У школьным музеі сказалі слова чалавек з райвыканкама, настаўнікі, мы, літаратары, а таксама ўдава Алеся С., Аглая А. Пасля, як заведзена, зайшлі ў сталоўку i разам пасядзелі за багатым сталом (як я заўважыў, сын Алеся С. чаркі не браў, але чамусьці ап'янеў не менш за тых, хто крыху выпіў). Калі вярталіся дадому, мы, усцешаныя тым, як сціпла, але ад душы цёпла настаўнікі i дзеці ўшаноўваюць памяць свайго земляка, а нашага брата-літаратара, крыху пагаманілі, а пасля далі волю добраму настрою — песні. Надта ж хораша спяваў самы старэйшы сярод нас, народны пісьменнік — высокі і плячысты мужчына, сапраўдны беларускі асілак, у свае семдзесят гадоў жвавы, востры на слова, а часамі i вельмі калючы, майстра слова, — карацей, мы ўсе любаваліся ім, а ён, мабыць, быў проста ў добрым гуморы: «Аглаечка, я ведаю: ваш Алесь любіў спяваць, дык i я паспяваю». — «Спявайце, мілыя, — з сумотай i заадно з радасцю, што мы шануем яе і яе мужа, адказвала тая. — Сапраўды, Алесь любіў песню. Найперш народную. Ён i ў лагеры ды высылцы часта ратаваўся якраз песняю».
Нечакана, калі выпала паўза, сын Алеся С. пацягнуўся да нашага лідэра-спевака: «Товарищ, давай споем «По долинам и по взгорьям».
Мы здзіўлена зірнулі на яго, бо гэтая яго просьба была зусім недарэчная — i ў дзень, калі ўшаноўвалі яго бацьку, i пад гэты настрой, калі спявалі тое, што само імкнулася з душы. Ніхто яму не сказаў ні слова; класік спахмурнеў, доўга маўчаў, мабыць, перажываў тое, што не магло цяпер не ўсплыць i не сціснуць душу (ён добра ведаў i пра жыццёвую адысею Алеся С., i пра яго варункі з сынам).
Пасля доўгага маўчання народны пісьменнік зноў падаў голас — ціхі, журботны: «По диким степям Забайкалья...»
Сын Алеся С. неяк счах, асунуўся, нібы зусім ужо стары, крыху паслухаў, а пасля прыхінуўся да сценкі аўтобусіка i неўзабаве адышоў у сон. Пачуўшы, што ён засоп, усе прыціхлі i ўжо да Мінска ехалі моўчкі, слухаючы, як гудзе матор, шыпяць колы па асфальце нашага аўтобусіка, як з гулам i ca свістам праносяцца сустрэчныя машыны. А пасля, мусіць, кожны паволі пачаў думаць пра сваё: у кожнага сваё жыццё-быццё, свае клопаты, удачы i няўдачы. Канечне, у гэтыя хвіліны не магло не кранаць душу жыццё Алеся С. ды не напаўняць яе болем, смуткам, а заадно нястрымнай прагаю жыць...)
Конюх Мікола — у старой, выбеленай ад вотруб'я фуфайцы, у падвязанай на патыліцы шапцы-вушанцы, якая ўнізе выпацела, выцерлася аб шыю i была без падкладкі, у гумовых ботах, чырванашчокі — вывеў з цёплай канюшні высокага, белага, з чорнымі плямамі на баках каня, падвёў яго да калёс i паставіў між аглабель.
— Дзякую, — сказаў Міхаіл Апанасавіч, бачачы, што конюх не толькі апускае долу лейцы, але i бярэцца за хамут, які ляжаў ужо на добра падмазаных калёсах. — Я сам запрагу.
— Ды ладна, мы — людзі не ганаровыя, паможам... А то, можа, ужо i забыўся, як ушчэмліваюць каня ў аглоблі... — пажартаваў вельмі вясёлы сёння Мікола, мігам беручы хамут i нацягваючы яго на задраную ўверх конскую галаву, а пасля пераварочваючы гужамі ўніз. — Станеш гаспадаром у Каці, то на чарку калі заклічаш.
«Хоць крыху i старэйшы я па гадах, але настаўнік пачатковых класаў, а ix не так цэняць, як настаўнікаў старэйшых класаў. Словам, не надта салідны... — падумаў Міхаіл Апанасавіч. — Вось ён так смела i гаворыць са мною, пакеплівае...»
— Чаго маўчыш, як вады ў рот набраў? — як здзівіўся Мікола, папраўляючы пад хамутом конскую грыву, зірнуў, шырока раскрываючы белазубы рот, вышэй i ніжэй якога сінелася густая невялікая шчэць. — Мусіць жа, ужо добра прыгрэўся ля яе? Га? Недарэмна, я табе скажу, зусім недарэмна, — пры гэтым ён хітра прыжмурыў левае вока, — яна ўхапіла цябе ў кватаранты. Нябось хлопца якога маладога ці дзяўчыну не ўзяла, а цябе во, сталага, пад свае гады, так сказаць, прыняла...
— Трэба ж i мне, прыезджаму, недзе жыць... — заступіўся i за сваю маладую, працавітую, што пчала, гаспадыню, i за сябе сарамлівы Міхаіл Апанасавіч. — Так што не трэба абы-што гаварыць на спагадлівую жанчыну... — прамовіў, накруціў, падкарочваючы, гуж, падняў аглоблю i ўсунуў у гужавую пятлю дугу, другі канец цераз конскую шыю падаў Міколу, які гэтаксама ўжо накруціў гуж, зачапіў ім за дугу, ад чаго клешчы хамута шырока раз'ехаліся.
— Трэба-то трэба, гэта ясна... — загуў Мікола, каленам ціснучы ўжо на правы клешч. — Але ж яна — ты толькі не абіжайся, — я табе скажу, ніколі кватарантаў не брала. А гэта ні з таго ні з сяго падахвоцілася... Цяпер, брат, уся вёска гаворыць... I не толькі нашы Міланькі... Не злуй, калі табе гэта не надта будзе наравіцца, але я табе скажу: я добра ведаю, чаго яна хоча... Яшчэ як ведаю, я табе скажу... — Ён заматаў ужо на клешчы пасак, завузліў яго, ад чаго дуга зусім сціснулася ды выгнулася. — Часта прыходзіла дагэтуль да мяне то каня папрасіць, то баразну якую разараць... Пашчыплеш у кладоўцы за бакі — дык рагоча, я табе скажу... Вот што я табе скажу, а ты сам кумекай, — бо ў цябе не мая дурная, а разумная галава, — што гэта значыць...