Я збянтэжыўся, як хлапчаня. Ад яе перажыванняў, ад таго, што не я, мужчына, першы ступіў, паспрабаваў пераступіць цераз непаразуменне.
— Ніякай вашай віны перада мной няма, Аглая» — апусціў галаву я. — Дык i не дакарайце сябе ні за нішто. Прыходзьце, будзем дзяўбці граніт навукі далей.
— Прыйду, — усміхнулася, пажвавела, залілася здаровым чырванцом.
Сапраўды, зноў начала заяўляцца вечарамі, i мы нібы зусім спакойна пачалі карпець над кнігамі ды сшыткамі далей. Чаму — «нібы снакойна»? Мы пазіралі адно на аднаго, гаварылі, быццам сябры, але пад гэтым сяброўствам было ўжо i іншае — штосьці змоўніцкае, тайнае наша, адно, пра што ведалі толькі яна i я. I хоць я яе праводзіў, ціснуў на развітанне руку, але гэты поціск, ціхае i пяшчотнае «Да пабачэння» поўнілі сэрца ўсведамленнем хуткага большага i еднаснага. Мы не гаварылі, але адчувалі: сам лёс зводзіць i збліжае нас.
Так вось цягнулася да Восьмага сакавіка. Вечарам гэтага святочнага дня — пасля прамовы дырэктара i канцэрта для вучняў i насельнікаў пасёлка — мы настаўніцкім гуртам засталіся ў школе i наладзілі банкецік з гулянкаю. Нам іграў на баяне вайсковы старшына — каханак нашай Наталлі i наш «карміцель».
Калі пачаставаліся i пачалі танцаваць, дык наш дырэктар (а ён зноў джыгнуў болей за ўсіх) пачаў прыставаць да Аглаі. То ўсаджваўся побач з ёю i вёрз-вёрз пра сябе i яе былога мужа, пра іхнія франтавыя перыпетыі, а то, як усе бачылі, пажадна нашэптваў ёй на вуха i заманьваў у настаўніцкую.
— Іванавіч, — не раз i не два штурхала мяне локцем Наталля, — ратуй Аглаю. Хіба не бачыш яго юру?
Я ўсё бачыў. Як i тое, што Аглая не гарэзнічае i не сваволіць. Наталля ж, думаючы, што я не ўсё разумею, калі такі спакойны, улучыўшы момант, зашаптала мне:
— Глядзі, не страць сваё шчасце! Аглая цябе любіць!
Мала гэтага, дык Наталля намагалася яшчэ зусім спаіць Трыфанавіча, затрымаць каля сябе, каб з Аглаяй мог патанцаваць я; той куляў чарку за чаркай, касеў, але з мяне вока не спускаў. Нават больш — пачаў задзірацца, a ўрэшце схапіў мяне за кашулю на грудзіне.
— Ты што сабе дазваляеш, «герой»? — вытарашчыў ён чырвоныя вочы, а ягоныя тонкія нос i вусны яшчэ болей патанелі ад злосці.
— Што я дазваляю забароненае? — як мага спакойна запытаў я (пасля мне сказалі, што я ў гэтую хвіліну збялеў).
— Ты нахабна прыстаеш да жонкі майго друга, франтавіка!
— Я яе не крыўджу, — я спрабаваў адарваць ад сваёй грудзіны ягоныя рукі. — А вы, калі ласка, вядзіце сябе прыстойна!
— Ты, хітрая i двудушная контра, будзеш яшчэ вучыць мяне?!
Спачатку ўсе анямелі, пазіралі на нас, а пасля кінуліся раздымаць — Трыфанавіч забушаваў, адпіхваў настаўніц, але тыя абляпілі яго i абсадзілі на крэсла.
— Мікалай, — падышла да яго i сцята прамовіла бледная Аглая, — сёння скажу перад усімі: запыні свой кантроль, свае дамаганні да мяне!
— Які «кантроль», якія «дамаганні»! — узвіўся той. — Я абараняю гонар свайго друга-франтавіка!
— Я сама абараню яго i свой гонар. Калі б ён жыў, была б яго вернай жонкаю, — дадала Аглая са слязьмі. — Але яго няма i не будзе ніколі. Дык не глумі мне душу, не выношвай свае непрыстойныя намеры. Каханкай я не буду. Нікому. Я хачу быць жонкай i маці. Жонкай — таму, каго я пакахаю, хто мяне пакахае.
— Дык ты гатова памяняць героя вайны на «ворага народа»? — упершыню, адчуваючы крах сваіх надзей, напаў-раніў яе той.
— Кажу, я сама буду рашаць свой лёс.
— Эх, сволач! — Трыфанавіч падскочыў, вырваўся з жаночых рук, падбег, мігам сцягнуў са стала абрус з рэшткамі пітва i ежы, строс усё гэта на падлогу i зларадна-пераможна заззяў: — Наце! Мае вам!
Нейкую хвіліну ўсе анямела маўчалі.
— Дурань, самы неабчасаны пень, — ціха прамовіла Аглая. — Табе месца не ў школе, а самае вялікае — конюхам на канюшні. — Пасля да настаўніц: — Збярыце ўсё, навядзіце лад, дзяўчаты. — А затым да мяне: — Хадзем, Іванавіч. Не перажывайце. Гэты хамут унізіў не вас, a ўнізіўся сам. Паказаў: яму далека да вас.
Трыфанавіч нібы астудзіўся, абмяк — апусціў долу абрус, адышоў i, адвярнуўшыся ад усіх, спрабаваў закурыць; жанчыны пачалі прыбіраць.
— Не перажывайце, Іванавіч, — ужо на двары, трымаючыся за маю руку, зноў папрасіла Аглая. — Гарэлка зацьміла яго невялікі розум, абудзіла зайздрасць, злосць, нянавісць да вас. І не толькі таму, што вы — добры настаўнік.
Я змаўчаў.
— Вы мяне разумееце, Іванавіч?
— Разумею, Аглая.
— Што вы разумееце? — запытала ўжо крыху гулліва.
— Усё.
— Скажыце, пра што вы думаеце.
— Ён, мабыць, кахае вас.
— Вы так лічыце сур'ёзна?
— Адкажу пытаннем на пытанне: хіба ён не ўмее, не можа кахаць?
— У яго ёсць жонка, дзеці, дык вось няхай ix кахае i любіць.
— Бывае, Аглая, i жанатыя ды сямейныя ўпершыню адчуваюць каханне.
— Ці не апраўдваеце вы яго, Іванавіч? — здзівілася Аглая.
— Не, не апраўдваю. Я гавару тое, пра што думаю.
— I што вы яшчэ думаеце пра яго? Да слова, пра ягоную зайздрасць, злосць i нянавісць да вас?
— Ён раўнуе.
— Чаму? Хіба ў нас з вамі каханне?