— Выба-ачайце ка-алі ла-аска, — сьпеўна азваўся юнак, а праз хвілю, калі пан у кацялку пакульгаў далей, высалапіў за яго сьпінай язык.
Далей нейкая рабая, страшэнна худая дзяўчынка вядзе на шворцы два сабакі. Часта нахіляецца і нешта кажа ім ненатуральным, шапялявым голасам — як да дзяцей.
Усе сьпяшаюцца. Вочы блукаюць. Нэрвовыя рухі, часта бязмэтныя. Твары заклапочаныя. Усьмешкі ненатуральныя, быццам намаляваныя.
Галасы поўныя злосьці ці зачараваньня, альбо — пры халодных, варожых позірках — штучнага «мёду».
Я спыняюся перад вялізнай вітрынай крамы. За тоўстым, бліскучым шклом на зялёным тле аксаміту маляўніча раскідана мноства модных дробязяў жаночага туалету. Панчохі, кашулькі, блюзы, торбачкі, бюстгальтары, парасоны, рукавічкі… як кветкі на лузе. Усё зіхаціць, б’е ў вочы, кліча. Усё выраб цывілізацыі — яе тэрмомэтар. А пасярэдзіне нахабна раскірэчыліся майткі — штандар цывілізацыі. Гляджу на іх каляровыя банты, на хвалю карунак. Лыкаю сьлінай, чуючы голад. Колькі гэта каштуе? Колькі хлеба за гэта можна купіць? Раптоўна заўважаю ў адбіцьці вітрыны, як у люстэрку, востры позірк, які вывучае выраз на маім твары. Пераводжу погляд управа. Бачу прыжмураныя, «аналізуючыя» вочы і іранічную ўсьмешку дзяўчыны з тэчкай пад пахаю. Напэўна, студэнтка… Разумніца… Падумала, што я эратаман.
Іду далей. Велічэзная вітрына кнігарні. Кнігі, кнігі… Колькі кніжак! Хто іх чытае і хто піша? Хацеў бы пабачыць тых, хто піша кнігі. Напэўна, таксама вар’яты…. Ня дам веры, каб цалкам разумова здаровы чалавек напісаў гэткую кнігу, як вось тая, тоўстая…. Маю ўвагу прыцягнула каляровая анатамічная табліца, на якой намалявана чалавечая галава ў разрэзе. Зацікавілі мяне мазгі. Дзіўна выглядаюць! Памацаў сябе па чэрапе. Калі націснуць пальцамі на тую шэрую масу, засталіся б угнутасьці. Памёр бы ад гэтага ці звар’яцеў. Гэта жахліва: нашы думкі, учынкі, культура… усё, усё залежыць ад кіляграму і некалькіх сот грамаў гэтай брыдкай субстанцыі. Нешта ў ёй ёсьць, што кіруе намі, што стварае наш інтэлект. Я таксама маю гэтую цудоўную масу. Бязьмежна цудоўную, бо ў ёй ёсьць паняцьці, якія — злучаныя ў пэўныя групы — могуць даць адказ на найбольш заблытаныя пытаньні жыцьця. Яны ёсьць у кожнага з нас у мазгах. Але каб мазгі маглі разважна працаваць, трэба, каб чалавек меў ежу. А я — шчасьлівы ўладальнік такога цудоўнага органу пазнаньня — ня маю што зьесьці. Трэці дзень я галодны і ня ведаю, калі пашчасьціць паесьці. Адчуваю, што паліць мяне гарачка. Напэўна, блішчаць мае вочы — голад лепшы за атрапін.
Сёньня я ранкам сядзеў у сквэры. Сонечныя промні, праціскаючыся праз густую столь ліствы, бавіліся і танчылі на шырокіх сьцежках. У паветры патыхае. Вясна… Да маёй лавы набліжаецца тоўстая цётка, ведучы за рукі хлопца і дзяўчынку. Села і пачала разьвінаць малы пакунак. Дала дзецям па булцы, шчодра намазанай маслам і абкладзенай тоўстымі скібкамі шынкі. Другі сьняданак на сьвежым паветры. Дзеці неахвотна, паволі елі. Майго носу дасягаў смачны, спакусьлівы смак печанага цеста й шынкі. Чуў хрумстаньне і чвяканьне. Адварочваў галаву, каб ня бачыць дзяцей, якія елі. Мог бы ўзьняцца і сысьці, але лічыў, што могуць здагадацца пра падставу маіх «уцёкаў». Застаўся. Дзеці елі паволі. Падахвочаныя маткай. Дзяўчынка капрызіла. Раптам — лічу, што зрабіла гэта наўмысна — выпусьціла з рук булку, якая пакацілася па жвіры. Прысела, зьбіраючыся яе ўзьняць.
— Ня трэба, яна брудная, — сказала маці.
Потым пабрала дзяцей за рукі й адышла. Булка засталася на зямлі. Я бачыў выдушанае зь яе масла і кавалак тоўстай лусты шынкі. Голад падштурхоўваў мяне ўсхапіцца і як мага хутчэй падняць булку, у якой была зьедзена заледзьве чацьвёртая частка. Але я пабачыў двух мужчын, што ішлі за дваццаць крокаў ад мяне. Адзін быў у шэрым гарнітуры і меў ссунуты на патыліцу саламяны капялюш. Другі быў у карычневым гарнітуры і кацялку. На яго нагах былі вялікія, жоўтыя, спартовыя чаравікі на падвойных падэшвах.
Я чакаў, пакуль яны пройдуць, каб потым падняць булку. Я намагаўся надаць абыякавы выраз свайму твару, каб яны не здагадаліся аб маім намеры. Яны былі блізка. Зараз прамінуць мяне. Раптам (што за паскудзтва) мужчына ў карычневым гарнітуры зрабіў крок управа і раздушыў падэшваю булку, расьціраючы яе на жвіры. Я адчуў моцны боль у грудзях. Моцна сьціснуў пашчэнкі. О, калі б мог яго выцяць! Колькі разоў на фронце страляў па людзях, якія не зрабілі мне ніякай крыўды! А гэты, гэты…
Вечарэе. На вуліцах запальваюцца шэрагі ліхтароў. Блішчаць сьветлавыя рэклямы. Вітрыны крамаў зіхацяць сакавітай мазаікай барваў.
Каля кіно людзкі тлум. Аглядаюць каляровыя афішы і кадры з фільмаў у зашклёных вітрынах. Вуліца набывае прывабнасьць. Зачароўвае. Узбуджае фантазіі. Дадае адвагі… Гінуць сьляды нэндзы, штодзённасьці. Прадзіраюся скрозь натоўп прыгожа прыбраных людзей. Іду паволі, бо ня маю куды ісьці, ніхто мяне не чакае. Раптам дзявочы голас збоку, поўны радасьці, паклікаў мяне:
— Пане Міхале!
Я хапатліва абярнуўся. Убачыў бліскучыя вочы і мілую ўсьмешку. Зрабіў крок у яе напрамку.