Сьмерць Мiкалая Чорнага стала сур'ёзным выпрабаваньнем для кальвiнiстаў Вялiкага Княства. Багаслоўскiя спрэчкi разгарэлiся ўнутры эвангельска-рэфармаванага Задзiночаньня зь нечуванай сiлай i прывялi да падзелу адзiнага рэфармаванага збору на так званы большы збор - уласна кальвiнiстаў, верных навуцы Жана Кальвiна, i меншы збор - так званых арыянаў цi антытрынiтарыяў, якiя самi сябе называлi лiтоўскiмi братамi. Асноўнай прычынай падзелу стала пытаньне пра Тройцу i хрышчэньне дзяцей. Лiтоўскiя браты, падкрэсьлiваючы тое, што Iсус Хрыстос быў на 100% чалавекам, пры гэтым нярэдка адмаўлялi Яго роўнасьць Богу Айцу, а таксама лiчылi, што кожны чалавек павiнен хрысьцiцца толькi дарослым, усьведамляючы, што ён робiць. Гэтыя пазыцыi выклiкалi зацятыя спрэчкi, аднак так i не стварылi выразнай мяжы памiж большым зборам i меншым, што дазваляе меркаваць, што вядомыя нам скрайнiя выказваньнi аднаго цi другога боку гаварылiся хутчэй у запале дыскусii, чым адлюстроўвалi паўсюдна прынятую багаслоўскую пазыцыю. Многiя прыхiльнiкi лiтоўскiх братоў адначасова не парывалi з большым зборам, як напрыклад, староста берасьцейскi Ян Кiшка, якi быў найгалоўнейшым апекуном меншага збору ў Вялiкiм Княстве. Тым ня менш спрэчкi i падзелы ўнутры рэфармацыйнага руху аслабiлi пазыцыi рэфарматараў напярэдаднi тых падзеяў, якiя чакалi нашую дзяржаву.
Вайна з Масквою, якая цягнулася ўжо шмат гадоў, востра паставiла перад Вялiкiм Княствам даўняе пытаньне пра вунiю (саюз) з Польскiм Каралеўствам. Ваенная машына Маскоўскай дзяржавы, скiраваная на заваёву новых земляў, моцна пераўзыходзiла абарончыя магчымасьцi Княства, i нашай краiне выразна не ставала сваiх сiлаў, каб супрацьстаяць усходняму агрэсару. У 1563 годзе пачалiся перамовы дэлегацыi Вялiкага Княства з прадстаўнiкамi Польскай Кароны пра ўмовы аб'яднаньня дзяржаваў. Польскi бок, спасылаючыся на старыя акты часоў Ягайлы, настойваў на стварэньнi адзiнай дзяржавы, але беларускiя паслы на чале зь Мiкалаем Радзiвiлам Чорным прынцыпова стаялi на пазыцыi захаваньня незалежнасьцi Вялiкага Княства. Спрэчкi цягнулiся не адзiн год, тым часам вайна працягвалася, зьнясiльваючы краiну. Шляхта, на плячох якой ляжаў асноўны цяжар вайны, усё грамчэй патрабавала вунii, згаджаючыся на польскiя ўмовы.
Урэшце ў студзенi 1569 году ў Люблiне сабраўся супольны сойм Вялiкага Княства Лiтоўскага i Польскага Каралеўства, каб разгледзець пытаньне саюзу. Дэлегацыя Княства зноў рашуча не пагадзiлася зь iдэяй уключэньня сваёй краiны ў склад Польскага Каралеўства i ў знак пратэсту пакiнула Люблiн. Тады Жыгiмонт Аўгуст, карыстаючыся сваёй уладай вялiкага князя лiтоўскага, далучыў да Польскага Каралеўства Падляшша, Валынь i Кiеўшчыну, тым больш, што тамтэйшая шляхта была найбольш прыхiльная вунii, спадзяючыся знайсьцi праз гэта абарону ад Масквы i ад татараў. Вiльня была шакаваная такiм ходам падзеяў, нават чулiся галасы пра вайну з Польшчай, але калi з заходнiм суседам яшчэ можна было весьцi перамовы, то зь Iванам Жахлiвым размаўляць было няма пра што: там, дзе прайшлi маскоўскiя войскi, заставалася выпаленая зямля. Паслы Княства зноў паехалi ў Люблiн, каб адстойваць самастойнасьць сваёй дзяржавы i дасягнуць нейкага кампрамiсу. 1 лiпеня 1569 году быў абвешчаны акт стварэньня Рэчы Паспалiтай Двух Народаў, фэдэрацыi Польскага Каралеўства i Вялiкага Княства Лiтоўскага, якая мела аднаго караля i адну зьнешнюю палiтыку, але два войскi, два скарбы (фiнансавыя сыстэмы), два зборнiкi законаў.
Саюз кальвiнскага Вялiкага Княства зь пераважна каталiцкiм Польскiм Каралеўствам пачаў новую старонку ў гiсторыi Беларусi, але ў той час мала хто мог прадбачыць, што будзе далей. На Люблiнскiм сойме амаль усе паслы Вялiкага Княства былi кальвiнiстамi цi лютаранамi, а сярод польскай дэлегацыi эвангельскiя хрысьцiяне складалi недзе чвэрць. Нягледзячы на гэта многiя ў Беларусi меркавалi, што прынцыповых зьменаў ва ўнутранай палiтыцы Рэчы Паспалiтай Двух Народаў не прадбачыцца.