Яшчэ адной характэрнай рысай XVI стагодзьдзя стаў хуткi рост у Беларусi гарадоў i мястэчак. Калi на пачатку стагодзьдзя iх было толькi 48, то ўжо ў 1567 годзе iх налiчвалася больш за 280. Гэтая ўрбанiзацыя Вялiкага Княства непасрэдна зьвязаная зь iмкненьнем магнатаў закладаць гарады i мястэчкi ў сваiх уладаньнях. Радзiвiлы, Кiшкi, Пацы, Сапегi запрашалi разнастайных рамесьнiкаў, перш за ўсё веручых, i надавалi новым паселiшчам магдэбурскае права (права самакiраваньня). Дзеячы Рэфармацыi ставiлi сабе за мэту клапацiцца пра пашырэньне кола людзей, якiя займаюцца нейкiм рамяством. Сымон Будны ў сваiм "Катэхiзiсе" зьвяртаў увагу бацькоў, што "повiнны родiтелi научатi сынов своiх мастерству або ремества якого побожного, абы от него слушное выжывене на потом мелi". Ён ставiў майстра ў адзiн шэраг з настаўнiкам, пастарам i ўладамi.
Сярэдзiна XVI стагодзьдзя - гэта таксама iмклiвы культурны ўздым Вялiкага Княства. Тут варта ўзгадаць хаця б тыя некалькi сотняў школаў, адкрытых пры эвангельскiх цэрквах на працягу няпоўных дзесяцi гадоў, якiя далi магчымасьць тысячам маладых людзей атрымаць прынамсi пачатковую адукацыю. Або сотнi кнiгаў, якiя выходзiлi вялiкiмi накладамi i пашыралi веды сярод жыхароў краiны. У рэфармацыйных друкарнях выдавалася ня толькi рэлiгiйная лiтаратура, але таксама кнiгi па гiсторыi, геаграфii, матэматыцы, фiлязофii, паэтычныя i празаiчныя творы розных аўтараў, пераклады з замежных моваў. Князь Мiкалай Радзiвiл Чорны стаў распачынальнiкам мэцэнацтва ў Вялiкiм Княстве. Пры яго двары стваралi музыку Кiпрыян Базылiк i Вацлаў з Шаматулаў, пiсалi вершы Мiкалай Рэй i Андрэй Трыцесскi. Нямецкiя мастакi, якiя працавалi дзякуючы падтрымцы вiленскага ваяводы, увялi ў побыт шляхты Княства партрэтны жывапiс. Мiкалай Чорны стаяў таксама ля вытокаў славутых радзiвiлаўскiх мастацкiх збораў, першай мастацкай калекцыi ў Беларусi.
Шматгранная дзейнасьць вiленскага ваяводы выяўлялася i ў палiтычным жыцьцi краiны. Пачынаючы з 1556 году Мiкалай Радзiвiл Чорны шмат увагi ўдзяляў сiтуацыi ў Прыбалтыцы, вядучы перамовы аб далучэньнi Лiвонii да Вялiкага Княства i сумеснай абароне супраць маскоўскай агрэсii. У 1558 годзе войскi Iвана Жахлiвага ўварвалiся ў Лiвонiю, пакiдаючы за сабою спаленую зямлю. Лiвонiя зьвярнулася да Вiльнi па дапамогу, становячыся пратэктаратам Вялiкага Княства. Вайна з Масквою стала непазьбежнай. Зiмою 1563 году 200-тысячная маскоўская армiя на чале зь Iванам Жахлiвым увайшла ў межы Княства i аблажыла Полацак. Вялiкi гетман лiтоўскi Мiкалай Радзiвiл Руды кiнуўся тэрмiнова зьбiраць беларускае войска i закрыў дарогу на Вiльню, але дапамагчы Полацку анiяк ня змог. У лютым 1563 году Полацак быў захоплены. Па загаду цара Iвана ўсе, хто не хрысьцiўся па-праваслаўнаму, былi пасечаныя шаблямi або ўтопленыя ў Дзьвiне, мужчыны i жанчыны, старыя i дзецi. Усiх пазасталых палачанаў захопнiкi аб'явiлi палоннымi i пагналi на ўсход. У родны горад зь iх нiхто не вярнуўся, а сам Полацак быў заселены перасяленцамi з-за Масквы. Калi праз 16 гадоў войскi Стэфана Баторыя вызвалiлi Полаччыну, гэтая некалi самая заселеная зямля ў Вялiкiм Княстве ўяўляла сабою зарослую маладым лесам пустыню безь людзей i без жывёлы. Да сёньняшняга дня гэты край самы бязьлюдны ў Беларусi.