Калі яго дачцэ ад першай жонкі (яшчэ ў яго два сыны з іншымі жанчынамі) споўнілася васемнаццаць гадоў, ён сказаў ёй: «Всё, алименты я тебе уплатил, больше ко мне не обращайся. Если хочешь деньжат, езжай в Минск, там живет мой отец, а твой дед. Он из репрессированных, полон ненависти к советской власти, но деньги тебе должен дать».
Уражаная, што ў яе бацькі, выходзіць, ёсць бацька, а ў яе — дзед, дзяўчына прыехала ў Мінск, каб хоць зірнуць на дзеда-нелюдзя ды паспрабаваць яго перайначыць. Калі пасядзела ўсяго некалькі хвілін за сталом з намі, была зачараваная Алесевай абаяльнасцю i яго цёплым, радасным успамінам пра яе бабулю Істу. Слухала i, хоць не пачула пра свайго бацьку ні аднаго кепскага слова, ужо стала хітала галавой: «Как мог уродиться таким подлецом мой отец!» Мы супакойвалі яе як маглі, a калі яна ад'язджала, праводзілі яе, далі тысячу рублёў (на той час немалыя грошы), запрасілі прыязджаць яшчэ, як дадому.
Неўзабаве пасля дачкі прыпёр бацька. Зайшоў ён у кватэру, i ўсё, як кажуць, стала ясна: няголены, амаль бяззубы, у скамечаным касцюме, на пінжаку якога вісеў на нітачцы толькі адзін гузік, у даўно ўжо неваксаваных туфлях.
«В хоромах живете! — пазлараднічаў, азіраючы нашы тры пакоі. — А я вот не имею ни телевизера, ни холодильника...»
Алесь змаўчаў, нічога не адказаў, зразумела, па-бацькоўску радуючыся, што сын, які б ні быў, усё ж нарэшце заявіўся. Я магла б сказаць: «Дарагі мой, не зайздросць, што твой бацька пад старасць пабудзе ў цяпле i паляжыць на мяккай канапе: усю маладосць сваю пракідаўся па халодных i брудных нарах!», але стрывала.
Колькі ён ні быў у нас, разумнай, сямейнай размовы з ім так i не выйшла. Hi за чаркаю, ні без чаркі, якую ён з першага ж вечара пачаў вымагаць у Алеся: «Наливай, старик, еще выпьем». На другі дзень, зранку, калі сын быў цвярозы, Алесь спрабаваў пагаварыць з ім, даведацца, чаму ён так сябе паводзіць (цяпер сын быў без ніякай работы, разышоўся ўжо з трэцяю жонкаю), параіў застацца тут, у Мінску, дакляруючы знайсці яму працу. Праўда, патрабаваў, каб сын даў слова, што кіне калі не піць, дык напівацца звыш меры. Сын маўчаў, пазіраў у кут, але як толькі пахмяліўся i адразу ж захмялеў, груба абарваў бацьку: «Ты меня не воспитывал, так не имеешь права читать мне нравоучения» альбо: «Все ребята гордились своими отцами-фронтовиками, а я всегда был удрученный».
«А бацька твой быў не засмучаны i не прыгнечаны? — не выцерпела я. — Ды без віны вінаваты? Ці ты прадаўжаеш верыць, што i ён зламыснік?»
«Я ничего не знаю».
«Дык думай крыху, ты ж ужо не дзіця i не юнак» — сказала я. — Бацька пекла зямное — хлуслівыя абвінавачванні, глум, здзек, катаржную працу — прайшоў, страціў дарагіх людзей, быў на краёчку пагібелі, але не толькі ўстаяў, але застаўся чалавекам. У яго ёсць жонка, дзеці, унукі, якія яго любяць. Ён сумленна працуе ў літаратуры, i яго паважаюць калегі, чытачы. А ты? Канечне, не зведаў сапраўднай бацькоўскай увагі i ласкі, але, дзякуй Богу, добрыя людзі паднялі цябе на ногі, паспрыялі скончыць школу, а пасля — універсітэт. Ты меў добрую работу, зарплату, сям'ю, кватэру, дык чаму ты гэта ўсё змарнаваў?»
«Такая жизнь».
«Жыццё, — кажу, — нялёгкае, але не трэба ўсё-ўсенькае на яго альбо на свой лёс звальваць. Бяры, пакуль не позна, прыклад з бацькі. Найперш сам настройвай сябе на лад».
Настроіў. Мы купілі яму новы касцюм, кашулю, туфлі, гальштук, некалькі дзён не далі ні кроплі гарэлкі, адпарылі ў ванне, апранулі, i Алесь павёў яго ўладкоўваць на завод. Уладкаваў. Але ў той жа вечар ён загнаў пінжак i гальштук на гарэлку, вярнуўся дадому п'яны i выкачаны ў бруд.
Цярпенне Алесева лопнула, калі аднаго дня нецвярозы сын прыстаў да яго: «Слушай, ты уже старик, ты можешь в любой момент дать дуба. Дал моей старшей дочке тыщу, дай и моим остальным детям по тыще. А мне отпиши свою дачу».
Алесь збялеў ад такога нахабства, а пасля толькі вымавіў адно, але цяжкое слова: «Вон!»
«Да пошел ты, добродетель этакий, на ...! — узвіўся той. — Давили тебя, но не дадавили...»
Выпаліў, грукнуў дзвярыма і пайшоў, каб яшчэ болей напіцца, упасці на тратуары каля смеццевай скрыні і трапіць у выцвярэзнік; назаўтра вернецца адтуль i зойдзе ў нашу кватэру не з думкай папрасіць выбачэння, а неяк здолець урваць грошы на піва, але... Але бацькі ўжо не будзе: яго ўночы зваліць інсульт.
На пахаванне ён не застанецца, з'едзе, i некалькі гадоў пра яго не будзе ні слыху ні дыху.
(Я ўбачыў сына Алеся С. летась, калі мы з удавой i некалькімі пісьменнікамі ездзілі на радзіму нябожчыка, — у школе, дзе той некалі вучыўся, адчыняўся яго невялічкі музей.
Дык вось з намі ў невялікім аўтобусіку ехаў i сын Алеся С. (усё яшчэ з чужым прозвішчам). Ён пры вітанні з кожным называўся: «Я — сын Алеся Іванавіча», лісліва зазіраў усім у вочы, быў нервовы, нейкі змучаны ці нават стузаны — як я потым уведаў, ён толькі што выйшаў з ЛПП i пакутліва перажываў ломку ў арганізме, што быў падкошаны ўжо алкаголем. Здаецца, ён працаваў грузчыкам у мэблевым магазіне, быў, як жартуюць ці кажуць ca смуткам, біч.