Заключэньне Берасьцейскае вунii стала яшчэ адным посьпехам Контррэфармацыi ў Вялiкiм Княстве. Зь вялiкай хуткасьцю краiна, як i 50 гадоў таму, мяняла сваё аблiчча. Магнаты, уплывовыя i руплiвыя вызнаўцы эвангельскай веры, памiралi адзiн за другiм, саступаючы свае месцы ў сэнаце католiкам, выхаванцам езуiтаў, якiм Жыгiмонт Ваза даваў найвышэйшыя пасады ў дзяржаве. Канец XVI пачатак XVII стагодзьдзяў - гэта час зьмены пакаленьняў у Вялiкiм Княстве. Адыходзiла ў вечнасьць пакаленьне Рэфармацыi, людзi, якiя прынялi Слова Божае ў сваё жыцьцё, жылi гэтым Словам i зьмянiлi краiну, закладаючы падвалiны Божага блаславенства для сваёй Бацькаўшчыны. Iх дзецi не пайшлi сьледам за бацькамi, зрабiлi iншы выбар. Калi паглядзець бiяграфii розных дзяржаўныхi дзеячоў Вялiкага Княства таго часу, кiдаецца ў вочы, што амаль усе яны былi кальвiнiстамi цi лютаранамi, вучылiся ў рэфармацкiх школах, ва ўнiвэрсытэтах Караляўца, Вiтэнбэрга, Ляйпцыга, але пачынаючы зь 90-ых гадоў XVI стагодзьдзя ў iх жыцьцi адбылiся рэзкiя зьмены сьветапогляду, i мы ўжо бачым iх альбо католiкамi, альбо вунiятамi.
Чаму гэта адбылося? Чаму Рэфармацыя, так хутка i так паўсюдна ахапiўшая Вялiкае Княства, пачала iмклiва губляць пазыцыi? Можна выказваць розныя меркаваньнi, але нават не праводзячы спэцыяльных дасьледваньняў магчыма назваць асноўныя прычыны падобнай сытуацыi. Па-першае, войны з Маскоўскай дзяржавай аслабiлi Вялiкае Княства i прымусiлi шукаць больш цеснага саюзу з Польскiм Каралеўствам, адкрываючыся такiм чынам на ўсялякiя ўплывы свайго саюзьнiка. Перамога Контррэфармацыi ў Польшчы прадвызначыла падобныя працэсы i ў Вялiкiм Княстве. Другой, ня менш важнай прычынай адступленьня Рэфармацыi была несалiдарнасьць рэфарматараў. Багаслоўскiя канфлiкты разьдзялялi эвангельскiх хрысьцiянаў, якiя часта лiчылi важнейшым давесьцi, што iншыя рэфарматары памыляюцца, чым у адзiнстве выступаць супраць агульнага працiўнiка. Акрамя таго ў грамадзкiх i палiтычных пытаньнях эвангельскiя хрысьцiяне, у адрозьненьнi ад iхнiх братоў па веры ў iншых краiнах Эўропы, не выступалi адзiным фронтам, i таму часта не маглi абаранiць свае правы або дамагчыся выгаднага для сябе рашэньня цi разьвiцьця падзеяў. Такая нязгода мiж прыхiльнiкамi Рэфармацыi кантраставала з багаслоўскiм i арганiзацыйным адзiнствам, якое дэманстравала каталiцкая царква i якое iмпанавала шляхце. Яшчэ адной прычынай перамогi Контррэфармацыi ў Вялiкiм Княстве стала малая ўвага, якую ў апошнiя дзесяцiгодзьдзi XVI стагодзьдзя рэфарматары надавалi сваiм служыцелям. Адукаваныя, сусьветна вядомыя мiнiстры, такiя як Волан, Судровiй, Ласiцкi, не пакiнулi пасьля сябе настолькi ж адукаваных i руплiвых настаўнiкаў. Езуiцкая прапаганда выстаўляла эвангельскiх служыцеляў нiкчэмнымi людзьмi, а самiм рэфарматарам не хапiла мудрасьцi сур'ёзна заiнвэставаць у тое, каб падняць статус мiнiстраў свайго вызнаньня ў грамадзтве. У вынiку на пачатку XVII стагодзьдзя рэфармацыйны рух адчуваў вялiзарную нястачу служыцеляў, i дзесяткi збораў былi зачыненыя з-за банальнай адсутнасьцi пастара. Вернiкi, ня маючы духоўнай апекi з боку сваiх мiнiстраў, лёгка знаходзiлi яе з боку каталiцкiх сьвятароў i прымалi вучэньне i практыкi каталiцкай царквы.