І гэтым разам мы доўга сядзелі ў шынку. За вячэру заплаціў Колька, хаця я пярэчыў. Але ён сказаў, што запрашу яго тады, калі мне лепш пашчасьціць. Мы дамовіліся, што буду час ад часу прыходзіць у більярдную залю, а Колька, калі гэта будзе магчыма, згуляе для мяне «на спуск». Акрамя таго, ён даў мне свой адрас, каб я мог напісаць ліст, калі надарыцца пільная патрэба пабачыцца зь ім.
8
Наступнага дня, незадоўга перад шостай гадзінай, Рэванскі пагрукаў да мяне і запрасіў у сваю майстэрню. Ён быў у вельмі добрым настроі й радасна пацёр рукі.
— Трэцяя сэрыя, пане, выйшла першай клясы! Усе позы і ўсе здымкі добрыя. Магу лёгка сабраць камплект.
— Таму ня будзем сёньня працаваць?
— Ну так. Я абяцаў вам, аднак, даць па дзесяць тысяч. Я заўсёды трымаю слова. Але сёньня мы папрацуем крыху і толькі для экспэрымэнту. Зробім некалькі забаўных здымкаў. Хачу таксама пачаставаць вас каваю.
— З каньяком?
— Але. Гэта падбадзёрвае, і работа спорыцца.
Рэванскі даў мне апошнія здымкі й пачаў запарваць каву. Я праглядаў фатаздымкі і пераканаўся, што ўсё цудоўна. Я досыць добра ўжо ў тым быў абазнаны, на падставе мноства папярэдніх тлумачэньняў Рэванскага. Тым часам ён сказаў:
— Адкладзіце ў бок тыя фатаздымкі, на якіх вы пазнаяце свой твар альбо Сабінін. Можа выдалім іх альбо паўторым здымкі з тварамі ў іншы бок.
Я ня здолеў нідзе пазнаць свой твар. Затое твар мадэлькі лёгка пазнаваўся на двух здымках. Я зьвярнуў на гэта ўвагу Рэванскага. Той агледзеў уважліва фатаздымкі й сказаў:
— Адзін здымак выдалю з сэрыі. Але другі паўторым, бо ён вельмі цікавы… Яна цудоўная мадэлька. У кожнай позе эстэтычная. Калі мне пашчасьціць знайсьці добры збыт на гэтыя сэрыі, вырабім некалькі наступных. Узровень вельмі высокі: яны могуць нават пайсьці за мяжу.
— Калі вы едзеце ў Варшаву?
— Напрыканцы наступнага тыдня. Можа, пашчасьціць мне знайсьці там жытло для сябе. Але, вядома, я вярнуся — і калі трэба будзе, папрацуем яшчэ. Можа, тады заплачу вам лепш, чым цяпер, бо цяпер ня меў з гэтага ніякай карысьці, толькі выдаткі. Акурат таму я сьпяшаюся выехаць.
Сабіна трохі спазьнілася. Яна была ў вельмі добрым настроі. Калі прывіталася з намі, яна зьвярнулася да Рэванскага:
— Сёньня магу працаваць нават да дванаццатай, бо вольная ажно да панядзелка. Можа, скончым работу цалкам.
— Работа ўжо скончана, — сказаў Рэванскі. — Здымкі выйшлі добрыя. Есьць поўная сэрыя. Паўторым толькі адзін, каб схаваць ваш твар, і зробім некалькі падрыхтоўчых здымкаў для іншых сэрый. Мяркую, што мы яшчэ папрацуем разам у будучыні.
— Тады — да працы! — весела сказала Сабіна.
— Напачатку вып’ем кавы. А для большага настрою — трымайце па дзесяць тысяч. Маю надзею, што вы задаволеныя.
Ён даў нам грошы, а пасьля растлумачыў коратка, якія новыя здымкі хоча зрабіць. Пасьля выпітай кавы і некалькіх кілішкаў каньяку мы ўзяліся за працу. Нам пайшло лёгка. Да восьмай гадзіны паўтарылі папярэдні здымак і зрабілі некалькі экспэрымэнтальных. Сабіна пазавала весела і сама падказала Рэванскаму ідэі дзьвюх камічных сытуацый.
А восьмай гадзіне мы разьвіталіся з нашым шэфам. Выйшлі разам зь яго кватэры. Сабіна ўзяла мяне пад руку і сказала:
— Замест заўтра буду спаць у цябе сёньня.
— Выдатна! Вельмі рады.
— Бо заўтра хачу пайсьці на цэлы дзень да сынка. Гэта маё найвялікшае шчасьце. Але спаць яшчэ рана. Хадзем на шпацыр і, можа, зойдзем куды на вячэру, да якой ціхай кавярні. Бо гэта нашае разьвітаньне. Можа, ніколі ня ўбачымся больш.
— Калі захочаш, то ўбачымся.
— Не, хлопча, не захачу. Знайдзі сабе маладую дзяўчыну і кахайся. А мне штосьці іншае ў галаве. Але сёньня буду думаць, што ты мой муж.
У малой рэстарацыі мы зьелі добрую вячэру. Сабіна нават прапанавала выпіць гарэлкі. Сказала:
— Як закруціцца мне галава, дык забудуся на ўсе непрыемнасьці.
Я зьбіраўся заплаціць за вячэру, але Сабіна захацела, каб абладзілі гэта «па-сяброўску». Потым мы пайшлі ў напрамку майго жытла. У нейкі момант, ідучы супрацьлеглым ходнікам, я зірнуў уверх, на вокны бібліятэкі. Я рабіў гэта часта раней, але ніколі не заўважаў у іх другі раз сьвятло. Затое сёньня я выразна бачыў, што вокны ў маім пакоі асьветлены зь сярэдзіны. Сьвятло было слабейшым, чым у іншых вокнах камяніцы — дакладна такое самае, як бачыў папярэднім разам. Сабіна зьдзівілася, што я перапыніў зь ёю гутарку. Зірнула таксама ўверх:
— Што ты там такое ўбачыў?
Я не хацеў казаць ёй, у чым справа, бо баяўся, што не захоча застацца ў мяне на ноч. Паказаў рукою ўверх і сказаў:
— Вельмі прыгожая сёньня ноч. Зірні, якое прыгожае неба!
— Можа, яшчэ пашпацыруем?
— Ахвотна, калі ты не стамілася.