бiблiяй у славянскiм сьвеце.
Што гэта значыла для Беларусi, яскрава сьведчыць такi прыклад. У Санкт-Пецярбургу, у бiблiятэцы Акадэмii навук, захоўваецца ўнiкальны, шыкоўна аздоблены помнiк кнiжнага мастацтва Беларусi пачатку XVI стагодзьдзя - Бiблiя на царкоўнаславянскай мове. Яе перапiсваў адзiн чалавек - Мацей з Тарапца, званы Дзесятым, на працягу пяцi гадоў: пачаў у 1502 годзе ў Вiльнi, а скончыў у 1507 годзе ў Супрасьлi. Кнiжны фалiянт Мацея Дзесятага па аб'ёму тэксту крыху пераўзыходзiць 23 кнiгi Бiблii, выдадзеныя на працягу 1517-1519 гадоў у Празе беларускiм першадрукаром. I хоць Скарына працаваў не адзiн, калi ўлiчыць тэхнiчныя цяжкасьцi пры падрыхтоўцы i выпуску кнiг друкарскiм спосабам, яго Бiблiю па выдатках чалавечае працы магчыма параўнаць з рукапiснай Бiблiяй 1507 году. Прыблiзна за такi самы час, калi Мацей Дзесяты перапiсваў адну кнiгу, Скарына змог падрыхтаваць да друку i выдаць некалькi сотняў камплектаў Бiблii. Паколькi наклад Скарынавых выданьняў сягаў паўтысячы асобнiкаў, агулам за два з паловай гады зь ягонай друкарнi ў Празе выйшла звыш 10 тысячаў кнiгаў. Такую бiблiятэку не змаглi б адолець сто перапiсчыкаў i за дзесяць гадоў.
Скарына даў свайму народу Бiблiю на зразумелай мове, задавальняючы ў пэўнай меры кнiжны голад, якi iснаваў тады ў Вялiкiм Княстве, ды i ў-ва ўсёй Усходняй Эўропе. Захавалася перапiска памiж пiсарам вялiкага князя лiтоўскага Якубам i маскоўскiм дойлiдам Ярмолiчам, якiя жылi напрыканцы XV ст. Якуб прасiў свайго маскоўскага прыяцеля прыдбаць для яго Пасланьнi апостала Паўла, на што той даў адказ, што патрэбных кнiгаў купiць гатовымi ён ня змог, i абяцаў замовiць iх у "дабрапiсцаў". Калi нават вялiкакняскi пiсар адчуваў дэфiцыт кнiгаў i шукаў iх за мяжою, то набыць Бiблiю шляхцiчу цi месьцiчу было яшчэ цяжэй.
У такiх умовах ужо толькi друкаваньне Бiблii само па сабе было рэфарматарскiм крокам. Сучаснiк Скарыны, каталiцкi кардынал Гозi, аднойчы сказаў: "Дазволiць народу чытаць Бiблiю - значыць даваць сьвятыню сабакам i кiдаць пэрлы перад сьвiньнямi". Пазыцыi прыхiльнiкаў Рэфармацыi i яе ворагаў у гэтым пытаньнi кардынальна розьнiлiся.
Але Скарына ня толькi iмкнуўся зрабiць Бiблiю больш даступнай, ён прагнуў зрабiць яе як мага больш зразумелай чытачу. Палачанiн сьцьвярджаў неабходнасьць асабiстых адносiнаў чалавека з Богам, адмаўляў патрэбу ў "пасярэднiках" памiж Словам Божым i веручым, акцэнтаваў увагу на вывучэньнi Бiблii i жыцьцi згодна са Словам Божым, "понеже не толiко докторове i людi вченыi в нiх разумеють, но всякiй человек простый i посполiтый, чтучы iх iлi слухаючы, можеть поразуметi, что ест потребно к душному спасенiю его".